Пісьменнік і краязнавец Леанід Лаўрэш апублікаваў дзве кнігі, якія знаёмяць чытача з гісторыяй міжваеннай Вільні і Заходняй Беларусі агулам. Адна з іх — скарочаны пераклад «Віленскага альбому» Станіслава Лорэнца, другая — зборнік выбраных артыкулаў віленскага пісьменніка і журналіста Юзафа Мацкевіча. Тэксты перакладзеныя з польскай мовы і даступныя для вольнага спампоўвання ў фармаце PDF на сайце Academia.edu, піша bellit.info.

У зборнік «Тут заўсёды было сэрца Вялікага Княства...» ўвайшлі пераклады некаторых газетных артыкулаў Юзафа Мацкевіча 1930-х гадоў, перадусім тых, якія на думку перакладчыка былі б цікавыя беларускаму чытачу. Сярод іншага, некалькі інтэрв’ю з драматургам, тэатральным дзеячам і празаікам Францішкам Аляхновічам пасля адбыцця некалькіх гадоў катаргі ў Салавецкім лагеры.
«Дадам яшчэ, што мне як пісьменніку, было небескарысна займацца перакладам Мацкевіча, бо яго проза, яго стыль, яго крытыч- ны і саркастычны розум, па-сапраўднаму завабліваюць. Есць у гэтым зборніку і некалькі тэкстаў яго брата Станіслава, якія сэнсава дапаўняюць артыкулы Юзафа Мацкевіча», — піша ва ўступным слове перакладчык Леанід Лаўрэш.

«Віленскі альбом» ўяўляе сабой выбраныя ўспаміны доктара Станіслава Лорэнца (Stanisław Lorentz), віленскага кансерватара ў 1929–1935 гадах, які адказваў за захаванне і рэстаўрацыю гістарычных помнікаў.
Станіслаў Лорэнц нарадзіўся 28 красавіка 1899 году ў Радаме (Польшча), памёр 15 сакавіка 1991 году ў Варшаве. Польскі мастацтвазнавец, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта (1947 год), ганаровы член многіх еўрапейскіх акадэмій, эксперт ЮНЕСКА.
Пасля заканчэння аспірантуры восенню 1924 году Лорэнц застаўся працаваць у Варшаўскім універсітэце. У 1927 годзе стаў чыноўнікам Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы. У 1929–1935 гадах узначальваў аддзелы аховы помнікаў у Віленскім і Наваградскім ваяводствах, адначасова выкладаў у Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, з’яўляўся загадчыкам аддзела мастацтваў у віленскім ваяводскім кіраванні. У работах 1930-х гадоў даследаваў асобныя пытанні развіцця беларускай архітэктуры. Аўтар манаграфіі пра I. К. Глаўбіца «Ян Кшыштаф Глаўбіц, віленскі архітэктар XVIII ст.» (1937).
У выданні згадваюцца важныя для беларусаў прозвішчы: ад Фердынадна Рушчыца і Яна Булгака да Адама Міцкевіча і Антона Луцкевіча.

Абедзве кнігі змяшчаюць каментары ад ўкладальніка і перакладчыка Леаніда Лаўрэша.