Роўна 95 гадоў таму, 22 сакавіка 1927 г., Вацлаў Ластоўскі выправіўся ў сваё самае апошняе падарожжа — пераехаў з Коўна ў сталіцу БССР. Разбіраемся, чаму так адбылося і ці магло б быць іначай.
Вацлаў Ластоўскі з’явіўся ў часовай сталіцы міжваеннай Літвы ўвесну 1920 года і першыя тры гады займаўся там палітычнай дзейнасцю, займаючы пасаду прэм’ер-міністра ўраду БНР. Ад’езд у Літву быў у пэўным сэнсе вымушанай мерай — Народная рада БНР, якую ачольваў Ластоўскі, пасля расколу снежня 1919 года, мела праблемы ўжо не толькі з бальшавікамі, але і палякамі. Тыя падтрымлівалі ўрад Антона Луцкевіча, а Ластоўскага разам з паплечнікамі кінулі за краты.
Вацлаў Ластоўскі
Знаходзячыся ў Коўна Ластоўскі актыўна шукае саюзнікаў беларусам у іхным змаганне за сваю нацыянальную дзяржаву, якая, на вялікі жаль, так і не стала сапраўднай рэальнасцю. Літоўцы не толькі не пярэчаць гэтым захадам, але і дапамагаюць. Пры гэтым важна разумець, што ў першую чаргу яны дбалі пра ўласныя інтарэсы, а беларускую справу разглядалі выключна як адзін са спосабаў іх дасягнення. Разам з тым нельга не адзначыць таго факту, што міжваенная Ковенская Літва — гэта дзяржава, дзе беларусаў не кідалі за краты і тым больш не расстрэльвалі толькі за тое, што яны беларусы.
Першы нумар часопіса «Крывіч», 1923 год
У красавіку 1923 года ўрад БНР Ластоўскага падае ў адстаўку, а на змену яму прыходзіць новы — начале з Аляксандрам Цвікевічам. Мера таксама была шмат у чым вымушаная, бо Ластоўскі не карыстаўся вялікай папулярнасцю як палітык, і да такога кроку яго вымушалі абставіны. Пасля адыходу ад палітычнай дзейнасці Власт канцэнтруецца на тым, што ў яго дакладна добра атрымліваецца — культурніцкая, навуковая, літаратурная і выдавецкая дзейнасць. І вось тут ужо дапамога літоўцаў вельмі дарэчная, бо менавіта на іхныя грошы яна, дзейнасць, і будзе ажыццяўляцца.
Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік, 1924 год
З чэрвеня 1923 года пачынае выходзіць «месячнік літаратуры, культуры і грамадскага жыцця» — часопіс «Крывіч», які Вацлаў Ластоўскі будзе рэдагаваць са сваім сябрам Клаўдзіем Дуж-Душэўскім. Выданне паставіла сабе вельмі амбітную мэту — давесці беларусам альтэрнатыўную ідэнтычнасць. Замест «Беларусь» і «беларусы» назвацца «Крывія» і «крывічы» адпаведна. У гэтай спробе звароту да сівой даўніны няма нічога дзіўнага — будучы гарачым прыхільнікам беларуска-літоўскага сяброўства, Ластоўскі разумеў, што беларусы літоўцамі ці літвінамі назвацца ўжо не змогуць, нават калі вельмі захочуць гэта зрабіць. А да ўсяго яму яшчэ яўна хацелася паказаць старажытнасць нашага народу. І ў прынцыпе ў гэтым няма нічога кепскага, так робяць усе нацыі ў часе свайго афармлення. Іншая справа, што ад пачатку была зразумелая параза адчайнай спробы Власта стварыць новую ідэнтычнасць. Бо ўжо існавала Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў складзе СССР, а ў Другой Рэчы Паспалітай была нефармальная Заходняя Беларусь. Для старасвецкай Крыўі ў такіх варунках наўрадці б знайшлося месца.
Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі, 1926 год
У 1924 годзе Ластоўскі выдае «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік», якім некаторыя літаратары карыстаюцца і да гэтай пары, шукаючы там прыгожыя і незвычайныя словы. Цікавыя ў ім не толькі ўласна словы, але таксама і праграмная прадмова ўкладальніка. А ў дзясятым нумары «Крывіча», які пабачыў свет у 1925 годзе, прапаноўваецца да набыцця спіс з 25 пазіцый: тут табе і класіка беларускай літаратуры, і сучасныя кнігі, і падручнікі, і пераклады.
