Хлебныя крэўныя. Вясельны каравай (Частка 1)

Вясельны каравай — гэта не проста хлеб, прымеркаваны да свята; гэта хлеб абрадавы, сімвал будучага сямейнага шчасця і дабрабыту. Усё беларускае вяселле адбываецца вакол каравайных абрадаў. Яны вядомыя паўсюль на Беларусі, і ў кожным рэгіёне свае асаблівасці. Найбольш разгорнута абрады выконваюцца на поўдні, дзе кожны этап прыгатавання ладзіцца з мноствам рытуалаў, цырымоній, песень і заклінанняў. У якасці галоўнага вясельнага хлеба каравай вядомы яшчэ ва Украіне.

Паводле версіі даследчыкаў, слова каравай паходзіць ад kravya, што ў перакладзе з санскрыту азначае мяса. Гэткі ж корань маюць словы карова, кроў. Мяркуюць, што каравай увасабляе пераход ад рэальнага ахвярапрынашэння жывёлы да сімвалічнай ахвяры ў выглядзе расліннай ежы.

Каравай ёсць адзнакай нараджэння “новых” людзей — мужа і жонкі — і таму выпякаецца толькі аднойчы, пры першым шлюбе. Выпяканне каравая сімвалізуе мяжу, пасля якой вяселле ўжо мусіць адбыцца ў любым разе.

Стварэнне новай сям’і немагчымае без надзялення маладых “новай” доляй, што звязана з пераразмеркаваннем калектыўнай долі. Гэтая ідэя ўвасобленая ў каравайным абрадзе, які ўспрымаўся як касмічны па маштабах:

Сам Бог каравай месіць,
Прачыстая свеціць,
Месяц у печ саджае,
Зоранька закладае,
Сонейка запякае.

Часцей за ўсё каравай выпякалі ў суботу напярэдадні вяселля альбо ў дзень, калі маладыя ехалі да шлюбу. Даўней на Палессі найбольш спрыяльным днём, каб рашчыняць каравай, лічыўся чацвер. Аднак калі хтосьці з маладых нарадзіўся ў чацвер, то гэта адбывалася ў пятніцу альбо сераду. Пяклі два караваі: адзін у хаце нявесты і адзін у хаце жаніха. Для гэтага бацькі (радзей самі маладыя) запрашалі каравайніц:

Ой, чыя  гэта матанька
Па ўсіх вулачках ходзіць,
Па ўсіх вулачках ходзіць
Дый суседак просіць:
“Ой, суседачкі вы мае,
Дый хадзіце вы да мяне
І к майму дзіцяці каравай выпякаці!”

У народнай культуры дзейнічае прынцып падабенства, таму да выбару жанчын-каравайніц ставіліся з вялікай адказнасцю. Удовам і бяздзетным кабетам браць удзел у абрадзе забаранялася, запрашалі паважаных кабет, дбайных і руплівых гаспадынь, шчаслівых у шлюбе. Маці маладых звычайна у абрадзе ўдзелу не бралі.

Лічылі, што чым больш будзе людзей, шуму, весялосці і жартаў, тым лепш удасца каравай, а разам з тым і будучае жыццё маладых.

Выраб каравая сімвалічна прыпадабняўся зачаццю і нараджэнню дзіцяці, дзе жаночым улоннем былі дзяжа і печ. Таму ў гэты час часцяком спявалі “саромныя” песні:

Тупнула не памалу,
Падкацілася пад лаву,
Падкацілася пад лаву,
Падкацілася пад Грыца,
Бо я яго маладзіца.

Каравай уяўляўся настолькі моцнай крыніцай плоднасці, што нават абрад выпякання жартам успрымаўся “небяспечным” для саміх каравайніц:

Каравайніцы-мядзведзі,
Не начуйце ў дзяжы.
Калі будзеце начаваці,
То зробіце па дзіцяці.

Зазвычай пачынальніцай (старэйшай каравайніцай) была хросная маці альбо цётка. Яна кіравала ўсім працэсам, першая пачынала кожны этап (рошчыну, замешванне, аздабленне) і звярталася да бацькоў з просьбамі бласлаўлення:

— Ці благаславіце каравай учыняць?
— Бог благаславіць! — тройчы гучна адказвалі бацькі.

Існавалі пэўныя правілы выпякання каравая:

Ніхто не ўгадае, што ў нашым караваі.
З сямі палёў пшаніца,
З сямі крыніц вадзіца,
З сямі кароў масла,
А яец паўтараста.

Звычайна кожная каравайніца прыносіла з сабою свае складнікі. У печы палілі бярозавымі, сасновымі, дубовымі дровамі. Начынне (дзяжа, лапата, памяло і іншыя) выкарыстоўвалі новае. Дзяжу ставілі пасярод хаты на вывернуты кажух. Сыпалі муку і лілі ваду за адзін прыём. У цеста не сыпалі солі, дадавалі мёд. Замешвалі правай рукой у адзін бок, па сонцы, ці ўсе каравайніцы па чарзе, ці толькі пачынальніца. Мясілі каравай не кулакамі, як звычайны хлеб, а далонямі (каб муж не падымаў рукі на жонку). На Глушчыне, каб цеста не ліпла, каравайніцы мачалі рукі не ў ваду, а ў гарэлку, якую потым вылівалі пад ногі коням перад ад’ездам маладых да вянца.  Часам у цеста далівалі трохі пітнога мёду, віна альбо соку (на весялосць). Цеста з дзяжы адным кавалкам брала пачынальніца і клала на лапату.

Саджаць каравай у печ мусіў жанаты мужчына, бо хлебная лапата надзялялася фалічнай сімволікай:

Даўно печка зіяе,
А прыпечак рагоча,
Печ каравая хоча.

Лапатай, якой ён саджаў каравай, каравайнік грукаў столь хаты, каб паспрыяць яго росту ў печы. І ўсіх прысутных мужчын ён сімвалічна біў той лапатай па галовах.

Каравайніцы мылі рукі:

Ой, вішу, наш вішу, нальемо вады ў місу,
Ручкі памыймо да на вішэнькі злеймо,
Каб вішэнькі развіваліся, а маладыя красаваліся.
Мы ўсё дзело зрабілі, каравай у печ усадзілі,
А вы, сватове, знайце, нам гарэлачкі налівайце.

З рэшты цеста выпякалі другасныя караваі, яны мелі рознае прызначэнне і называліся па-рознаму. Падручнік, шышка, месяц мелі ахоўную функцыю, падчас вяселля маладыя маглі трымаць іх у руках ці за пазухай. Каравайчыкі былі падзякай духам продкаў, іх клалі на парог, прыпечак, у кут. Гускі, шышкі, бочачкі прызначаліся на аздабленне галоўнага караваю і на пачастункі дзецям.

Пустую дзяжу дзяўчаты стараліся імкліва выкаціць на двор, каб хутчэй выйсці замуж, а хлопцы перашкаджалі ім.

 

Алесь Прышывалка, кіраўнік праекта ŽORNY