На выходных на тэрыторыі ваеннай часткі “3214” завяршыўся чэмпіянат Беларусі па муай-тай. Сенсацыі не адбылося: топавыя байцы краіны яшчэ раз даказалі, што яны найлепшыя. Наперадзе — чэмпіянат свету ў Швецыі (IFMA) і новыя выклікі. Якой цаной даецца ў чарговы раз перамога, каму прысвячаюць яе чэмпіёны, а таксама самыя відовішчныя моманты турніру — у нашым матэрыяле.
Анастасія Калашнікава, чэмпіёнка краіны ў вагавай катэгорыі 48 кг:
“Муай-тай вельмі дапамагае падчас працы на “Хуткай дапамозе”
— Я вельмі сур’ёзна рыхтавалася да чэмпіянату краіны. Перамагаць — заўсёды прыемна. Гэта проста нерэальныя пачуцці! Асабліва праз тое, што адабралася на чэмпіянат свету ў Швецыю. Я цвяроза ацэньваю свае магчымасці: добра ведаю, над якімі памылкамі яшчэ трэба працаваць ды працаваць. Кожны сам ставіць перад сабою мэты і спрабуе дасягнуць іх. Для мяне кожны бой — гэта выклік самой сабе: здолею я ці не быць такою, як топавыя байцы муай-тай. Мне вельмі прыемна, што сведкам маёй перамогі быў бацька. Ён зазвычай не наведвае мае спаборніцтвы, а тут адмыслова адпрасіўся з працы і прыйшоў мяне падтрымаць! Перамогу адзначылі з вузкім колам блізкіх мне людзей, бо хутка на працу. Я — фельдшар “Хуткай дапамогі”. Што і казаць: праца складаная, і заняткі муай-тай вельмі дапамагаюць падчас яе, бо досыць часта нам даводзіцца ісці па лесвіцы некалькі паверхаў, пры гэтым, несучы з сабою апаратуру, якая шмат важыць. І без добрай фізічнай падрыхтоўкі тут аніяк. Да таго ж, трэніроўкі ўнутрана цябе супакойваюць і рыхтуюць да форс-мажорных абставін. Розныя ж выклікі бываюць: ты ідзеш да пацыента і не ведаеш, у якім стане ён знаходзіцца.
Дзяніс Ганчаронак, чэмпіён краіны ў вагавай катэгорыі 91 кг:
“Як можа сябе адчуваць баец, які не правёў ні аднаго бою?!”
— Пасля чэмпіянату ў мяне змяшаныя пачуцці. З аднаго боку — прыемна, што зноўку стаў чэмпіёнам. А з іншага — якім чынам мне дасталася гэтая перамога? Як можа пачувацца баец, які не правёў ні аднаго бою?! Мае супернікі наўпрост здымаліся са спаборніцтваў, таму я не адчуваю задавальнення…
Віталь Гуркоў, чэмпіён краіны ў вагавай катэгорыі 75 кг:
“Перамогу прысвячаю гурту Brutto і нашаму мінскаму канцэрту!”
— Я вельмі задаволены тым, што так паспяхова ўдалося вярнуцца на рынг. Мая перамога — гэта перамога старой беларускай школы муай-тай, і я ў ёй дырэктар. Паводле спартовых мерак я — пенсіянер. На рынгу мне супрацьстаялі ў асноўным маладыя супернікі. Так, пакуль, яны мне відавочна саступалі, але гэта толькі пакуль. Нам на змену прыходзяць таленавітыя байцы, у якіх, я веру, ёсць добры патэнцыял, каб праз пэўны час праслаўляць нашу краіну на розных міжнародных спаборніцтвах. Я буду вельмі шчаслівы, калі траплю ў склад нашай нацыянальнай зборнай і паеду на чэмпіянат свету ў Швецыю. Мяркую, я яшчэ не сказаў сваё апошняе слова на рынгу. Што тычыцца маёй перамогі, то прысвячаю яе гурту Brutto і нашаму мінскаму канцэрту!
Марыя Валент, чэмпіёнка краіны ў вагавай катэгорыі 60 кг:
“Час станавіцца чэмпіёнкай свету!”
— Настрой баявы, асабліва пасля перамогі нашага сямейнага дуэту (муж Марыі, Дзмітрый Валент, таксама стаў чэмпіёнам Беларусі ў вагавай катэгорыі 81 кг — удакл. аўт.) Але не расслабляемся, бо трэба сур’ёзна рыхтавацца да чэмпіянату свету. Я два гады запар прыпынялася ў адным кроку ад перамогі. Колькі ўжо можна?! Час рабіцца чэмпіёнкай свету! Заўсёды хочацца пасля спаборніцтва адзначыць перамогу, як мае быць. Але потым ты такі стомлены, што хаця б да канапы дайсці і адпачыць. Памятаю, як у мінулым годзе ў Тайландзе падчас чэмпіянату свету побач з нашай гасцініцай было шмат прывабных кавярняў і бараў, і мы з мужам планавалі там потым абавязкова пасядзець і адпачыць пасля цяжкіх баёў. Але дзе там! Ледзь да нумара дайшлі, выціснутыя, як лімон…
Дзмітрый Варац, чэмпіён краіны ў вагавай катэгорыі 67 кг:
“Значныя перамогі заўсёды прысвячаю сыну”
— Мне вельмі спадабаўся сёлетні чэмпіянат Беларусі, бо на свае вочы пабачыў шмат годных і моцных байцоў, з кімсьці з іх паспаборнічаў на рынгу. Асабліва ўразіў мяне паўфінал. Я люблю, калі захоўваецца інтрыга падчас бою, вось тады цікава спаборнічаць. На чэмпіянат свету ў мяне сур’ёзныя планы: паеду туды толькі за першым месцам! Усе свае значныя перамогі я заўсёды прысвячаю сыну. Вельмі хацелася б, каб ён працягнуў нашы спартовыя сямейныя традыцыі, але выбіраць толькі яму. Не істотна — будзе гэта спорт ці мастацтва, галоўнае, каб ён вырас годным чалавекам і быў адданы сваёй справе!
Ліна Мілаш
Фота Аляксандра Ждановіча (Фота бою В. Гуркова – Максіма Гаўрыленкі)