— Мы тут галоўныя, гэта мы вырашаем, што спяваць, — бескампрамісна жартаваў са сцэны начнога клуба «Куба» ў Магілёве Лявон Вольскі. Упершыню за 10 гадоў артыст адправіўся ў тур па Беларусi, 29 красавіка ён выступіў у горадзе на Дняпры. Разам з ім на сцэну выйшлі Павел Трыпуць (гітара), Алесь-Францішак Мышкевіч (бас), Павел Мамонаў (барабаны) — музыкі працуюць разам у рамках праекта Volski.
У трэк-ліст канцэрта ўвайшлі песні з альбомаў N.R.M., «Мроі» і сольнікаў самога Вольскага. «Куба» была набітая, народ з задавальненнем слэмiў пад сцэнай, падпяваючы словы, але, здавалася, артыстам гэтага было мала. Лявон настойліва ўгаворваў далучыцца да руху на танцпляцы і тых, хто сядзеў на бары або сціпла слухаў, звешваючыся з парэнчаў другога паверха начнога клуба. Быццам нельга вось так проста слухаць і не пускацца ў поўны адрыў пад «Тры чарапахі», «Паветраны шар», «Каханне» ці «Лёгкія-лёгкія».
— Ну, не хочаце — як хочаце, прымушаць не будзем, у нас жа дэмакратыя, — пажартаваў у выніку Вольскі, чым выклікаў сапраўдны выбух рогату.
Аўдыторыя музыкі вырасла разам з ім: многія прыйшлі на канцэрт з дзецьмі. Радуе, што ў зале, як і падчас ранейшых яго выступленняў, было шмат маладых людзей і бел-чырвона-белых сцягоў. Гэта значыць, што артыст цікавы не толькі тым, чыя маладосць прайшла пад яго хіты, і, можа быць, у Беларусі ўсё яшчэ ёсць шанец.
Вольскі не проста запаліў — ён паказаў, што пораху ў ім больш, чым у многіх маладых музыкаў: нават струны парваў падчас канцэрта. Даўнютка «Куба» такога не бачыла, а музыкі тут выступаюць часта. Дзякуй, дзядзька Лявон, было крута!
Іра Тонева, Марыя Гілёва