Паэт Андрэй Хадановіч у аўтарскай рубрыцы “Верш тыдня” на budzma.by распавядае пра Арцюра Рэмбо.
На шыбеніцы апантана
Ўсё танчаць, танчаць, вісячы,
Шкілеты з воінства Шатана,
Пякельныя паслугачы.
Вялебны Вельзевул валадаром на балі,
Крыўлякаў, што ў пятлі блюзнераць задарма,
Б’е туфляю па лбах, каб весялей скакалі
Пад акампанемент каляднага псалма.
І кожны ачмурэў, страсае ў танцы косці,
Аб грудзі б’е грудзьмі, бы грукае ў тамтам,
Прыпадачна хрыпіць у вычварнай мілосці,
Хоць колісь прыпадаў да вытанчаных дам.
Агромністы памост дае танцорам шанец –
Гоп! – весела скакаць без мяса і вантроб!
І ўжо не зразумець, ці гэта бой, ці танец!
Рве струны Вельзевул, вядомы філантроп!
Кашуляў скураных пазбыліся амаль што,
Абутак не псуе ім лёгкае ступы,
Не муляе даўно шляхетных шыяў гальштук,
А снег капелюшы напнуў на чарапы.
Крумкач, нібы султан, сядае на галовы.
Вісіць на барадзе шматок былой шчакі.
Здаецца, ваярам, расцятым да паловы,
Кардоннага мяча не выпусціць з рукі.
Ад гойсання ўваччу хістаюцца нябёсы,
Ліловыя лясы працяў ваўчыны сквіл,
Вісельня, як арган, скавыча шматгалоса
Й пякельнай чырванню палае небасхіл.
А ну хутчэй скакаць, здыхляціна старая,
Што лашчыць неўпрыкмет ружанец пазванкоў,
Нібыта пацеркі манах перабірае:
Тут вам не манастыр, а кодла мерцвякоў!
Ах! Вунь, сапселы ўшчэнт ад замагільных скокаў,
Вялізарны шкілет узняўся на дыбкі,
Узвіўся ў вышыню, шчасліва загалёкаў,
Ды раптам зноў адчуў пятлі прыгнёт цяжкі,
І з енкамі, што так падобныя да кпінаў,
Сціскаючы ў кулак нявыслаўлены жаль,
Як блазан, што на міг свой балаган пакінуў,
Пад музыку касцей вяртаецца на баль.
На шыбеніцы апантана
Ўсё танчаць, танчаць, вісячы,
Шкілеты з воінства Шатана,
Пякельныя паслугачы.
“Пятнаццацігадовы капітан” французскай паэзіі. Такі пачатак пасуе адразу з некалькіх прычын. Па-першае, менавіта столькі было геніяльнаму вундэркінду, шарлевільскаму ліцэісту Арцюру Рэмбо, калі ён пачаў пісаць па-французску вершы, якія адразу ўзнеслі яго на вяршыню Парнасу (хоць паэты-“парнасцы” пра гэта пакуль не ведалі).
Па-другое, самі запазычанні з марскіх раманаў Жуля Верна – найперш з “Дваццаці тысяч льё пад вадой” – выявяцца надзвычай важнымі, калі праз два гады, ужо сямнаццацігадовым “сталым” аўтарам, Рэмбо будзе ствараць адну са сваіх вяршынь – вялікі ва ўсіх сэнсах верш “П’яны карабель”. Заўважце, ні разу на той момант не бачыўшы мора, чэрпаючы неймаверныя вобразы з напісаных іншымі кніжак. Фантастычна ачалавечыўшы цэнтральны вобраз, а заадно прадказаўшы, з дакладнасцю да дэталяў, свой далейшы лёс.
У дзікім плёскаце прыліваў мяне мчала…
Мой розум да вясны заснуў, як немаўля.
Я плыў!.. Паўастравы зрываліся з прычалу,
Не ў змозе вытрымаць свабоды карабля. (…)
Я ўбачыў, як трымціць спалоханае сонца,
Згушчаючы ваду ў цёмна-ліловы жах, –
І мора ўсё хутчэй круціла хвалі ў гонцы,
Як старажытны мім, стаяла на вушах!
За апошнія два гады, што застануцца яму ў паэзіі, ён створыць геніяльна-вар’яцкую “тэорыю яснабачання”. Вызваліць лірыку – занадта рацыянальную пасля Дэкарта – ад дыктату прадказальнай логікі. Катуючы сябе бяссоннем, алкаголем ды іншымі сродкамі пашырэння свядомасці, эксперыментуючы з нетрадыцыйным каханнем ды руйнуючы традыцыйную версіфікацыю, ён так разняволіць уяўленне ды расхістае прычынна-выніковыя сувязі свайго аповеду, што сучаснікі толькі разявяць раты ў разгубленасці, а паэты-сюррэалісты, што праз палову стагоддзя нанова яго адкрыюць, закрычаць “брава!” і радасна абвесцяць Рэмбо сваім папярэднікам.
