Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала запуск кніжнай серыі «Акно ў прозу». Гэта серыя перавыданняў літаратуры перыяду 1991-2020.
«Для нас культура — гэта не тое, што «бярэ Гедройцаў», культура — гэта тое, што чытаюць. Тым часам беларускі чытач вырас разам са сваёй колькасцю і стаў гатовы выкапаць скарбы недалёкай мінуўшчыны, кіруючыся нашай серыяй-мапай, — адзаначаюць у выдавецтве. - З якімі эмоцыямі мы глядзім на пост у сацсетках за 2012 год з анонсам новай кнігі Някляева? Што мы згадваем пра літаратуру таго часу, і ці згадваем увогуле?
У сітуацыі, калі нас раскідала па самых розных закутках свету, нам патрэбная злучанасць з матрыцай культурных кодаў, сярод якіх і кнігі адноснай сучаснасці. Нам патрэбная магчымасць парэфлексаваць над атмасферай літаратурных колаў: адным — перажыць тое, што прапусцілі, іншым — адчуць настальгію, калі ў тых колах бралі ўдзел.
Зрэшты, настаў час усвядоміць, што ў 2020 годзе нашая культура не выбухнула, а вырасла з таго, што было створана раней. Таму, што адбывалася з нашай літаратурай пасля Караткевіча, мы нарэшце гатовыя даць імя і голас».
— Звязаць літаратуру перыяду да 2020 года ў адзіны суплёт
— Падштурхнуць чытача да рэфлексіўнага параўнання з найноўшай літаратурай, да пошуку адметнасцяў эпохі
— Даць голас пісьменнікам першых 30 гадоў незалежнасці і імя той літаратуры як феномену
Сапраўдны еўрараман ад беларускага эмігранта першай хвалі, які ў пагоні за абстракцыяй выпраўляецца ў адысею з Прагі да Амстэрдама, па дарозе разбіраючы на першаэлементы сучасную Еўропу, тадышнюю Беларусь і, вядома, самога сябе. На шляху будуць трапляцца музеі, прывіды мінулага, спантанныя каханкі і камуністы, ад якіх аўтар будзе адбівацца вострым пяром і трапным фотаружжом.
Сінематаграфічна-сюррэалістычная кніга пра экзістанцыйны жах у паст-савецкім менаполісе. Тут разам з галоўнай гераіняй пасяліліся робаты-сэксцацкі і выбуховыя снарады, у царкву пераехалі гандлёвыя шэрагі, а суконная шэрасць усё ніяк не хацела сыходзіць з бясконцых 90-ых. Зрэшты, такія вобразы — гэта што? Нішчымныя дэкарацыі да жыцця Марыі і ейных пошукаў кахання, ці сапраўдныя акторы, чыё амплуа ‒ нашая рэчаіснасць.
Не проста кніга, а ўгрэўныя прыгоды з незваротна растрачаных нулявых, дзе ў мета-прозе сплялося бесклапотнае студэнцтва, курортны Крым, піўныя рэкі, а таксама гігабайты кахання ў самых розных ягоных праявах, ды якое з вялікай доляй верагоднасці ‒ адно міраж. Аўтарка дзёрзка ператварае цёплыя ўспаміны ў халодную зброю, від помсты, а персанажаў — у лялек Вуду.
Полацкі князь Усяслаў Чарадзей (ака Павал Касцюкевіч) на тысячу гадоў выпярэджвае Горвата ды іншых праўдароў у вядзенні блога, у якім расквітнеў каларыт феадальнага часу: веганства, паліткарэктнасць, феадалізм і ўльтрагвалт са смузі. Дзённіку Усяслаў давярае ўласнае жыццё, наракае на недасканаласць сучаснага яму грамадства, дзеліцца любоўнымі перажываннямі і нават распавядае пра свае фантастычныя падарожжы ў часе і беларускай гісторыі. За шмат стагоддзяў да таго, як людзі заскавыталі, што чалавек чалавеку — воўк, каранаваны ваўкалак пераконвае, што воўк беларусу — чалавек.
Сацыяльны раман, які праз мікрагісторыі Менскай багемы расказвае нам пра Гісторыю з вялікай літары. У гэтай Гісторыі шмат твараў, што разам стаяць у чарзе па газіроўку: Лі Харві Освальд і Кім Хадзееў, дэсідэнты і гэбісты, перажылыя Другую сусветную і франтавікі халоднай, той, хто данасіў і на каго данасілі, і, вядома, той, які вялікі, савецкі і бетонны. Горад у рамане разбураецца, збіраецца і тасуе тапонімы. Менск, да якога гісторыя з цэнтру чырвонай імперыі даходзіць з спазненнем, прапускае праз сябе юнацкае каханне і паэзію ягоных удзельнікаў.
Ужо цяпер можна перадзамовіць 5 кніг серыі.
Паводле прэс-рэліза