Клімавічы актыўна рыхтуюцца да абласных «Дажынак». У межах падрыхтоўкі ідзе працэс «рэканструкцыі» краязнаўчага музея, будынак якога раней быў сядзібай дваранскага роду Мяшчэрскіх. Аўтэнтычны будынак цалкам знішчылі, а новы адбудоўваюць цалкам з сучасных матэрыялаў. Цікава, што ў экспазіцыі музея да апошняга знаходзіўся бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Ці захаваюцца яны ў новай экспазіцыі пасля «рэканструкцыі» музея? Адказ, бадай што, відавочны ў сучасных умовах.
Выгляд сядзібы-музея да 2024 года. Крыніца: fotobrodilki.by
У парушэнне ўсялякіх прававых нормаў і рэстаўрацыйных законаў арыгінальны будынак 1868 года цалкам знеслі, каб адбудаваць сучасны муляж. Нагадаем, што будынак псеўдагатычнага стылю другой паловы ХІХ стагоддзя быў галоўнай славутасцю і ўнікальнай пабудовай у псеўдарускім стылі на ўсходзе Беларусі.
Як выглядае «рэканструяваны» будынак
У сакавіку гэтага года стала вядома, што сядзібу Мяшчэрскіх у Клімавічах, якая доўгі час выконвала ролю краязнаўчага музея, пачалі па-ціхаму разбіраць, пра што Budzma.org раней паведамляла. Аўтэнтычную сядзібу не проста знеслі, але і змянілі нават падмуркі. Пры гэтым мясцовая газета «Родная ніва» пісала аб важнасці захавання аўтэнтычных элементаў пабудовы, спасылаючыся на загадчыка сектара культуры клімавіцкага райвыканкама: «Важно сохранить аутентичные элементы постройки. Ценность представляет резьба на фронтоне, окна, двери, сами бревна, из которых сложен дом, и многое другое. При реконструкции музея специалисты будут сохранять элементы деревянного зодчества XIX века. Главная задача строителей — восстановить объект в том виде, в котором он был построен. Понятно, что время ничего не щадит, и поэтому при демонтаже различных частей здания мы будем делать анализ состояния древесины, чтобы по возможности сохранить ценные фрагменты».
У праекце рэканструкцыі сядзібы Мяшчэрскіх адзначалася, што з аўтэнтычнага матэрыялу будзе адноўлена адна з унутраных сцен, а ўсе астатнія — з новых. Прычым аднаўленне адной сцяны з гістарычнага бярвення, відавочна, чыстая фармальнасць, якая служыць для таго, каб упісацца ў азначэнне «рэканструкцыя», для якой дзейнічаюць іншыя нормы, чым для новага будаўніцтва.
На цяперашні момант сядзібу «аднаўляюць» вельмі актыўна, а па сутнасці будуюць новую з нуля. Зусім не бачна, каб сярод будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўвалі старое круглае бярвенне, бо сцены кладуцца выключна з новага квадратнага бруса. Новы будынак ашалёўваюць выключна новымі дошкамі, хоць па праекце рэстаўрацыі абяцалі максімальна захаваць і вярнуць на ранейшае месца старую драўляную шалёўку.
Аднаўленне сядзібы з квадратнага бруса, чэрвень 2024 года. Крыніца: nashaniva.com
Відавочна, што так званая «рэканструкцыя» сядзібы Мяшчэрскіх і замена не менш як 80% помніка ў Клімавічах ніякага дачынення да рэстаўрацыі не маюць.
Знішчэнне помніка і пабудова новага муляжа — чысты вандалізм, выкліканы жаданнем пазбегнуць клопатаў з аўтэнтыкай і зрабіць усё хутка да абласных «Дажынак» ды яшчэ з выгодай для сябе. Між іншым, вельмі цяжка праверыць, ці сапраўды нейкія элементы аўтэнтычнай пабудовы былі выкарыстаны. Ёсць вялікая верагоднасць, што выкарыстанне элементаў старой пабудовы існуе толькі на паперы. Пры падобных «рэстаўрацыях» у Беларусі гэта досыць распаўсюджаная практыка. Цалкам верагодна, што адзіным аўтэнтычным элементам на муляжы будуць разныя элементы, якія складана паўтарыць.