Травелог пра паездку ў БССР на моўную канферэнцыю, 1927 год
У 1926 годзе пабачыць свет грунтоўная «Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі» на болей чым сем сотняў старонак, якая стваралася некалькі гадоў. Ну і вішанька на торце: менавіта ў першых нумарах згаданага «Крывіча» была ўпершыню апублікавана аповесць «Лабірынты» — самы вядомы твор Ластоўскага.
І тым не менш справы ў Ластоўскага, які адзін працаваў за некалькі ўстановаў, ідуць не самым лепшым чынам. Ён усё часцей адчувае сваю адзіноту і пакінутасць. Не складаюцца справы і з ковенскім беларускім асяродкам, найперш з прыхільнікамі Аляксандра Цвікевіча. Ды і сама беларуская справа пакрысе пачынае губляць сваю актуальнасць для літоўцаў. Яны болей не хочуць выдаткоўваць на яе грошы.
У апошнім нумары «Крывіча», які датуецца чэрвенем 1926 — сакавіком 1927 года ёсць паэтычная нізка Власта, а там верш «У час аблогі», які добра характарызуе тагачасны настрой аўтара:
У час аблогі
На грудзе, акружаным глыбокаю вадой, я горад збудаваў.
Змацаваў яго дубоваю сьцяной, байніцамі, на зводах мост уздоймны палажыў. У клеці зьвёз усякага дабра, — калі б на грод лягла аблога...
І вояў здрадных, лжывых я разьлічыў, каб зь вернаю дружынай толькі дзяліць мой белы й чорны дзень...
І от нахлынуў вораг многі.
Ударыў я у звон трывожны.
Дзынеў патужна цяжкі сьпіж...
Аднак на клік мой зоўны ніхто ка мне не пасьпяшыў:
У горадзе маім — такім мацоўным — адзін я быў!..
У лістападзе 1926 года Ластоўскі праз Латвію выяздажае ў савецкі Мінск на знакамітую канферэнцыю па ўнармаванні беларускага правапісу. Паездка яго настолькі ўражвае, што ён пакідае пра яе каларытныя ўспаміны ў тым самым апошнім нумары «Крывіча». З яе мы ведаем, як Ластоўскі дабіраўся да сталіцы БССР і што там рабіў.
Высновы ён робіць цалкам сабе адназначныя — Мінск, хочаш не хочаш, адзіны цэнтр збірання беларускіх земляў і нацыянальнага культурніцкага жыцця. І ў сваіх меркаваннях ён, відаць, мала памыляўся, бо гэта быў самы разгар беларусізацыі, якая, ясная справа, не магла не ўразіць Ластоўскага.
Да ўсяго дадалася яшчэ адна падзея — дзяржаўны пераварот у Літве ў снежні 1926 года, у выніку якога да ўлады прыйшоў Антанас Смятона з літоўскімі нацыяналістамі — «таўціннікамі». Беларусаў тыя не чапалі, але спадзявацца Ластоўскаму хаця б на нейкую істотную падтрымку ад іх не выпадала.
Таму, вырашыўшы ўсе справы ў Коўна, Власт перабіраецца вясной 1927 года ў савецкі Мінск. У другім нумары ковенскага часопіса «Покліч» за люты-сакавік 1927 года можна знайсці дакладную дату ад’езду з часовай літоўскай сталіцы — 22 сакавіка.
Ужо ў красавіку Ластоўскі атрымае працу. Тры гады ён будзе займацца навукай у БССР, пакуль яго не арыштуюць летам 1930 года па выдуманай справе Саюза вызвалення Беларусі. Спачатку ён будзе асуджаны на высылку, якую будзе адбываць у Саратаве разам з былым наркамам працы ў першым урадзе БССР Язэпам Дылам, а потым яго наогул расстраляюць.
Ці магло б быць іначай? Вядома, магло. Ластоўскі мог бы застацца ў Коўна і далей працягваць рабіць хаця б нешта для беларускай справы, як гэта рабіў той жа Клаўдзій Душ-Дужэўскі. Але ці задаволіла б яго такая сціплая роля? Наўрадці...
Канстанцін Касяк, budzma.org