22 траўня Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” наведалі Пухавіцкую зямлю. Яны выступілі ў школах вёсак Грэбень і Азярычына.
Вясёлыя загадкі і песні, сур’ёзныя аповеды і пытанні стварылі незабыўную атмасферу, якая праходзіла ў бэзавым водары. Квітнеў не толькі бэз, квітнелі і ўсмешкі на тварах выступоўцаў і слухачоў. Яно і зразумела: адным было прыемна выступаць, а другім слухаць беларускае слова і музыку. Ды і прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” дадавалі прыемнага настрою. Ну, а выступоўцаў адарылі неверагоднымі воплескамі і аблокамі бэзу.