Фота з Фэйсбука Лявона Вольскага
Верш #2:
Адзін у анлайне часткова.
Другі ў недасяжнасьці цалкам.
Ня вымавіць soul ні слова
Ў краіне разбураных замкаў.
Патрушчаных замкаў руіны
Плывуць па-над плошчай ці пожняй.
Твайго прыцягненьня краіна
Прамень дасылае апошні.
Ты потым чакаеш на “потым”.
Яно за дзьвярыма, за дротам,
У нетрах крывой пэрспэктывы,
У спэктры праспэктаў вірлівых
Ці ў статыцы дрэваў і стрэхаў,
У сумесі страхаў і сьмехаў,
У вечным няўпэўненым “заўтра”,
Заўжды пра якое казаў ты,
Якое прыходзіць, і раптам
Ты бачыш, што нейкі ты раб там
Шаблёну, стасункаў, сыстэмы...
Састылі гарачыя тэмы
І трэнды, і фэйкі, і мэмы,
І вострыя звонкія кпіны,
І хто там сьмяецца апошні?
Разбураных замкаў руіны
Плывуць па-над сьвежаю пожняй.