Папулярна і модна? Гэта, падавалася б, пра новую тэндэнцыю — пазітыўнае выхаванне дзіцяці. Спецыялістаў у гэтай галіне пакуль мала, і гэтым займаюцца ў асноўным энтузіясты. Адна з такіх групаў утварылася ў Жлобіне (Гомельская вобласць). Ініцыятыва называецца «Вучыцелькі.бай» («Училки.бай» па-руску) і аб’ядноўвае педагогаў-псіхолагаў, настаўнікаў-дэфектолагаў, настаўнікаў-прадметнікаў і класных кіраўнікоў са Жлобіна.
Але не спяшайцеся забіваць гэты адрас у браўзер — гэта проста назва, і такога сайта пакуль няма.
Адна са стваральніц ініцыятывы, педагог-псіхолаг дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 13 г. Жлобіна» Таццяна Говар — аўтар праекта «Школа для падлеткаў “Знайдзі сваю справу”», кіраўнік ініцыятыўнай групы «Вучыцелькі.бай», аўтар адукацыйнага курса для бацькоў «Супермаці, супертата». Але на распрацоўку гэтых курсаў яе падштурхнулі зусім не вясёлыя рэчы.
Пазітыўнае выхаванне — крок у будучыню
Па яе словах, настаўнікаў цяпер турбуе агульная праблема — павелічэнне колькасці канфліктаў ва ўстановах адукацыі з праявамі фізічнага гвалту сярод навучэнцаў. Гэта бойкі, агрэсіўныя паводзіны, дэманстратыўнае непадпарадкаванне, прыступы гневу, а то і патэнцыйныя правапарушэнні. Настаўнікі заўважылі: у 80% выпадкаў удзельнікі эксцэсаў — дзеці, у дачыненні да якіх дома выкарыстоўваліся гвалтоўныя метады выхавання.
Часцей за ўсё для дзяцей, схільных да праяў фізічнай агрэсіі, тыповай з’яўляецца цяжкая абстаноўка ў сям’і, непаслядоўная, малаэфектыўная альбо выключна суровая (ці занадта слабая) дысцыпліна. Агрэсіўныя дзеці часта растуць у сем’ях, дзе ў якасці дысцыплінарных уздзеянняў аддаюць перавагу сілавым метадам, асабліва фізічным пакаранням. А гэта зусім не стрымлівае агрэсію непаўналетніх, наадварот — падмацоўвае яе і нават патурае агрэсіўным паводзінам.
Па сутнасці, фізічнае пакаранне прымушае дзяцей хаваць вонкавыя праявы непажаданых паводзінаў, але не ліквідуе іх.
Каб канфліктаў у школе было менш, важна навучыць моладзь метадам бесканфліктных зносін. А гэта можна зрабіць праз навучанне бацькоў метадам пазітыўнай дысцыпліны. Менавіта бацькоў — бо яны дэманструюць узоры паводзін, а дзеці іх убіраюць і імкнуцца быць падобнымі да сваіх самых блізкіх людзей. Таму «Вучыцелькі.бай» прыйшлі да высновы, што часцей за ўсё ў псіхалагічнай карэкцыі маюць патрэбу бацькі дзяцей, якія дэманструюць праблемныя паводзіны ў школе і дома.
Найперш праца з бацькамі, навучанне бацькоў адэкватным метадам выхавання —альтэрнатыва фізічнаму гвалту. І гэта ж будзе садзейнічаць прафілактыцы хатняга гвалту.
Дзіцячы гвалт. Якія сімптомы і як можна з гэтым змагацца
Адукацыйны курс «Супермаці, супертата», распрацаваны «Вучыцелькамі.бай», складаецца з 15 заняткаў. На трэнінгах мадэлююцца праблемныя сітуацыі, у якіх бацькі вымушаныя разважаць пра псіхафізічныя заканамернасці развіцця малечы, усебакова вывучаць праблему і разумець матывы паводзін дзіцяці. І вучыцца выкарыстоўваць метады пазітыўнай дысцыпліны — адмысловага падыходу да выхавання дзіцяці.
