У ліку 12 кандыдатаў — шэсць журналістаў, шэсць СМІ і журналісцкіх арганізацый. У іх лік уваходзяць спецыялісты па журналісцкіх расследаваннях у краінах, дзе права на інфармацыю рэзка абмежавана або знаходзіцца пад пагрозай — Беларусь, Кітай, Бразілія, Турцыя і Паўночная Ірландыя (Вялікабрытанія).
Пра гэта паведамляе сайт арганізацыі «Рэпарцёры без межаў».
Беларуская асацыяцыя журналістаў, заснаваная ў 1995 годзе для падтрымкі незалежнай журналістыкі, адыграла ключавую ролю ў дакументаванні беспрэцэдэнтнага ўзроўню нападаў і арыштаў на журналістаў у Беларусі пасля спрэчных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. БАЖ старанна зафіксаваў усе формы пераследу журналістаў і незалежных СМІ, у тым ліку ператрусы, цэнзуру, гвалт і турэмнае зняволенне, якія няўхільна ўзмацняліся на працягу 2020-2021 гадоў. Праца БАЖ дапамагла беларускім грамадзянам, міжнародным няўрадавым арганізацыям і замежным урадам звярнуць увагу на сур’ёзнасць сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі.
З 1992 года прэмія Press Freedom Awards «Рэпарцёраў без межаў» заахвочвае, падтрымлівае і адзначае працу журналістаў і медыя, якія ўносяць прыкметны ўнёсак у абарону або прасоўванне свабоды СМІ ва ўсім свеце. Гэты прыз атрымалі больш за 50 мужчын, жанчын, арганізацый медыя і НДА, якія падзяляюць прыхільнасць да свабоды прэсы.
«Спіс намінантаў на Прэмію 2021 года адлюстроўвае праблемы, з якімі сутыкаюцца журналісты і сродкі масавай інфармацыі, якія вядуць агульную барацьбу за свабоду інфармацыі», — адзначыў генеральны сакратар RSF Крыстаф Дэлуар.
Журы 29-й прэміі RSF Press Freedom Awards пад старшынствам прэзідэнта RSF П’ера Хаскі складаецца з аўтарытэтных журналістаў і абаронцаў свабоды слова з усяго свету.