Куратарка і арт-менеджарка Вольга Мжэльская запусціла спецпраект пра польскае мастацтва

Куратарка, арт-менеджарка і аўтарка праекта «Размовы маленькага геданіста» Вольга Мжэльская прадставіла цыкл сюжэтаў пра польскае сучаснае мастацтва. Першы эпізод з праекта з’явіўся ў яе Інстаграм, піша reform.news.

Voĺha Mžeĺskaja
Скрын з відэа

«Мастацтва любой краіны — гэта люстэрка яе грамадства: яго праблем, трывог і каштоўнасцей, — распавяла пра новую серыю рэпартажаў з арт-падзей Вольга Мжэльская. — Для беларусак і беларусаў, якія, як і я, па розных прычынах пераехалі жыць у Польшчу, наведванне выстаў і культурных падзей можа стаць спосабам знайсці кропкі судакранання, лепш зразумець краіну і натхніцца.

Многія з вас ужо былі на маіх экскурсіях па розных выставах у MSN і іншых інстытуцыях, але дзякуючы гэтаму спецпраекту я магу рабіць гэта анлайн і для значна шырэйшай аўдыторыі», — дадае аўтарка.

Адметна, што новая серыя рэпартажаў выходзіць па-беларуску. Плануецца дзесяць эпізодаў цыкла.

Вольга Мжэльская — куратарка, арт-менеджарка, сузаснавальніца ініцыятывы Dyslexia Belarus. Жыве ў Варшаве. Адныя з гучных выстаў, якія курыравала дзяячка — выстава Ігара Цішына «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі» ў Музеі вольнай Беларусі, выстава «209 дзён шэрага» Ташы Кацуба ў галерэі Galeria Promocyjna, «Past Garden» Рамана Камінскага у HOS gallery. Актыўна займаецца прамоцыяй беларускіх мастакоў і мастацтва.

Глядзець новы праект Вольгі можна тут.