Пазітыўнае выхаванне — крок у будучыню

28.05.2019 Маё права

Свет змяніўся. Ён змяняецца хутка і няўлоўна. І ў новым свеце жыць ужо не нам, а нашым дзецям. Свет змяняецца да лепшага, а найлепшае, што мы можам даць дзецям, — пазітыўнае выхаванне.

Пакуль яшчэ ў гэтай галіне спецыялістаў замала. Пры гэтым кожны з псіхолагаў, з якімі я размаўляў на тэму пазітыўнага выхавання дзяцей, меў сваё, адрознае ад іншых, меркаванне на гэтую тэму. Карацей, калі вы напішаце сваю кнігу на гэты конт, зыходзячы са свайго досведу — адразу станеце новым аўтарытэтам у гэтай галіне. Але некаторыя тэндэнцыі ўжо вымалёўваюцца — менавіта таму, што змяняецца свет.

Адмова ад гвалту

Гэта ўжо практычна тэндэнцыя, якая склалася ў выхаванні. Яшчэ гадоў 25-30 таму лічылася цалкам нармальным паставіць дзіця ў кут — на пакаранне. Яшчэ ў той час прымяніць да дзіцяці ў якасці «выхаваўчага метаду» рэмень ці пугу лічылася цалкам нармальным. Але свет змяніўся, і цяпер нават прылюдна павысіць голас на дзіця лічыцца чымсьці дзіўным.

Звярніце ўвагу: маці, які гарлапаніць на сваё дзіця ў публічным месцы, выклікае асуджэнне навакольных. Яна вымушаная апраўдвацца: «Свайго нарадзіце і выхоўвайце!» І інтэрнэт-мем, хэштэг #яжемать, мае хутчэй значэнне негатыўнае.

Таму адмова ад гвалту ў дачыненні да дзіцяці — ужо патрабаванне грамадства. А прымаўка «Пашкадуеш пугі — сапсуеш дзіця» практычна цалкам сышла ў мінулае. Роўна як тыя самыя розгі і пугі — хто цяпер успомніць, што гэта такое?

Большую павагу выклікаюць тыя, хто з дзіцем размаўляе і спрабуе яго супакоіць. І ў гэтым — плюс прагрэсу. Грамадства становіцца больш гуманным — і ў дачыненні да дзяцей у тым ліку. Дзіця, якое выхоўваецца без гвалту, шчаслівае, ці не так?

Наша грамадства пакуль не гатовае адпусціць сваё "права на гвалт"

Казаць і размаўляць

Кожны чалавек — гэта асоба. У тым ліку і самы маленькі чалавек. Таму аўтарытэт бацькоў цяпер напрацоўваецца зусім па-іншаму. І яшчэ адна прымаўка — «Баіцца — значыць паважае» — таксама губляе сэнс. Бацькі ўсё больш усведамляюць, што павагі не даб’ешся страхам і гвалтам. Толькі аўтарытэтам. Многія імкнуцца стаць для свайго дзіцяці хутчэй не бацькам ці маці, а сябрам і настаўнікам.

І паверце, такім чынам павагі і паслухмянасці ад дзіцяці атрымліваецца дасягнуць у большай ступені, чым нейкімі рэпрэсіўнымі мерамі, жахамі і запалохваннем.

Размова, пераконванне дзіцяці ў слушнасці сваёй пазіцыі значна больш эфектыўнае, чым спроба ціснуць аўтарытэтам, узростам і хэштэгам #яжемать. Нават з вышыні багатага жыццёвага досведу і пражытых гадоў.

Дзіця не зразумее? Дарма так думаецца. Таму што свет змяніўся. Дзеці цяпер жывуць у іншай інфармацыйнай прасторы. У іх ёсць тэлефоны, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі... А паколькі ўсё гэта ўзрывае дзіцячы свет нашмат больш, чым у нас узрываў тэлевізар, ступень апрацоўкі інфармацыі ў іх, дзяцей, значна вышэйшая. І ўжо бабулям прасцей спытаць ўнука, як разабрацца ў новым мабільным тэлефоне... 

Дзеці цяпер разумеюць больш, чым мы самі сабе ўяўляем. Таму лепш растлумачыць памылку ці няправільныя дзеянні, чым ціснуць «аўтарытэтамі» і ступенню сацыяльных функцый.

Кветкі жыцця пад эгідай бізуна. Як нам абараніць будучыню Беларусі?

Рабіце памылкі разам!

На маю думку, адно з важных якасцяў пазітыўнага выхавання — дазваляць дзіцяці рабіць памылкі. На памылках вучацца, і ўласны вопыт ніколі не заменіцца чужым. Гэта як катацца на ровары: пакуль не разаб’еш ушчэнт каленкі, пакуль пяцьдзясят пяць разоў з ровара не навярнешся — катацца не навучышся.

