З вышывальшчыцай Сашай у нас атрымалася вельмі пранікнёная размова пра шлях ад сямігадовай дзяўчынкі да маладой жанчыны, якая пераасэнсоўвае свае адносіны да беларускіх традыцый, гісторыі і ўласнай сям’і. Штуршком для пераасэнсавання стала вышыўка.
Вышывальшчыца Саша
У межах спецпраекта «Сучасная вечнасць» супольна з брэндам Belaruskicry распавядаем пра жанчын, натхнёных вышыўкай.
Калі дзяўчынцы Сашы было прыкладна сем гадоў, яе ўвагу прыцягнула карціна ў бабуліным доме — гэта была вышытая крыжыкам прыгожая ромская жанчына. Дзяўчынка запыталася ў бабулі пра карціну і даведалася, што яе вышывала стрыечная прапрабабка.
«Мяне вельмі ўразіла тое, што карціна не намалявана, а зроблена ніткамі», — узгадвае Саша.
Бабулі спадабалася зацікаўленасць унучкі, і яна паказала, як вышывае, навучыла некаторым простым шыўкам. А праз некаторы час набыла ўнучцы ў падарунак асабістыя пяльцы і ніткі. Тады Саша ўжо самастойна пачала вышываць розныя кветачкі ды хаткі.
«Гэта, канешне, была не традыцыйная беларуская вышыўка, але гэты момант вельмі паўплываў на маё наступнае развіццё. Я вельмі добра памятаю свае пачуцці, бо гэта быў адзін з момантаў у жыцці, калі мяне як быццам бы прызналі дарослай і роўнай. Падзяліліся са мной нейкім сакрэтам. Даверылі іголку з ніткай. У тым узросце яшчэ не ўсім маім сяброўкам дазвалялі гуляць з такімі рэчамі», — распавядае Саша.
Вярнуўшыся ад бабулі, дзяўчынка пайшла на заняткі па вышыўцы ў мясцовую школу мастацтваў, дзе яе навучылі вышываць крыжыкам, процягам і іншым сучасным тэхнікам.
«Я крыху вышывала: то які падарунак маці, то адзенне для сваіх лялек», — кажа майстрыха.
«Трэба быць сапраўды кемлівым і спрытным, каб у цябе атрымалася прыгожая вышыўка»
Але ўжо ў падлеткавым узросце зацікаўленнасць знікла, з’явіліся новыя інтарэсы, і ўзгадала Саша пра сваё дзіцячае захапленне толькі пасля вучобы ва ўніверсітэце.
«У той час я вельмі выразна зразумела, што мне для шчаслівага жыцця не хапае творчасці. Тады я вышыла сабе цішотку з аўтографам Джона Ленана. Мне спадабаўся працэс і вынік, таму пачала думаць пра тое, што было б цікава зноў займацца вышыўкай. Паспрабавала розныя ўзоры, у мяне з’явілася аўтарская вышыўка «Вока» і ўвогуле спадабалася тое, што я раблю. Праз хуткі час зацікавіліся і мае сябры і пачалі замаўляць цішоткі і для сябе», — расказвае Саша.
Паступова, як яно здараецца з цікавымі рэчамі, «сарафаннае радыё» разнесла навіну пра захапленне Сашы, і цішоткі пачалі замаўляць і іншыя людзі. Але і на гэтым дзяўчына не спынілася.
«У адзін дзень я недзе ўбачыла, што ёсць курсы па беларускай традыцыйнай вышыўцы. І так здзівілася! Дагэтуль я не ведала, як шмат розных спосабаў бывае, акрамя крыжыка і процягу.
Пасля курса вельмі моцна змянілася маё стаўленне да вышыўкі і нашых традыцый агулам. Я па-іншаму пачала ўспрымаць сваіх продкаў. Бо трэба быць сапраўды кемлівым і спрытным, каб у цябе атрымалася прыгожая вышыўка. Табе трэба шмат чаго падлічваць і крыху ўмець глядзець «наперад», каб разумець, што ў цябе ў выніку атрымаецца.
