23 студзеня прысутныя ўбачаць работы жывапісцаў, графікаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Мінска і Узды: Андрэя Лычкоўскага, Фёдара Ладуцькі, Яўгена Шунейкі, Уладзіміра Сайко і Вольгі Гацко.
Пра гэта Край.бай паведаміла навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Надзея Аўдзей.
– Вілейскі край багаты сівымі легендамі і паданнямі. Многія векапомныя падзеі, якія адбываліся на Беларусі, пакінулі свой след і на берагах Віліі. З кожным годам Вілейка становіцца ўсё больш сучасным горадам, але ў ім на старых вуліцах цудоўна захоўваецца даўняя архітэктура. Вельмі маляўнічы і сам горад, і яго наваколле, – адзначыла суразмоўца. – Менавіта з Вілейкі распачынае сёлета сваю выставачную дзейнасць мастацкая суполка “Адраджэнне”. У яе склад уваходзяць жывапісцы, графікі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Мінска і Узды: Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька, Яўген Шунейка і Уладзімір Сайко. Ужо некалькі год запар яны вандруюць па Беларусі і праводзяць сумесныя выставы ў Полацку, Крычаве, Лідзе, Слоніме і іншых гарадах краіны.
Выставы мастакоў носяць эстэтычна-асветніцкі характар, на сваіх палотнах яны паказваюць багацце тэм і сюжэтаў нашай гісторыі і сучаснасці, акцэнтуюць увагу на разнастайнасці прыродных матываў.
На выставе будзе прадстаўлена і Першая сусветная вайна. Ёсць сярод твораў і вобраз вялікага мастака-рэфарматара Уладзіслава Страмінскага, які тут перажыў актыўны перыяд сваёй творчасці. А таксама шэраг пейзажаў, якія з’яўляюцца вынікам смелых каларыстычных і тэхнічных эксперыментаў на падставе працы з натуры, на чыстым паветры на працягу аднаго сеанса.
У выставе таксама прымае ўдзел мастачка Вольга Гацко, ураджэнка Радашковічаў Маладзечанскага раёна. У апошні час яна актыўна займаецца дэкаратыўным жывапісам у жанры нацюрморта і пейзажа.
Адрыццё выставы запланавана на 15.00 у выставачнай зале імя Н. Сілівановіча.
Юлія Лахвіч, Край.бай