4 жніўня ў музеі Якуба Коласа распачала сваю працу часовая экспазіцыя «Жахлівая прыгажосць», прысвечаная культуры пасмяротных масак.
Імкненне захаваць вобраз памерлага знаходзіла праяву ў розныя часы і ў розных культурах, але за кожнай традыцыяй стаяла разуменне непазбежнасці знікнення цела і, асабліва, твару, як найвыразнейшага ўвасаблення рыс індывіда.
Дакладнай інфармацыі, калі традыцыя стварэння пасмяротных масак з’явілася на тэрыторыі беларускіх земляў і як яна развівалася, на жаль, у адкрытым доступе няма.
Выбудаваць іерархію беларускіх скульптараў, якія прыклалі сваю руку да гэтага далікатнага віду скульптуры, дастаткова складана. Хоць ва ўсім свеце пасмяротныя маскі адназначна ставяцца да разраду мастацтва, многія беларускія скульптары не афішуюць сваё дачыненне да стварэння пасмяротных масак.
На выстаўцы «Жахлівая прыгажосць» можна ўбачыць пасмяротныя маскі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў — Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Петруся Броўкі, Уладзіміра Караткевіча і жонкі Янкі Купалы, Уладзіславы Луцэвіч, а таксама кампазітара, аўтар гімна «Мы беларусы» Несцера Сакалоўскага і скульптара Андрэя Бембеля, — адзначаецца ў анатацыі да выставы.
Пасмяротныя маскі Петруся Броўкі і Уладзіміра Караткевіча. Фота: Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
Пасмяротная маска Якуба Коласа, выкананая народным мастаком Беларусі Заірам Азгурам. Фота: Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
Экспанаты паходзяць як з фондаў музея Якуба Коласа, так і прывезены з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, музея Янкі Купалы, Бягомльскага музея народнай славы, музея-майстэрні Заіра Азгура і прыватных фондаў Таццяны Бембель і Алены Сінькевіч.
Выстаўка «Жахлівая прыгажосць» будзе працаваць у Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа па 30 жніўня 2025 года.