Віцебск — горад нявест. Байка заезджаная і канчаткова не пацверджаная, аднак хто-хто, а віцебскія дзеўкі аповеду вартыя. Асабліва галасістыя. Мы сустрэліся з прадстаўніцамі дзявочага фальклорнага гурта “Паўночная Сухадроўка” і паразмаўлялі пра рэкі Віцебшчыны, бабуліны спевы ды рытуальныя пацалункі.
Вядомасць да самабытнага гурта “Паўночная Сухадроўка” прыйшла ў мінулым снежні, калі рок-сцэну Віцебска падчас штогадовага “Каляднага драйву” скаланула шок-папуры з заходніх поп- і рок-хітоў і беларускіх народных песень у выкананні мілых дзяўчат, якія, спяваючы, час ад часу кідалі “казу” ў аб’ектывы фотаапаратаў. Гэта быў адзіны выпадак, калі “Паўночная Сухадроўка” выкарыстоўвала музыку: звычайна ўдзельніцы гурта аддаюць перавагу народным песням, якія спявалі нашыя бабулі і дзядулі, седзячы на вясковых лавачках.
“Сухадроўка — не амбіцыйная, але такая шчырая…”
Назва гурта паходзіць ад невялічкай рачулкі Сухадроўкі, што працякае праз Віцебскі і Лёзненскі раёны і ёсць правым прытокам Лучосы. Паўночная — бо гурт віцебскі.
“Мы называемся рэчкай, бо ўвесь час адна адну дапаўняем. Сухадроўка — яна зусім маленькая ў параўнанні з Лучосай. Яна не амбіцыйная, але такая шчырая. І жывая, нягледзячы на тое, што Сухадроўка”, — тлумачаць свой выбар дзяўчаты.
“Няпісаная ўстаноўка — ніякіх абмежаванняў”
“Паўночная Сухадроўка” — як пазіцыянуюць сябе самі ўдзельніцы — згуртаванне вельмі творчых і вельмі маладых людзей, для якіх захапленне ўлюблёнай справай мяжуе з прафесійным заняткам. Колькасць удзельнікаў час ад часу змяняецца, але ёсць асноўны касцяк. Дзявочы. Алена Субоціна, Марына Пятрова, Ганна Краўчанка, Святлана Вакула, Анастасія Кірылава, Святлана Чакушка, Станіслава Цярэнцьева — вось яны, галоўныя героі “Сухадроўкі”. Няпісаная ўстаноўка — ніякіх абмежаванняў, узрост ці прафесія спевакоў значэння не маюць. Пацверджанне — склад гурта: тут і гісторыкі, і медыкі, заатэхнік і перакладчык. Паспяваць разам дзяўчаты перыядычна запрашаюць і мясцовых хлопцаў, часам да іх далучаюцца вядомы лепельскі дудар Васіль Шкіндзер, наведваюцца і прадстаўнікі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Магілёва.
“Мы — Паўночная Сухадроўка, яны — Усходнія Лосі, — смяецца Марына Пятрова. — А наогул некаторыя прыхільнікі проста прыходзяць час пабавіць: паслухаць песні, паўдзельнічаць у абрадах. Ёсць такі хлопец Стась — былы крышнаіт, яго асноўная функцыя — прасвятленне “Сухадроўкі” праз чаяванне. Ён прыходзіць, бадзяжыць нам матэ, а мы сядзім і прасвятляемся. Ці Андрэй Казлоў, які нас не толькі падтрымлівае, але і ёсць нашым асабістым фатографам. “Сухадроўка” адкрытая да рознага кшталту эксперыментаў. Напрыклад, арганізатары “Каляднага драйву” ў Віцебску папрасілі нас стварыць святочны настрой. Мы, улічваючы спецыфіку мерапрыемства, звярнуліся да знаёмых хлопцаў з рок-гурта — у той вечар грымучая сумесь народных спеваў з заходнімі поп- і рок-хітамі парвала залу. У Віцебску з’явіўся сімфанічны аркестр, а ў нас — ідэя зрабіць нешта ў стылі сімфа-фолку і паспрабаваць з ім паспяваць. Але маем і праблемы. Напрыклад, адну з нашых дзяўчатак, Святлану Вакула, размеркавалі ў Чэрвень. Для нас гэта вялікая страта — мы нават не ўяўляем “Сухадроўку” без яе”.
“Доўга запрагалі, але хутка паехалі”
Вытокі “Паўночная Сухадроўка” бярэ з віцебскай філіі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Падчас спробаў адрадзіць народную культуру будучыя ўдзельніцы гурта і пазнаёміліся. Доўга запрагалі, але хутка паехалі — спатрэбілася амаль два гады, каб дзяўчаты зразумелі: толькі песні, толькі народныя.