Фактычна, бацькам даводзіцца ўспрымаць новы лад мыслення.
«Пазітыўная дысцыпліна заснаваная на 4 прынцыпах эфектыўнага выхавання: вызначэнне доўгатэрміновых мэтаў, пабудова цёплых адносін і стварэнне сістэмы адносін, разуменне ладу думак і пачуццяў дзіцяці і, нарэшце, рашэнне праблем у паводзінах. Можна мякка, але строга кіраваць паводзінамі дзіцяці, выкарыстоўваючы стратэгіі, у якіх няма крыкаў, абраз, лаянак і фізічных пакаранняў», — кажа Таццяна Говар.
Увогуле, пяць асноўных прынцыпаў пазітыўнага выхавання сфармуляваў вядомы амерыканскі псіхолаг Джон Грэй. Напэўна, гэта нядзіўна — нам ці не рэгулярна паказваюць сюжэты пра расстрэлы дзецьмі аднагодак у амерыканскіх школах. Там гэтая праблема надзвычай вострая.
А прынцыпы наступныя:
Адрознівацца ад іншых — нармальна
Кожнае дзіця — унікальнае. У кожнага свой тэмперамент, свой талент і свае здольнасці. Можа быць, суседскі Саша добра гуляе ў футбол, затое ваш Сярожа — найлепшы ў матэматыцы. Можа быць, вашая Таня не так прыгожа малюе, як суседская Маша, але добра «цягне» фізіку. Можа быць, вашае дзіця геніяльнае ў нечым іншым? Важна разабрацца, дапамагчы дзіцяці знайсці свой талент і развіваць яго.
Да таго ж ёсць гендар. Хлопчыкам і дзяўчынкам патрэбны розны падыход у выхаванні. Хлопчыкі вучацца эксперыментуючы, ім трэба больш свабоды, а дзяўчынкам трэба больш клопату.
Памылкі — гэта норма
Памылкі робяць усе людзі. Некаторыя робяць з іх высновы, некаторыя — не і зноў іх паўтараюць. Але памылкі — гэта вопыт: калі нешта не атрымалася, трэба спрабаваць па-іншаму. Але для некаторых бацькоў памылкі дзіцяці — гэта ледзь не правал. І дарослыя адразу імкнуцца выправіць дзіцячыя памылкі, забываючыся, па-першае, што гэта досвед. А па-другое, бацькі глядзяць «са сваёй званіцы», і не кожнае меркаванне бацькоў — слушнае. То бок тое, што даросламу здаецца «памылкай», для дзіцяці цалкам можа не быць ёю.
За памылкі бацькі саромяць дзяцей — і тады ў дзіцяці не развіваецца ўменне дараваць сабе памылкі і любоў да сябе. Каб вырасці ўпэўненым чалавекам, важна мець нармальную самаацэнку і прымаць уласную недасканаласць. Бацькі на ўласным прыкладзе павінныя паказваць, як прызнаваць памылкі і прасіць прабачэння.
Эмоцыі, нават негатыўныя — гэта нармальна
Страх, смутак, шкадаванне, злосць, расчараванне, неспакой, збянтэжанасць, рэўнасць, крыўда, няўпэўненасць, сорам — натуральныя, уласцівыя любому чалавеку. Але дзеці могуць іх выяўляць не ў тым месцы, не ў той час і недарэчным спосабам. Гэта стварае бацькам нязручнасці, і бацькі злуюцца. А калі дзіцяці паказваюць, што яго эмоцыі і перажыванні прыносяць нязручнасць старэйшым, яно пачынае душыць свае пачуцці. Скончыцца гэта развіццём неўрозу.
Важна ўсвядоміць: дзеці не адказныя за настрой бацькоў. Эмоцыі патрэбныя для развіцця дзіцяці, але яно мусіць зразумець, што дапушчальныя яны не ўсюды і не заўсёды. Бацькам трэба навучыць дзіця ўсведамляць эмоцыі, выказваць іх нармальна, а пазней — і кантраляваць. А для гэтага малое трэба выслухоўваць і размаўляць з ім.
