Вясна: новая акустыка ад гурта Re1ikt

23.02.2017 Афіша

11 сакавіка ў мiнскiм клубе “Графіці” пройдзе акустычная прэзентацыя альбома “Kufar” гурта Re1ikt.

re1ikt_1103_afisha

Альбом “Kufar” запісваўся ў Польшчы паралельна з ухваленым крытыкамі ды слухачамі дыскам “Лекавыя травы” (лепшы беларускі рок-альбом мінулага года па ўзнагародах Experty.by і Rock Profi) і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным. У яго ўвайшлi і шматлікія бонус-трэкі “незвычайнага” Re1ikt, які заўсёды эксперыментуе.

“Мы сабралі ўсё тое каштоўнае, чым могуць ганарыцца беларусы: нашы традыцыі, наша прырода, наша культура, нашы перамогі, наша ўменне сябраваць і рабіць добрыя справы талакой”, – распавядае пра канцэпцыю новага альбома Алесь Дземідзенка.

Паслухаць новы альбом можна тут.

У снежні гурт прэзентаваў альбом у электрычнасці, канцэрт прайшоў з аншлагам і сабраў процьму добрых водгукаў.

Музыкі вырашылі зайграць “Kufar” яшчэ раз, але зрабіць гэта больш пяшчотна і лагодна ва ўтульнай сяброўскай атмасферы невялічкага клуба “Графіці”. Выступ музыкі прымеркавалі да прэзентацыі кліпа Drobnieńki doždžyk.

Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world music, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.