Будаўніцтва муляжа аўтэнтычнай сядзібы Мяшчэрскіх у Клімавічах, ліпень 2024 года. Крыніца: rodniva.by
Яскравым паказчыкам таго, што мясцовым уладам не баліць праблема аўтэнтычнасці помніка, з’яўляецца матэрыял на інфармацыйным партале «Магілёўскія ведамасці» аб тым, як Клімавічы рыхтуюцца да абласных «Дажынак». Працытуем урывак з тэксту: «Кроме того, масштабные ремонтные работы проводятся в районном центре культуры и краеведческом музее, что позволит создать праздничную атмосферу для проведения культурных мероприятий. Климовичи стремятся не только сохранить, но и приумножить свои традиции, подготовив незабываемое событие для всех участников и гостей». Гэта сведчанне таго, што чынавенству куды больш важна зрабіць «красіва», чымся сур’ёзна папрацаваць над аўтэнтычным унікальным помнікам. Нездарма на сайце мясцовай раённай газеты «Родная ніва» нават не саромеюцца спалучаць стары аўтэнтычны будынак і недабудаваны муляж у адным фотаздымку, суправаджаючы яго тэкстам апісання гісторыі краязнаўчага музея.
Параўнанне аўтэнтычнай сядзібы і недабудаванага муляжа. Крыніца: rodniva.by
Ці ёсць плюсы ад такой рэканструкцыі?
Аўтэнтычнасці будынка пакуль што не праглядаецца ні ў якіх элементах наогул. Уся драўніна помніка архітэктуры па надуманых прычынах заменена, пакінута роўна столькі, каб упісацца ў нарматыў па «рэканструкцыі». Нават вокны пастаўлены новыя, а не адрэстаўраваны старыя. Падмурак быў складзены з газасілікатных блокаў, а аўтэнтычны знішчаны разам са старым будынкам.
Адзіны плюс — вяртанне на гістарычнае месца ўваходу. Колісь ён выходзіў якраз на вуліцу, але чамусьці ў цяперашні час быў закладзены і зашаляваны, а з боку дома прыбудаваны тамбур з новым уваходам. Важна адзначыць, што ўваход маркіраваны яшчэ верандай з невялічкім дахам, што адпавядае аўтэнтычнаму выгляду будынка. Калі верыфікаваць элемент уваходу ў сядзібу па старых фотаздымках, то веранду можна ўбачыць якраз на іх, але яна з цягам часу па незразумелых прычынах знікла.
Выгляд фасада муляжа сядзібы з прыдуманым балконам. Крыніца: rodniva.by
Яшчэ адзін элемент, які чамусьці с цягам часу знік з аўтэнтычнага будынка сядзібы, — балкон. Можна меркаваць, што незвычайны вынас даху якраз быў зроблены для засцеражэння балкона ад сонца і ападкаў. Аднак калі дэтальна паглядзець на стары даваенны фотаздымак сядзібы Мяшчэрскіх, то бачна, што балкон выглядаў маленькай пляцовачкай без кораба. А вось цяпер кораб на новым муляжы ўжо зроблены, а на якой падставе яго зрабілі, абсалютна незразумела. На якіх матэрыялах гістарычнага характару грунтаваліся «рэстаўратары» ці то проста зрабілі з уласнага жадання, таксама няясна.
Здымак сядзібы Мяшчэрскіх у міжваенны час. Крыніца: wikipedia.org
Новы муляж, адбудаваны з нуля, ужо актыўна фарбуюць прапіткай, але на будынку пакуль што не з’явіўся адметны аўтэнтычны разны дэкор, які быў адной з «разынак» будынка разам з яго формай і стылем.
Пабудаваны муляж сядзібы ХІХ стагоддзя, але без аўтэнтычнага дэкору. Крыніца: rodniva.by
Што будзе з новай экпазіцыяй музея?
