У Нацыянальным гістарычным музеі пачала работу часовая выстаўка «Вышыўка. З калекцыі Алены Іванаўны Дубініч», піша «Звязда». Што ў ёй цікавага і чаму яе варта наведаць?
Аснова экспазіцыі і ўвогуле прадмет асаблівага захаплення Алены Дубініч — ручнікі. Майстрыха нават выдала кнігу «Беларускі ручнік. З мінулага ў дзень сённяшні», у якой сабрала інфармацыю аб вырабленых ёю ручніках (апошняя таксама прадстаўлена на экспазіцыі). Майстрыха перакананая, што ручнікі — больш чым прыгожыя рамесныя вырабы, бо, каб зрабіць сапраўдны абрадавы атрыбут, неабходна выканаць цэлы шэраг правілаў.
Ручнік «Пад каравай»
Ці ведалі вы, напрыклад, што вясельныя ручнікі нельга вышываць ноччу і што іх палатно павінна быць цэльным, без карункаў і тасьмы пасярэдзіне? «Гэтым вы толькі нашкодзіце, разрэзанае жыццё не сшыеш, як бы ні стараўся», — піша ў сваёй кнізе Алена Дубініч. А яшчэ на вясельных ручніках не вышываюць зязюль і салаўёў (першыя з’яўляюцца сімвалам удоў, другія — халасцякоў). Пасля цырымоніі ручнік абавязкова захоўваецца ў сям'і ў скручаным выглядзе, да таго ж яго нікому нельга пазычаць (бо лёс не складзецца).
Асабліва ўразіў ручнік з вышытымі ластаўкамі і рабінай. Як аказалася, ён — пад каравай. Алена Дубініч піша, што такія ручнікі не абмежаваныя ў выбары ўзораў. Хочаш — карункамі ўпрыгожвай, хочаш — кветкамі і пажаданнямі або птушкамі. Але тут трэба заўважыць, што птушкі абавязкова павінны цалавацца. І ніякіх зязюль і салаўёў! А вось вышытыя выявы ластавак, сокалаў, пеўняў, індыкоў і паўлінаў — калі ласка.
Ручнік «Для звязвання рук маладым»
Яшчэ цікавая гісторыя ў ручніка, прызначанага для звязвання рук маладым. Сімвалы ў першым радку — дарога да вянчання. У другім — працэс абраду. Трэці рад азначае моцную сям’ю. А чацвёрты змяшчае «дрэва жыцця», на якім мы бачым не толькі маладую пару, але і іх дзяцей.
Трэба адзначыць, што на гэтай выстаўцы можна ўбачыць таксама два запатэнтаваныя сувенірныя ручнікі — «Мінск» і «Нясвіж». На іх вышытыя гербы гарадоў, стылізаваная народная сімволіка і арнамент, які адпавядае гісторыі канкрэтнай мясцовасці.
Наведаць выстаўку можна да 7 жніўня.
Лізавета Голад, фота аўтара, «Звязда»