Можа, нашы бабулі і не былі ўсе дужа адукаванымі, мелі ўсяго некалькі класаў адукацыі, але яны ўмелі рабіць вельмі прыгожыя і вельмі складаныя рэчы. Калі я спрабую паўтарыць тое ж самае, мяне гэта кожны раз уражлівае — ну як яны так маглі! Таму вельмі хочацца, каб гэта традыцыя працягвала жыць і далей», — разважае вышывальшчыца.
«Якія таленавітыя ў нас продкі!»
Вышыўка для Сашы — гэта магчымасць «адключыць» мозг і ўзяць паўзу і адпачынак.
«Канцэнтрацыя на дзеянні дазваляе мне не круціць думкі ў галаве. І гэта вельмі прыемны стан, бо ў жыцці ў мяне звычайна ўсё наадварот: увесь час разважаю пра нешта і вельмі хутка стамляюся.
Але вось, калі я вышываю нешта асаблівае, што дазваляе выразіць нейкія пачуцці, ці перадаць свой эмацыйны стан — думаю пра тое, як мне пашчасціла. Пашчасціла адкрыць у сабе гэты талент і карыстацца ім. Праз яго я адчуваю сувязь з сваімі продкамі — я даведалася, што і другая мая прабабуля таксама вышывала.
Думаю пра тое, што гэта вельмі круты занятак, бо гэта мае цеснае дачыненне да беларускай культуры і да нашых традыцый. Я як быццам бы крыху дапамагаю гэтаму працягваць існаваць. Можа, гучыць крыху эгаістычна, але мяне вельмі натхняе гэтая думка.
І яна дапамагае працягваць вышываць і даследаваць гэту крыніцу нават у тыя часы, калі мне здаецца, што гэта ну ўжо нікому не трэба і не цікава», — разважае Саша.
Зараз майстрыха таксама вышывае на замову цішоткі, але перакладае на іх вобразы, якімі натхняецца на старых здымках. А таксама пачала перакладаць на схемы ўзоры з посцілак. Але найбольшае задавальненне яна атрымлівае ад традыцыйнай беларускай вышыўкі.
«Зараз планую скончыць ручнік, мярэжку на якім я рабіла 25 гадзін! Гэта мая першая самастойная праца ў гэтым стылі, і я ў вялікім захапленні. Калі гляджу на яго, то заўсёды ўзнікае думка: «Якія таленавітыя ў нас продкі!». Потым планую паспрабаваць зрабіць для сябе кашулю. Ужо сабрала ўсе магчымыя падручнікі і шукаю натхнення», — расказвае майстрыха.
Чалавек з твайго племені
«Мяне вельмі натхняе візуальная частка і сэнс, які нясуць у сабе вырабы Belaruskicry. Таму я даўно пачала сачыць за гэтым праектам. Гэта ўжо не пра звычайныя ўпрыгожанні. Калі ў жыцці бачу на кімсьці іх рэчы — адразу становіцца так добра на душы. Нават не ведаю, як растлумачыць. Але ты адразу разумееш, што вось побач з табой чалавек як быццам з твайго племені. Нават гаворку завесці ў разы прасцей», — распавядае Саша.
А праз нейкі час майстрыха і сама стала невялікай часткай праекта, дзякуючы сваёй сяброўцы.
«У мяне ў жыцці быў перыяд, калі было патрэбна аднавіць свой стан і адпачыць. Адзін з пунктаў адпачынку — выдаленне сацсетак. Недзе з месяц, ці крыху больш, я не карысталася імі ўвогуле. І вось у адзін дзень мая сяброўка Наста дасылае мне скрын, дзе напісана, што Belaruskicry шукаюць вышывальшчыц для свайго новага праекта!» — расказвае Саша.
Дзяўчына адразу кінулася да тэлефона, зноў усталявала Instagram ды напісала ім. Ёй вельмі хацелася далучыцца да праекта «Сучасная вечнасць», і ў яе атрымалася.
«Калі я ўбачыла, якія жанчыны побач са мной, я была такая шчаслівая! Вельмі ганаруся, што нас так шмат і што ўсе такія таленавітыя і крутыя! Я вельмі натхнілася працай гэтых жанчын і зараз крыху пераасэнсоўваю сваё хобі. Я адчуваю зараз шмат упэўненасці, натхнення і моцы. Для мяне гэта гісторыя з Belaruskicry, як маленькі цуд. І я вельмі ўдзячна ім за гэта», — кажа вышывальшчыца.
