Першы ў Беларусі Inspirefest прайшоў у Магілёве на набярэжнай ракі Дубравенка недалёка ад майстэрні вядомага беларускага скульптара Андрэя Вараб’ёва 23 чэрвеня і, нягледзячы на жахлівае надвор’е, сабраў і, спадзяемся, натхніў не так ужо мала магілёўцаў. Лозунгам фестывалю стаў заклік «Выяўляй сябе — натхняй іншых».
Inspirefest — гэта эксперыментальны фестываль творчасці і мастацтваў. Яго ідэя — натхняць адных, паказваючы тое, што робяць іншыя: людзі вызваляюць сваю ўнутраную энергію, і ў свеце робіцца больш розных клёвых і цікавых рэчаў. Такія натхняльныя фестывалі ўжо некалькі гадоў праходзяць ва ўсім свеце, для Беларусі ж магілёўскі фэст стаў дэбютным. Узяць удзел у ім запрасілі ўсіх ахвочых. Любы беларус у рамках мерапрыемства мог прадставіць шырокай публіцы вынікі сваёй творчасці без якіх-небудзь жанравых абмежаванняў: музыка, тэатр, танец, фатаграфія, жывапіс ці перфоманс. На жаль, ахвочых аказалася значна менш, чым хацелася б і чым гатовыя былі прыняць і фестываль, і гледачы, але мы ўпэўненыя: гэта ўсяго толькі пачатак, і з часам мерапрыемства вырасце ў нешта сапраўды грандыёзнае.
Большасць удзельнікаў фэсту — мастакi і дызайнеры ўсіх відаў і кірункаў.
— Мерапрыемства аказалася нечакана моцным для Магілёва, — дзеліцца сваімі ўражаннямі адна з удзельніц фестывалю, мастачка Ганна. — Любому творцу патрэбны глядач, без гэтага ён не зможа існаваць, рабіць у стол — у корані няправільна, я лiчу. Вядома, з развіццём сацсетак знайсці свайго гледача стала прасцей, але без жывых зносін таксама нельга. Гэта магутны абмен энергіяй, магчымасць імгненна ўбачыць рэакцыю на тое, што ты робіш, заразіцца пазітывам і натхніцца, каб рабіць новыя клёвыя штукі.
Многія прыехалі на Inspirefest толькі дзеля музыкі. Сапраўднымі хэдлайнерамі мерапрыемства сталі рэгі-калектыў Bez.not і рэперы Belaroots.
— Я здзіўлены крутой арганізацыяй, — прызнаецца музыка Аляксандр. — Дастаткова мала мерапрыемстваў могуць дазволіць сабе такі добры гук, гэта сапраўдная праблема многіх беларускіх фэстаў, але тут ён быў на вышыні, для музыкі гэта вельмі важна.
На фестывалі можна было не толькі паглядзець карціны і паслухаць добрую музыку, але і ўзяць удзел у майстар-класах, пагутарыць з разумнымі людзьмі, знайсці аднадумцаў і нават заняцца самаадукацыяй! З лекцыяй пра тое, чаму не варта з’язджаць з невялікіх гарадоў, важна быць актыўным і як гэта ўплывае на навакольных, выступіў спецыяльны госць фестывалю, сацыёлаг, кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў.
— Мне як фатографу заўсёды хочацца здымаць цікавых людзей, — прызнаецца яшчэ адна ўдзельніца фестывалю Іна. — На жаль, надвор’е ўнесла свае карэктывы: усё завярнуліся ў курткі і дажджавікі, але ўсё роўна было крута. Inspirefest — гэта як галерэя пад адкрытым небам, свой маленькі свет, дзе ўсе творцы, і гэта крута!
Іра Тонева, Марыя Гілёва