Хлебныя крэўныя. Вясельны каравай (Частка ІІ)

Да каравая ставіліся як да жывой істоты. Пакуль каравай сядзеў у печы, кабеты спявалі:

Абазваўся каравай з печы:
Дзе ж мае каравайніцы,
Ці на мяду запіліся,
Што на мяне забыліся?

Пакуль выпякаўся, ён “жаліўся”:

Жалаваўся каравай у печы:
Пасмаліў я ж плечы.

Гатовы галоўны каравай даставалі з печы:

Да бярыце меч, да рубіце печ.
Каравай з печы не лезе.
Ці ён багат, ці ён рагат?
Нельга к яму прыстаці,
Ён іграе ў пячы.
– Як жа мне не іграці,
Што на мяне часта пазіраюць,
А сырам, маслам паліваюць.

Яго ставілі на века ад дзяжы, папярэдне пасыпанае зернем і засланае абрусам. І каравай “прамаўляў”:

Дайце мне пасашок падпірацца, а да клеці дабрацца!
А рагат я, багат я, а ў малыя дзверкі не ўлезу.

Каравай мог паказаць лёс маладых: напрыклад, вялікая расколіна пасярэдзіне прадказвала няўдалы шлюб.

Перад аздабленнем яго абмазвалі мёдам, яйкамі, абсыпалі сырам:

Дайце сыру, масла,
Каб яго цела згоела.

Калі каравай астываў, браліся за яго ўпрыгожванне. Выкарыстоўвалі два падыходы: фігуркі (мужчынскія і жаночыя) з цеста, альбо так званыя шышкі. На каравай маладой ставілі вялікую фігурку гускі, а вакол – маленькія гусачкі, зорачкі, кветачкі, каласкі. Яго абкручвалі сплеценай з цеста касой (сімвалам дзявоцкасці). Пасярод каравая маладога найчасцей быў паўмесяц альбо мужчынскія фігуркі (певень, мядзведзь, конь, верабей). Маглі вырабляцца фігуркі асноўных вясельнікаў: маладыя, дружкі, сваты, музыкі. Упрыгожвалі таксама кветкамі (жывымі ці з каляровай паперы), вянком з каласоў:

Убірайся, каравай, то ў мяту, то ў руту,
То ў ружовыя кветкі, каб любілі дзеткі.
Старшая каравайніца па лугу хадзіла,
Да каліну ламіла, каравая квяціла,
Увесь род звесяліла.

Экскурсія-лекцыя Вясельны каравай - Мотальскі музей народнай творчасці

Шышкамі (расохамі) называюць галінкі вішні (для маладой) і грушы (для маладога). Яны бяруцца як мага вышэйшымі, могуць дасягаць паўметра.

Ой ты, каравай, раю,
Я цябе ўбіраю,
Шышкамі ды бяленькімі,
Цвяточкамі зеляненькімі.

Напрыклад, тышкавіцкі вясельны каравай (в. Тышкавічы Іванаўскага р-на) упрыгожваецца такім чынам. Бярэцца пяць шышак. У караваі нявесты мусяць быць дзве шышкі з двума парасткамі (двойчастыя) і тры шышкі з трыма парасткамі (тройчастыя). У караваі жаніха – тры шышкі з двума парасткамі і дзве з трыма парасткамі. З галінак здзіраецца кара, абвіваецца цестам і запякаецца ў печы, потым аздабляюць папяровымі кветкамі, барвінкам.

Каб шышкі стаялі больш трывала, іх маглі абвязаць чырвонай стужкай. Сам каравай абкручвалі вышытым ручніком, накрывалі каляровай ці белай хусткай. Падчас дзяльбы каравая род маладога і маладой мяняліся гэтымі шышкамі: тройчастую з каравая маладой аддавалі бацькам маладога, а двойчастую з каравая маладога – бацькам маладой.

Аздаблялі каравай таксама абаранкамі (альбо нават калачамі): іх змяшчалі наверсе і ўпрыгожвалі кветкамі альбо нанізвалі на каравайную стужку.

Вядома, што яшчэ ў ХІХ ст. на караваі змяшчалі выявы спарвання: певень на курыцы, гусак на гусцы, кабан на свінні, а таксама вобразы родавых органаў, мужчынскіх і жаночых.

Каравай маладога часцяком рабілі ў форме паўмесяца. Каб надзяліць караваем увесь род, ён выпякаецца вялікім: у выглядзе круглай кулідкі мог дасягаць 20 кілаграмаў і да 1,5 метра ў дыяметры:

Расці, каравай, вышай сталпа залатога, залатога,
Вышай Яся маладога, маладога,
Расці, караваю, вышай каня варанога, варанога,
Вышай Яся маладога, маладога,
Расці, караваю, вышай топалю высокага, высокага.

Гатовы аздоблены каравай бацька выкупаў у каравайніц за пачастунак і выносіў у клець, ад сурокаў:

Дзе падзеўся гаспадар?
Няхай выкупіць каравай,
Няхай вязе бочку мядочку, а віна дзве,
Да выкупіць каравайку увесь сабе.

Гаспадары шчодра частавалі каравайніц:

Каравайнічкі п’яны да ўсё цеста пакралі
Да ў кішэнечкі схавалі,
А кішэнечкі адарваліся, а мы сораму набраліся.
Старша каравайніца да на парозе ўпала
І ногі задрала.
Смяяліся хлопцы, што ў чорнай сарочцы,
Чорна да палатняна, прабачайце, я п’яна.
А за каравая куса ўсю ноч таўкуся,
Дайце мне хаця шышачку, каравая крышачку.

 

Алесь Прышывалка, кіраўнік праекту ŽORNY

 

Частка І >>