Па спасылцы можна спампаваць схему вышыўкі ад Сашы, зробленую для праекта «Сучасная вечнасць».
Цяжкія пошукі скарбу
«Я толькі пачынаю адкрываць для сябе гэтую вялізную частку жыцця, і мяне вельмі радуе, што ўсё больш людзей пачынае цікавіцца вышыўкай. Мы звяртаемся да нашых традыцый і гісторыі ў пошуках натхнення.
Навокал мяне шмат людзей, чыя зацікаўленасць толькі расце. І я знаходжу шмат пазітыву ў тым, што вышыўка робіцца такой папулярнай. Ёсць іншы бок, канешне, калі розныя сімвалы трактуюцца па-новаму, і першапачатковы сэнс ужо адрозніваецца ад таго, што было раней. Але гэта адказнасць кожнага чалавека. Я цалкам за развіццё і інтэграцыю нашай культуры і традыцый у сучаснасць», — лічыць Саша.
У майстрыхі ёсць мара, каб у вольным доступе з’яўлялася больш крыніц, дзе можна знайсці інфармацыю, якая датычыцца беларускай гісторыі і культуры. Нейкая платформа, дзе будзе сабрана бібліятэка, і кожны па запыце зможа знайсці патрэбную інфармацыю. Каб усё было прасцей і даступней.
«Тое, што я бачу ў працэсе самастойнага вывучэння і даследавання, падобна на цяжкія пошукі скарбу. Ты ўвесь час рыеш нейкую інфу, кнігі, артыкулы, спрабуеш усё гэта звязаць у сваёй галаве. Пачуеш нешта — запісваеш, а потым шукаеш, правяраеш. Я стараюся слухаць лекцыі і вэбінары на розныя тэмы, якія датычацца культуры. Мне не хапае адукацыі ў гэтай сферы, таму прыемна, калі ты ведаеш, да каго можна звярнуцца і навучыцца таму, чым цікавішся», — кажа Саша.
Пераезд у Грузію: «Калі апынаюся на роўнай мясцовасці без гор, адразу хачу плакаць»
«Умовы для развіцця культуры ў Беларусі складаныя, і камусьці гэта можа надаваць моц рабіць сваю справу далей, а камусьці наадварот — будзе перашкаджаць», — лічыць майстрыха.
Дзяўчына ўзгадвае, як пры пераездзе ў Грузію ўжо ў дарозе зразумела, што забыла пакласці ў сумку сваю вышыўку. Ды ўвогуле не ўзяла нічога — ні іголку, ні нітак, аніводнага падручніка.
«Я проста забыла... Я так плакала і так хвалявалася, калі зразумела гэта. Потым ужо сябры прывезлі мае рэчы, і сэрца супакоілася. З’явілася адчуванне дому», — узгадвае майстрыха.
Трымаць душэўную раўнавагу ў эміграцыі Сашы дапамагае яе любімая вышыўка, а яшчэ сустрэчы з сябрамі, кнігі і маленькія вандроўкі. Яна знаходзіць шмат падтрымкі сярод людзей вакол сабе.
«Тут я стала часцей звяртацца да нашай гісторыі, нават хутчэй пайшоў працэс пабудовы свайго генеалагічнага дрэва. З бацькамі з’явілася нашмат больш тэм для абмеркавання.
Але я вельмі сумую па прыродзе Беларусі, па вёсках і іх жыхарах. Тут гэта ўсё можна знайсці, толькі прачытаўшы ў кнізе, ці паглядзеўшы які фільм дакументальны, ці фотарэпартаж. А дома трэба было проста сесці ў машыну і паехаць глядзець прыгажосць на ўласныя вочы. Адчуць усім целам.
Зараз, знаходзячыся ў Грузіі, калі апынаюся на роўнай мясцовасці без гор, адразу хачу плакаць. Вельмі сумую па прыродзе, а больш за ўсё, канешне, па бацьках», — кажа Саша.
Фота з асабістага архіва СашыТаццяна Валошка, budzma. org
Чытайце яшчэ: Дзе шукаць інфармацыю пра беларускую традыцыйную культуру: гайд па інтэрнэт-крыніцах