Творчасць, гульні, мульцікі і карагодзікі пад беларускія народныя спевы – бадай, адзін з лепшых варыянтаў выходнага для нашых дзяцей. У Віцебску 23 лістапада адбыўся чарговы майстар-клас ад праекта “Забаўлянкі для Янкі”. На гэты раз маладых бацькоў і іх гарэзаў вучылі рабіць сапраўдныя беларускія выцінанкі.
Майстар-клас правяла цудоўная майстрыха Вольга Арасланава. Хутка ўжо прычакаем Калядаў, і таму лагічным падалося выразаць выцінанкі ў падарунак да Раства. А пакуль дарослыя і старэйшыя дзеткі практыкаваліся з нажнічкамі, малых забаўлялі беларускімі гульнямі на адмысловай дзіцячай пляцовачцы. Паветраныя шарыкі, мыльныя пузыркі, даганялкі… Дарослыя зайздросцілі, і калі надышоў час кава-паўзы, ахвочых да прагляду мультфільма з выцінанкі сярод мамаў і татаў аказалася ледзь не столькі ж, колькі і да добрай гарбаткі. А карагод пад спеў ў выкананні гурта “Паўночная Сухадроўка” закруціў усіх у рытме завірухі, што пакрысе прыйшла і ў Беларусь.
Але ж наперадзе чакала сапраўднае чараўніцтва. Усім госцікам прапанавалі стварыць уласнымі рукамі … паперу! З чаго? Толькі не палохайцеся – з добра нам знаёмай сваёй “куслівасцю” крапівы! Загадзя сабраная, замочаная ў вадзе, крапіва ўжо не шчыпалася, але пераўтварылася ў добрую клейкую масу, з якой пад прэсам можна было зрабіць ліст паперы. Неяк па-асабліваму радасна трымаць у руках выцінанку, прымацаваную да кавалка самаробнай паперы. І чым не добры падарунак на Каляды?!
Маленькае свята падыходзіла да заканчэння, удзельнікі развітваліся, але не назаўсёды. Бо ў хуткім часе нас чакае наступны майстар-клас ад “Забаўлянкі для Янкі”. Ён будзе прысвечаны батлейцы.
Аўтар: Марына Пятрова