Падвёўшы несуцяшальныя вынікі паэтычнай творчасці ў апошняй кнізе “Сезон у пекле” (так і хочацца перакласці – “Канікулы ў пекле”), 19-гадовы аўтар назаўсёды пакіне літаратурны карабель, перасеўшы на больш рэальнае – хоць не больш устойлівае – судна: 18 гадоў вандровак, гандаль кавай, спецыямі, скурай, зброяй і трасца ведае чым яшчэ (злыя языкі казалі пра “чалавечы тавар”); памылковы медычны дыягназ і ампутацыя нагі, смерць у Марселі ды вечны супакой у Шарлевілі. І ўсе гэтыя гады – ніякага інтарэсу да паэзіі!
Затое яна пачынае ім пасмяротна цікавіцца. Сусветная слава. Ганаровае месца ў анталогіях ды ўніверсітэцкай праграме. Песні на вершы. “Час забойцаў” – знакамітае эсэ Генры Мілера, прысвечанае паэту. Помнік ля Нацыяналкі, замоўлены самім прэзідэнтам. (Я пра французскую Нацыянальную бібліятэку і французскага прэзідэнта Франсуа Мітэрана.) 800 (!) скульптур у родным горадзе ў падарунак на 150-годдзе. Біяграфічныя фільмы. “Поўнае зацьменне” Агнешкі Холанд – і Леанарда дзі Капрыё ў ролі Рэмбо як апафеоз мэйнстрыму.
Але гэта ўсё потым, а пакуль юны геній зацята спрабуе пяро, “ставячы на вушы” французскую паэтычную традыцыю. Высмейвае правінцыйнае мяшчанства ў з’едлівых сатырах, ствараючы амаль фізічна адчувальную атмасферу задушлівасці. Блюзнерыць з біблейскай вобразнасці і хрысціянскіх рытуалаў, як у хуліганскім санеце “Вечаровая малітва”:
Нібы ў цырульніка – бязвусы херувім,
Сяджу над кухлем я – дзясятым? дваццаць пятым? –
Глытаючы напой і з люлькі горкі дым,
І робіцца жывот, як ветразі, напятым. (…)
Калі ж перажаваў і праглынуў без хлеба
Ўсе мроі, то на двор паклікала патрэба:
Пасля піўной ракі не лопнула нутро б!
Як ласка Божая – на кедр і на ісоп,
Бурштынавы струмень паліўся проста ў неба,
І голаў перад ім схіліў геліятроп.
Б’е шыбы ў хаце еўрапейскай культуры. Танчыць эпатажныя танцы на труне антычнасці з яе літаратурай ды міфалогіяй. Шакуе абываталяў цынічным натуралізмам. Узяць хоць бы няправільны (о, яшчэ які няправільны!) санет “Венера Анадыямена”. Як вынікае з назвы, мусіла б быць пра багіню кахання й хараства, “народжаную з пены”. І такое бывала ў паэзіі – і ў беларускай таксама (згадайма прыгожы, узнёслы верш Галіны Дубянецкай). У паэта ж з пеннай ванны вылазіць хутчэй жрыца кахання, прычым не першай свежасці ды прыгажосці. Такой “антычнасці” французская паэзія яшчэ не бачыла:
Бы з цынкавай труны, з глыбокай ванны ржавай,
Уся ў памадзе – каб паболей хараства! –
Вынырвае з вады… не, выплывае павай
Цёмнавалосая дурная галава.
За шыяй тоўстаю з’яўляюцца лапаткі,
Абвіслыя бакі глядзяць ва ўсе бакі,
Ружовыя клубы – крутыя кумпякі,
Шматпавярховы тлушч падзелены на складкі.
Але найцікавейшае ў “раннім” Рэмбо тое, як хутка ён засвойвае папярэднюю традыцыю, кожным чарговым вершам як бы паўтараючы, падагульняючы цэлую эпоху ці цэлы стыль. Напісаў “Пакаранне Тарцюфа” – і “разабраўся” з французскім класіцызмам. Стварыў “Афелію” – і закрыў тэму рамантызму з усімі яго шэкспіраўскімі матывамі. Так і з вершам “Баль шыбенікаў” (“Bal de pendus”), пра які тут сёння гаворка. Упершыню надрукаваны незадоўга да смерці аўтара, без яго ведама, у часопісе “Мэркюр дэ Франс” 1 лістапада 1891 г., а напісаны пятнаццацігадовым Рэмбо яшчэ ў сярэдзіне 1870-га, ён – адно з найлепшых увасабленняў у еўрапейскай паэзіі тэмы “танцу смерці”.