Нармальна — жадаць большага
Калі дзіця просіць больш, чым вы можаце яму даць, гэта не азначае, што яно няўдзячнае, эгаістычнае ці яшчэ нейкае. Дзеці не разумеюць абмежаванняў у просьбах, пакуль яму іх не патлумачыць. Калі не дазволіць ім свабодна прасіць, яны і не даведаюцца, што могуць атрымаць, а што — не.
Але гэта не азначае, што бацькі вокамгненна павінныя задавальняць любыя капрызы. Дзіця павіннае прасіць, дэманструючы павагу, а бацькі — адмаўляць, не адчуваючы дыскамфорту. Важна абмяркоўваць патрэбы і просьбы, спосабы іх рэалізацыі, тлумачыць, чаму цяпер гэта зрабіць не атрымаецца. А таксама — што само дзіця можа зрабіць, каб атрымаць жаданае.
Дзяўчынкам трэба дазволіць казаць пра свае патрэбы, не адчуваючы віны перад бацькамі. А хлопчыкаў — навучыць ставіць мэты і спраўляцца, калі мэты не дасягаюцца. Так дзеці вучацца дамаўляцца.
Норма — выказваць нязгоду. Але мама і тата — галоўныя.
Большасць бацькоў баіцца даць дзецям занадта шмат правоў, каб іх не разбэшчваць і не страціць кантроль. Дазвол дзіцяці казаць «не» — гэта магчымасць свабодна выказваць пачуцці, вызначаць жаданні і весці перамовы. З гэтага зусім не вынікае, што будзе менавіта так, як хоча дзіця. Аднак яго жаданні будуць выслуханыя, а гэта схіляе да супрацоўніцтва.
Калі паказваць, што да думкі дзіцяці прыслухоўваюцца, яно ахвотней будзе супрацоўнічаць. Падпарадкоўваючы дзіця «аўтарытэтам», «даросласцю» ці «досведам», бацькі ломяць яго волю. А важна не ламаць, а карэктаваць жаданні, узгадняючы з жаданнямі старэйшых.
Уменне сказаць «не» — важнае ўменне, якое спатрэбіцца і ў дарослым жыцці, каб супрацьстаяць ціску аднагодкаў ці іншых аўтарытэтаў.
Пазітыўнае выхаванне не азначае, што бацькі павінныя скакаць вакол дзіцяці, задавальняць усе яго капрызы і патрабаванні, не адсутнасць правілаў і абмежаванняў. Гэта, хутчэй, пабудова з дзіцём сяброўскіх альбо партнёрскіх адносінаў, заснаваных на ўзаемнай павазе. І, вядома, навучанне — ветлівасці, жыццёвым навыкам вырашэння праблемных сітуацый, уменню рабіць выбар і браць адказнасць за свае рашэнні і дзеянні. Навучанне таму, што скдалае дарослае жыццё. А таксама развіццё талентаў і здольнасцяў, прывіццё эмпатыі і ўласнай годнасці.
Гэта патрабуе вялікай працы, найперш ад бацькоў. І найперш бацькі павінныя змяніць сваё стаўленне да жыцця і дзіцяці, каб атрымаць вынік пазітыўнага выхавання.
«Вучыцелькі.бай» адразу кажуць, што яны не стаяць ля дошкі з указкай і не гавораць, як правільна, не ставяць дзецям і бацькам дыягназаў. Яны тлумачаць, чаму дзіця так робіць, і паказваюць, што трэба зрабіць, каб спыніць праблемныя паводзіны. Але бацькі, якія прайшлі трэнінг «Супермаці, супертата», лепш спраўляюцца са сваімі абавязкамі, атрымліваюць ад іх большае задавальненне, а іх дзеці пачынаюць лепш сябе паводзіць і ў школе, і дома.
Падрабязней праблемныя паводзіны дзяцей мы разбяром у наступных публікацыях.
Аліна Бялова, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!