“Вусатая гісторыя левака”

Так называецца кніга літоўскай пісьменніцы Бірутэ Янушкайтэ, якая выйшла ў выдавецтве “Homo Liber”. На беларускую мову яна была перакладзена віленскім літаратарам Алегам Аблажэям.

Прэзентацыя гэтай кніжнай навінкі адбылася  ў межах кампаніі “Будзьма” 12 лістапада ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага горада Мінска. На імпрэзе прысутнічала сама аўтарка кнігі, вядомая літоўская пісьменніца і намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Літвы Бірутэ Янушкайтэ, выдавец кнігі Віліус Гужаускіс , а таксама  паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін.

Адкрыў прэзентацыю паэт Леанід Дранько-Майсюк. Ён распавёў прысутным пра гісторыю беларуска-літоўскіх культурных узаемадачыненняў і прачытаў  некалькі сваіх вясёлых вершаў з кнігі “Цацачная крама”.

Бірутэ Янушкайтэ азнаёміла прысутных з гісторыяй стварэння кнігі і адказала на шматлікія пытанні сваіх будучых чытачоў. Віліус Гужаўскіс распавёў аб кніжных праектах выдавецтва “Homo Liber” і творчым супрацоўніцтве выдавецтва з Саюзам пісьменнікаў Літвы. У выкананні супрацоўніцы бібліятэкі прагучаў  інтрыгуючы фрагмент з аповесці пра Левака.

Напрыканцы сустрэчы паэт і бард Эдуард Акулін разам з вучнямі малодшых класаў
(а менавіта на такі ўзрост разлічана прэзентаваная кніга) праспяваў  песеньку пра “Галоднага ваўка” і “Песеньку беларускага зубра” на словы Леаніда Дранько-Майсюка.

Тэгі: