У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адкрылася мастацка-дакументальная выстава «Адам Багдановіч. Мае ўспаміны...»

З 23 студзеня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча распачаў працу выставачны праект, прысвечаны вядомаму этнографу, педагогу, мемуарысту, бацьку класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча — Адаму Ягоравічу Багдановічу.


424.jpg

За сваё доўгае жыццё Адам Багдановіч стаў сведкам шматлікіх падзей, што адбываліся на тэрыторыі Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ — першай палове ХХ ст. Нарадзіўся ў сям’і былых прыгонных сялян, атрымаў адукацыю ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, некалькі разоў кардынальна мяняў род дзейнасці, жыў у розных вёсках і гарадах.

У аснову выставачнага праекта «Адам Багдановіч. Мае ўспаміны» пакладзены тры блокі мемуараў. 

Першая частка звязана з успамінамі Адама Ягоравіча, прысвечанымі Халопенічам, яго малой радзіме, бабулі Рузалі Казіміраўне Лісоўскай, бацькам і іх родным. 

Другі блок выставы прэзентуе мемуары Адама Багдановіча, прысвечаныя народавольчаскай дзейнасці. Гэтыя ўспаміны раскрываюць жыццё Мінска напрыканцы ХІХ стагоддзя, распавядаюць пра падзеі і асоб, калег Адама Багдановіча па партыі і самых блізкіх сяброў, стасункі з якімі ён падтрымліваў да апошніх дзён жыцця. 

Трэцяя частка выставы прысвечана мемуарам А.Я.Багдановіча пра А.М.Горкага і Ф.І.Шаляпіна, гэтыя ўспаміны па розных прычынах доўгі час не публікаваліся.

У выставачным праекце «Адам Багдановіч. Мае ўспаміны» прэзентуюцца арыгінальныя каштоўныя экспанаты з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і копіі матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Архіва А.М.Горкага, Дзяржаўнага архіва Пермскага края, прыватнага архіва Марыі Стараверавай.

Выстава працуе з 23 студзеня да 23 красавіка 2023 года.