«Каб не было дарогі назад». Гурт VOLSKI анансаваў альбом «Лісты палітвязням»

27.09.2023 Музыка

26 верасня гурт VOLSKI афіцыйна абвясціў старт працы над новым музычным альбомам «Лісты палітвязням», паведамляе «Наша Ніва». Гэта грамадска-музычны праект, які ствараецца сумесна з беларускімі ініцыятывамі «Палітвязынка» і «Дысідэнтбай». 


Лісты палітвязням
Фота Дар'і Каляды

У альбоме плануецца 12 твораў пад назвамі «Ліст №1…», «Ліст №2…». Аўтары праекта з ліку музыкаў і ініцыятыў, якія ўздымаюць праблемы палітвязняў, заклікаюць пісаць лісты палітычным зняволеным рэгулярна, нягледзячы на цяжкасці. Гэта праява салідарнасці, якая дае агромністую сілу як нашым героям, так і беларускаму грамадству агулам.

Лявон Вольскі
Лявон Вольскі. Фота Дар'і Каляды

Што канкрэтна VOLSKI хоча сказаць людзям праз новы альбом, расказаў аўтар песень і лідар гурта Лявон Вольскі:

«У Беларусі больш за 1726 чалавек з палітычных прычын утрымліваюцца за кратамі ў нечалавечых умовах.

Кроў стыне, калі чытаеш, як катуюць палітзняволеных… Гэта фашыстоўскія рэчы. 

Пра гэтую дзікую абсалютна з’яву трэба памятаць і заўсёды казаць, прыцягваць увагу, у тым ліку сусветнай грамадскасці. Хоць людзі і стаміліся ад навін пра вайну і рэпрэсіі.

Мы маем усведамленне, што такі музычны праект неабходны, бо людзі забываюцца пра палітзняволеных.

Маўляў, сядзяць там — ну і сядзяць. Казалі раней, калі садзілі на тры гады: ой, ды не адседзяць яны гэтага тэрміну… Але людзі ўжо адседзелі і выйшлі. І з былымі палітвязнямі трэба размаўляць пра гэта.

Для XXI стагоддзя беспрэцэдэнтная сітуацыя ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Каб рэпрэсіі не паўтараліся, пра гэта мусіць ведаць як мага больш людзей».

Творцы даўно планавалі гэтую грамадска-музычную кампанію, некаторыя напрацоўкі песень ужо ёсць. А цяпер адбываецца выхад з ценю.

«Я мушу пра гэта сказаць афіцыйна, каб не было дарогі назад», — самаіранічна зазначае Лявон Вольскі. 

Запіс альбома плануецца ў Вільні.

За абнаўленнямі і працай над альбомам «Лісты палітвязням» можна сачыць на сацыяльных платформах гурта VOLSKI ў YouTubeTelegramInstagramFacebook.