Афіцыйна гурт адносіцца да культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна” (у народзе — “Задзвінне”). Узаемавыгада руліць: “Задзвінню” ёсць што паказаць, дзяўчатам ёсць дзе рэпетаваць — установа дала гурту памяшканне. Тое, што база “Сухадроўкі” знаходзіцца ў былой венералагічнай клініцы, а менавіта ў мужчынскім працэдурным кабінеце, дзяўчат не бянтэжыць:
“Часам у нас пытаюцца, як мы можам тут спяваць, — кажа Анастасія Кірылава. — Але атмасфера тут цудоўная. Побач дзіцячая студыя выяўленчага мастацтва, ужо пасля клінікі тут была “Маляванка” — кабінецік, дзе дзеці фарбы пакідалі і гарбату пілі. Так, на сценцы бальнічная кафля, але мы зрабілі ўсё магчымае, каб памяшканне стала ўтульным. У пакоі пад намі таксама гурт грае, і мы спаборнічаем па моцы гуку — хто каго”.
“Бабкі нас блаславілі”
Амаль ніхто з удзельніц гурта не мае музычнай адукацыі, аднак кожная з дзяўчат так ці інакш мела справу з ігрой на музычных інструментах: хтосьці грае на трубе і скрыпцы, хтосьці — на фартэпіяна і барабанах, баяне.
“Я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, — кажа галоўны хормайстар гурта Святлана Чакушка. — Таксама прайшла цудоўную спеўную школу гістарычна-культурніцкага клуба “Княжыч” часоў яго залатога росквіту, калі там была Вольга Емяльянчык — адна з заснавальнікаў гурта Guda. Так, мы не прафесіяналы, але бабулі таксама не маюць музычнай адукацыі, што не перашкаджае ім спяваць усё жыццё. Справа ў адчуваннях, калі ты песню праз сябе прапусціў — яна пачынае гучаць у душы”.
Рэпертуар “Сухадроўкі” — народныя спевы, часткова сабраныя самімі дзяўчатамі падчас этнаграфічных экспедыцый, часткова ўзятыя з агульнага СЭТаўскага архіву.
“У нас строга — зазначае Алена Субоціна. — Пэўныя абрадавыя песні можна спяваць толькі ў дакладна вызначаны час: купальскія — на Купалле і г.д. А вось пазаабрадавыя — лірычныя, рэкруцкія, сямейна-бытавыя — калі ласка, хоць круглы год. Мы звычайна песні расшыфроўваем слоўка ў слоўка, каб гучалі як у бабак. “Галоўка забалела”, “Голуб на дубочку”, “Каваль” — у кожнай з нас свая любімая. Усе песні гучаць адпаведна з часам: калядныя спяваць цяпер зусім не хочацца, затое на купальскія вельмі цягне. Улетку мы ўдзельнічалі ў этнаграфічнай экспедыцыі, ладзілі канцэрцік на Берасцейшчыне — сябры жаніліся. Неяк бабкі нас тады як блаславілі, так уся справа і пайшла гладка”.
“Сухадроўка” — наша ўсё
Не варыцца толькі ў сваім — асноўны прынцып, якога прытрымліваюцца ў “Сухадроўцы”, таму дзеўкі ўдзельнічаюць у канцэртах самага рознага кшталту, ад “Свята лёну” ў дзіцячым доме ў Бабінічах да гукання вясны ў Вязынцы. Праекты, зразумела, не толькі спеўныя. Напрыклад, арганізацыяй прэзентацыі альманаха “Сівер”, правядзеннем канцэртаў Рамана Яраша, Яўгена Барышнікава займаліся таксама яны. Ганна Краўчанка прэзентавала “Забаўлянкі для Янкі” на “Кірмашы праектаў”. Цяпер “Сухадроўка” хоча паспрабаваць выйсці за рамкі — з’ездзіць на які міжнародны фестываль, аднак тут патрэбныя сродкі і спонсар.
“Ты тут пытаеш, ці маем мы даход ад “Сухадроўкі”. Так, мы можам выступіць перад турыстамі ці на карпаратыве кшталту “газпрамаўскага”, — кажуць дзяўчаты. — Але збольшага мы ўсё робім на валанцёрскай аснове, бо тое, чым мы займаемся, — для душы. Часам едзем на які фэст у электрычцы, спяваем, а бабулькі падыходзяць, просяць паўтарыць і плачуць ад пачуццяў. Гэта многага вартае. А наконт рытуалаў гурта… Мы шмат абдымаемся і цалуемся і так падтрымліваем адна адну, бо па жыцці мы сяброўкі і “Сухадроўка” — наша ўсё”.
Аляксандра Дварэцкая
Аўтар фота і відэа: Андрэй Казлоў