Выступ веры буланда ў Белаазёрску
Свята паэзіі, прысвечанае жыццю і творчасці Ніны Мацяш, праходзіла ўжо пяты раз у Белаазёрску. У гэтым годзе арганізатары традыцыйнага мерапрыемства задзейнічалі два дні: 19 верасня у ДК Белаазёрска для землякоў Ніны Мацяш Галіна Дзягілева Мінскага тэатра “Зьніч” прадставіла спектакль “Пачакай, сонца!” па творах Ніны Мацяш і яе перакладах з украінскай мовы. Назаўтра, 20 верасня, пасля конкурсу чытальнікаў ў гімназіі № 3 адбыліся паэтычныя чытанні ў цэнтральнай бібліятэцы Белаазёрска, дзе сабраліся паэты і навукоўцы з Мінска Анатоль Вярцінскі, Людміла Паўлікава-Хейдарава, з Бярэсця Марыя Новікава, Святлана Варонік, а таксама землякі і сваякі слыннай паэтэсы: Зінаіда Дудзюк, Святлана Васілеўская, Мікола Жуковіч, Алена Мацяш.
Вера Буланда ад кампаніі “Будзьма беларусамі” павіншавала са святам усіх прысутных.
Імкнецца нехта ў край заморскі,
Карпаты, Турцыю, Канары…
З той восені ў Белаазёрску
І думкі ўсе мае, і мары.
Цудоўны край людзьмі, прыродай,
Вясёлка й Сонца – ў кожнай хаце.
Я ведаю – і з той нагоды
Спяшаюся сюды за Шчасцем.
За лекамі душы і сэрца –
Паэзіі славутай Мацяш,
Каля яе радкоў пагрэцца –
А гэта – ой, як многа значыць.
І сёння, хто ў Белаазёрску,
Той звязаны вось гэтым небам,
Пагодай шчырай вераснёўскай
І насамрэч найшчодрым хлебам!
Шмат цікавых звестак прысутныя пачулі ад Анатоля Вярцінскага, ад сястры Ніны Мацяш Алены Мацяш, паэтэсы Зінаіды Дудзюк і інш. Нязменныя арганізатары свята Галіна Скарына і Тамара Кузняцова прадаўжаюць захоўваць і прапагандаваць творчасць сяброўкі сваёй і настаўніцы Ніны Мацяш. Яны ў яе вучыліся дабраце, шчырасці, спагадлівасці і ўдзячна берагуць і ўспаміны, і парады, і навуку:
Не знадзейвайся. Перажыві.
Хоць якая, ды ёсць патоля:
Намарозіць радня па крыві –
Адагрэе радня па долі.
Кранальныя радкі паэткі Ніны Мацяш і запамінаюцца надоўга, і западаюць у душу сваёй балючай праўдай рэальнага жыцця, ранімага сэрца творчага чалавека, якога, дзякуй Богу, праўда, не заўсёды, але калі-нікалі “адагрэе” радня па долі, па духу.
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі” і арганізатарам, і гасцям свята былі ўручаны падарункі: торбачкі, майкі і паштоўкі “Мы – адметныя”, “Не маўчым па-беларуску”.