Пакуль у Беларусі актыўна абмяркоўваюць вышыванкі і арнаменты, у Польшчы мода на этнавопратку, у тым ліку беларускую, набірае абароты. У Беластоку з’явіўся новы брэнд Xoroshe, чыё адзенне з традыцыйнымі беларускімі і польскімі арнаментамі імкліва набірае папулярнасць у Польшчы. “Будзьма” паразмаўляла з жыхаркай Падляшша, стваральніцай брэнда адзення Xoroshe Магдаленай Петрук пра “вышыванкавы бум” і моду на этнічнае адзенне.
– Чаму вы вырашылі звярнуцца да традыцыйных арнаментаў? Наколькі верагодна, што такога кшталту вопратка можа стаць насамрэч моднай?
– Кожнаму чалавеку патрэбнае пачуццё прыналежнасці, адчуванне таго, кім ён ёсць і адкуль ягоныя карані. Традыцыйныя ўзоры ў модзе таму, што гэта адзін са спосабаў выказвання вернасці сваёй малой Бацькаўшчыны. Асабіста для мяне такой малой айчынай з’яўляюцца Падляшша і Палессе, як з беларускага, так і з польскага боку. Можна заўважыць, што моладзь стамілася быць грамадзянамі свету і ўсё часцей цікавіцца тым, што блізкае, сваё, традыцыйнае. Народныя, рэгіянальныя строі былі надзвычай модныя ў 1914 годзе, жанчыны дзяліліся ўзорамі фартушкоў, вышывалі багата аздобленыя сарочкі, таму што тыя вышыванкі былі не толькі прыгожыя, але і модныя. Мы прывыклі ўспрымаць моду таго часу як штосьці музейнае, ізаляванае ад катэгорый сучаснага мыслення, а чаму ўзоры нашых бабуль не маглі б вярнуцца ў форме гарадской моды ў 2014 годзе?
– Вы выкарыстоўваеце не толькі польскія, але і беларускія арнаменты. Ці падкрэсліваеце вы іх беларускую прыналежнасць?
– Мяне натхнілі арнаменты, тыповыя для беларускай меншасці ў Польшчы, уласна на Падляшшы. Што цікава, нягледзячы на тое, што праз гэты рэгіён прайшла дзяржаўная мяжа, такія самыя ўзоры дасёння можна знайсці ў ваколіцах Кобрына і Берасця.
– Каго вы лічыце сваёй мэтавай аўдыторыяй?
– У першую чаргу падляшукоў, палешукоў і беларусаў наогул, але спадзяюся на тое, што нашыя ўзоры такія харошыя і арыгінальныя, што знойдуць сваіх прыхільнікаў і выйдуць за межы нашага культурнага рэгіёна. Першыя праявы цікавасці да маёй калекцыі ўжо прыходзілі, напрыклад, з Капенгагена.
– Наколькі тэма “народнай вопраткі” вострая ў Польшчы?
– Мая фірма сустракаецца з вялікім зацікаўленнем. У Польшчы пануе мода на этнадызайн, і асучасненыя фальклорныя рэчы. Асабліва папулярныя ўзоры такіх рэгіёнаў, як Кашубы, Ловіч, Курпе, а таксама ўсё тое, што асацыюецца з горскімі рэгіёнамі на поўдні Польшчы. Хацелася б, каб падляшска-палескія ўзоры сталі такімі ж папулярнымі.
– Ці чулі вы пра “вышыванкавы” бум у Беларусі?
– Так, я чытала пра гэта на Будзьме (смяецца).
– На вашую думку, ці чакае такога кшталту вопратку адраджэнне?
– Безумоўна.
– Як і дзе можна замовіць вашую прадукцыю?
– Вопратку Xoroshe можна набыць у Беластоку, у інтэрнэт-краме www.xoroshe.pl, а ў Беларусі можна будзе купіць праз краму www.prastora.by.
Юрась Ускоў
Фота Павал Тадэйка, ©Xoroshe , капіяванне без дазволу Xoroshe забаронена.