Музейная экспазіцыя колішняга драўлянага будынка ХІХ стагоддзя складалася з сямі залаў: «Прырода», «Гісторыя раёна», «Этнаграфія», «Вялікая Айчынная вайна», «Прамысловасць раёна», «Знакамітыя землякі» і «Чайны пакой княжны Мяшчэрскай» ды яшчэ невялікай выставачнай прасторы. Зараз паўстае пытанне: ці будзе адноўлена старая канцэпцыя музейнай экспазіцыі або паўстане новая? Цалкам верагодна, што некаторыя залы моцна будуць зменены, хоць невядома, ці стануць яны цікавейшымі.
Частка экспазіцыі, што была прысвечана прамысловасці горада. Крыніца: ekskursii.by
Паўстае пытанне наконт таго, ці варта аднаўляць так званы «чайны пакой Мяшчэрскай» (быў створаны супрацоўнікамі ў 2014 годзе), бо аўтэнтычны помнік драўлянага дойліцтва быў знішчаны. Аднаўленне гэтай часткі экспазіцыі выглядала б у пэўным сэнсе здзекам са спадчыны роду Мяшчэрскіх.
Пры варварскай рэканструкцыі са свайго месца быў прыбраны і помнік княгіні Мяшчэрскай (або сучасная яе інтэрпрэтацыя), які знаходзіўся побач з музеем і прыцягваў увагу жыхароў і гасцей горада. Нездарма вельмі яскрава і паказальна летась пра помнік пісаў журналіст дзяржаўнага выдання «Настаўніцкая газета» Іван Грэчка: «Самым вядомым будынкам Клімавіч з’яўляецца былая сядзіба Мяшчэрскіх. У першую чаргу тут варта сказаць пра Марыю Мікалаеўну Мяшчэрскую, арыгінальны помнік якой можна ўбачыць каля ся¬дзібы. Жанчына нібыта запрашае прысесці побач з ёй на бетоннай лаўцы і сфатаграфавацца. Бацька Марыі Мікалаеўны — дваранін, калежскі саветнік, прадвадзіцель дваранства Мсціслаўскага павета. Менавіта ён пабудаваў гэты дом для сваёй дачкі ў 1867 годзе. У той час тут быў цэнтр свецкага жыцця. Князёўна запрашала мастакоў, музыкантаў, вандроўных артыстаў, ладзіла балі. Яна цудоўна валодала французскай мовай, вучыла дзяцей правілам этыкету. Мяшчэрская жыла ў сядзібе да рэвалюцыі... Фотаздымкаў Марыі Мяшчэрскай не захавалася, таму вобраз князёўны, адлюстраваны ў арыгінальным помніку, крыху міфічны».
Помнік княгіні Мяшчэрскай, які прыцягваў увагу турыстаў. Крыніца: старонка клімавіцкага музея «Вконтакте».
Важная адметнасць клімавіцкага музея была ў тым, што гэта бадай, адзіная дзяржаўная культурная ўстанова ў краіне, у экспазіцыі якой знаходзіўся бел-чырвона-белы сцяг ды яшчэ і з «Пагоняй». Невялічкая частка музейнай экспазіцыі недалёка ад уваходу расказвала пра сімволіку Рэспублікі Беларусь, а таксама мясцовы герб.
Падборка беларускіх сцягоў у старой экспазіцыі знішчанай сядзібы музея. Крыніца: alternativaby.net
На сённяшні момант стаўленне афіцыйных уладаў да бел-чырвона-белага сцяга цалкам адмоўнае, таму гэтай часткі экспазіцыі хутчэй за ўсё проста не будзе. Альбо на ўваходзе можа вісець сённяшні афіцыйны чырвона-зялёны сцяг са стэндам пра яго гісторыю, як гэта робяць у некаторых школьных ды краязнаўчых музеях.
Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» ў экспазіцыі музея. Крыніца: wikipedia.org
Адным з самых важных і істотных момантаў будзе мова, на якой будзе «гаварыць» музейная экспазіцыя з наведвальнікамі. Ранейшая музейная прастора часткова была аформлена па-беларуску, часткова па-руску, але цалкам верагодна, што на фоне татальнай русіфікацыі ў Беларусі ў клімавіцкім музеі не будзе ніводнай экспазіцыйнай часткі на матчынай мове.
Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org