Трэба дазваляць дзіцяці прымаць уласныя рашэнні, але і папярэджваць: несці за гэтыя рашэнні адказнасць мусіць таксама яно. Калі яно нешта вырашыла — і нават калі (на вашу думку) гэтае рашэнне няправільнае — дайце яму шанец абламацца. 

Абломіцца — будзе разумнейшае ў наступны раз. Уласны вопыт, як было сказана вышэй, больш каштоўны, чым чужы.

Звычайна бацькам прасцей і хутчэй вырашыць усё за дзіця і настаяць на сваім варыянце. Але ці будзе ад гэтага карысць дзіцяці? Калі мы хочам вырасціць чалавека, які ўмее прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, усё ж такі давядзецца пацярпець нязручнасці. Нават унутраны дыскамфорт бацькоў, які ўзнікае штораз — бо хочам мы ж дзіцяці шчасця. Але ў такім разе трэба перацярпець уласны дыскамфорт і даць дзіцяці шанец здзейсніць свае памылкі і навучыцца на ўласным досведзе.

Можа быць, вазіць дзіця на розныя развівальныя заняткі прасцей, але вучыцца на ўласным вопыце значна больш каштоўна і эфектыўна.

Цяпер шмат хто кажа пра «гіперапеку» над сучаснымі дзецьмі. Мамы і таты не могуць іх пакінуць і на дзесяць хвілін без нагляду. А вось гэтага рабіць зусім не варта. Трэба даваць ім магчымасць набіць свае шышкі.

Урэшце, тыя, хто «гіперапекваюцца», забываюцца на ўласнае дзяцінства. Мы ўцякалі гуляць з хаты на некалькі гадзін, і за намі ніхто (!) не прыглядаў. Тады не было мабільных тэлефонаў. І самым страшным выказваннем было: «Цябе мама шукала!»

Падтрымлівайце!

І ў той жа час трэба падтрымліваць дзіця. Калі яно зрабіла нешта няправільна — варта растлумачыць, у чым памылка. Калі ж яно дамаглося поспеху — хваліце!

У адрозненне ад папярэдніх прыказак, прымаўка «Добрае слова і котцы прыемнае» не старэе. А таму, што хваліць дзіця і яго падтрымліваць — гэта азначае, падвышаць яго самаацэнку. А чым вышэй у дзіцяці будзе самаацэнка, тым менш у яго будзе комплексаў.

Але варта адзначыць: хваліць трэба не само дзіця. Трэба вылучаць і заахвочваць не яго як асобу, а правільныя дзеянні, словы і намеры. Мы ж і так любім яго як ёсць. А вось ацэньваць яго ўчынкі і дзеянні — гэта крыху іншае.

Пры гэтым варта вылучаць тыя моманты, калі дзіця робіць правільна. Заўважайце добрыя ўчынкі дзіцяці і падлоўлівайце яго на іх. Калі ён паклапаціўся не толькі пра сябе, але і пра вас — напрыклад, набыло марозіва не толькі сабе ці зрабіла гарбату і вам — гэта ж вартае заахвочвання?

Мы кажам «дзякуй» каму заўгодна: касірам у супермаркеце, кандуктару ў аўтобусе, зусім староннім людзям. Але сказаць «дзякуй» сваім дзецям чамусьці забываемся...

Дзіцячы гвалт. Якія сімптомы і як можна з гэтым змагацца

І ўсё ж

Але самае галоўнае ў пазітыўным выхаванні — гэта не выхоўваць дзіця. Выхоўваць трэба перш за ўсё сябе. Дзеці ўсё разумеюць і ўсё адчуваюць. І калі ў вас у сям’і разлад, наўрад ці дапамогуць якія-небудзь парады.

Калі вы пры дзіцяці лаецеся нецэнзурна — дзіця будзе лічыць гэта нармальным і перанясе гэтыя паводзіны ў дарослае жыццё. Калі жонка з мужам пры дзіцяці лаюцца — дзіця будзе пераймаць гэтую мадэль стасункаў. Калі пры ім зрывацца на крык, дзіця будзе лічыць, што крычаць на ўсіх — таксама нармальна.

Так што пазітыўнае выхаванне — гэта не выхаванне дзіцяці, гэта выхаванне найперш бацькоў. Каб яны самі сябе нармальна паводзілі ў прысутнасці дзяцей. Перш за ўсё выхоўваць трэба не дзіця, а дарослага. Бо дарослыя робяць гэты свет лепшым для дзяцей, ці не так?

І напрыканцы... Са зносінаў з псіхолагамі самую разумную думку выказала мая знаёмая, якая зусім не псіхолаг. Яна сказала: «Дзіцяці трэба даваць ў два разы менш грошай, але надаваць у два разы больш сваіх часу і ўвагі».

Грошы з часам дзіця заробіць само. Калі вырасце. Але бацькоўскую ўвагу і любоў дзіця не купіць ніколі і ні за што. Нават, калі стане багацейшым за Біла Гейтса.

Ці не так?

Сяргей Салаўёў, budzma.org