“Танцы смерці” пачынаюць з’яўляцца яшчэ ў Сярэднявеччы, займаюць вялікае месца ў выяўленчым мастацтве ў ХV ст., аздабляюць сцены цэркваў, капліц і могілак. У 1515 г. знакаміты мастак Ганс Гольбайн Малодшы выконвае сваю серыю мініяцюр “Вобразы смерці”, а Пітэр Бройгель у 1562 г. стварае свой “Трыумф смерці”. “Танцы смерці” нясуць у сабе найперш маральна-рэлігійны змест. Нагадваюць пра хуткаплыннасць жыцця, марнасць славы, багацця ды пагоні за імі, пра роўнасць усіх людзей перад смерцю. Яны – добры сродак паразважаць на дыдактычныя тэмы, красамоўна і ў дэталях апісаць пакуты грэшніка ў пекле, выклікаць страх і богабаязнасць.
Але ўжо паэту-злодзею Франсуа Віёну, які, асуджаны на смерць, чакаў выканання прысуду, было не да маралістыкі. Яго цікавяць не столькі прыгоды душы на тым свеце, колькі пакуты мёртвага (але так і не супакоенага!) цела на гэтым:
Вось мы ў пятлі ўпяцёх або ўшасцёх,
А цела хорам, колісь дагляданы,
Дазвання зруйнаваны, пажыраны
І жменькай пылу зробіцца ў свой час.
Тут недарэчы здзек і гумар танны:
Маліцеся Ўсявышняму за нас!
Капніце тэкст Рэмбо – і адкрыеце Віёна. А яшчэ паэтаў барока і нават класіцызму (Франсуа Малерб: “Мерцвякі й цішыня на вякі!.. / Ці ты моцны ўладар, ці прыніжаны лёкай – / У зямліцы ляжы й не галёкай, / Покуль цела грызуць чарвякі!”), шмат рамантыкаў, згаданых “парнасцаў”. Віктора Гюго з яго дэтальным апісаннем шыбеніцы ў рамане “Чалавек, які смяецца”. І перадусім шмат Шарля Бадлера, якога аўтар “Балю шыбенікаў” неяк назваў “каралём паэтаў”. Бадлера, у якога так перамяшаны Эрас і Танатас (засынаеш у ложку з жанчынай – прачынаешся сярод ночы з брыдкім шкілетам), Бадлера, што так любіць пасмяротна караць сваіх грэшнікаў за цялесныя асалоды, што ўвесь чалавечы род называў смешнымі марыянеткамі ў тэатры, адзінай сапраўднай глядачкай якога была, ёсць і будзе толькі надушаная мірай Смерць:
Адвечнаю жудой твае свідруюць вочы –
Тут цяжка не самлець; і кавалер любы
Ледзь-ледзь стрымае млосць, убачыўшы жаночы
Какетлівы ашчэр на трыццаць два зубы.
А зрэшты, хто не браў нябожчыка ў абдымкі
І хто з жывых людзей не выкармак труны?
Хто пудры не ўжываў? А штучнае радзімкі?
Таксама і яна. Дык што, прыгажуны?..
(верш “Танец смерці”)
“Баль шыбенікаў” Арцюра Рэмбо – збольшага цэнтон, тэкст, які амаль цалкам складаецца з фрагментаў чужых тэкстаў. Парадокс. З аднаго боку, ніводнага арыгінальнага вобразу, усё запазычанае, фактычна скрадзенае. З іншага боку, ніхто з папярэднікаў не дасягнуў такой выразнасці, не “разагрэў” свае творы да такой паэтычнай тэмпературы. Аўтар верша сам нагадвае апісанага ім лялькавода-Люцыфера, што торгае за нітачкі, змушаючы да пякельнага танцу сваіх ахвяраў – паэтычныя вобразы, алюзіі, цытаты, усю літаратурную класіку, якую захоплена для сябе адкрывае – і адразу ж спрабуе пераадолець, ужо адчуваючы штучнасць гэтага ўжыванага, патрыманага (рукамі папярэднікаў) культурнага багажу.
І сюжэты вандруюць, шкілеты танцуюць, на хвілю пачынаюць жыць уласным жыццём. Адзін актор у гэтым тэатры марыянетак нават спрабуе паўстаць супраць свайго Карабаса-Барабаса. Рыхтык сам Рэмбо перыяду змагання з паэтычнай традыцыяй і дыктатам логікі. Вось толькі пятля слова на горле выяўляецца замоцнай. І разарваць яе можна, толькі разваліўшы ўсю паэтычную шыбеніцу. Дайшоўшы да “яснабачання”. Да сюррэалістычнага візіянерства (нехта скажа – да няўцямнасці). Да “канікулаў у пекле”. Да ампутацыі паэзіі. Да танцу смерці.
Але часам, “пасля балю”, застаюцца не абы-якія тэксты, як сляды на месцы злачынства. Якія можна знайсці, расчытаць, перакласці і растыражаваць – прапанаваўшы чытачам гарантаваны паэтычны шабаш на Ноч Вальпургіі.
Андрэй Хадановіч