У сваім спецпраекце Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, звальненне, савецкую спадчыну і замкнёнае кола пакаранняў распавядае Аліна — доктарка, судмедэкспертка.
Пра плакат і пратэсты. 23.08 я з двума сваімі калегамі выйшла на марш з плакатам «Судебная медицина против судилищ. Мы тоже в белом». Пасля чаго мяне вымусілі напісаць заяву па пагадненні бакоў. На наступны марш я выйшла з плакатам «Репрессирована, но не сломлена. P.S. Ищу работу (врач)». Гэтым мне хацелася сказаць, што колькі б рэжым нас ні звальняў, ні саджаў і ні спрабаваў зламаць/здушыць/запалохаць — мы не здадзімся, мы гатовыя ісці да пераможнага канца, бо беларусы стаміліся трываць і баяцца. Банальна, але ўсё ж. Для мяне значным у дадзеным кантэксце з’яўляецца маё звальненне. Нават не столькі маё, колькі звальненне маіх калегаў, якія стаялі побач. Маё звальненне не было для мяне нечаканасцю, я ведала, у якой структуры працую. Але я не чакала, што іх гэта таксама закране, і адчувала з гэтай нагоды бязмежную злосць, што стала яшчэ большым стымулам да ўдзелу ў пратэстах.
Першапачаткова ўдзельнічаць у акцыях мяне, як і вялікую колькасць іншых людзей, падштурхнула тое, што калі вакол адбываецца такое бязмежжа, калі квітнее беззаконне і самавольства, проста немагчыма маўчаць і заставацца ўбаку. Пад «судзілішчам» меліся на ўвазе катаванні і гвалт над мірнымі пратэстоўцамі, а таксама спробы дзяржавы схаваць факт іх наяўнасці. Я лекар, і я не магу маўчаць, гледзячы на пакуты маіх суайчыннікаў.
Савецкая спадчына. Што тычыцца рэпрэсій у цэлым, я згодная, што ў нашай краіне так было заўсёды. Думаю, гэта перажыткі савецкага мінулага, якія, замест таго каб застацца ў гэтым самым мінулым, пры неразумнай уладзе ўмацоўваліся гадамі, і гэта прывяло нас да таго, што мы маем цяпер. На жаль, праз бязглуздую палітыку і амбіцыі асобных людзей мы не проста стаім на месцы ў развіцці, а коцімся назад.
Цяпер рэпрэсіі выйшлі на нейкі фантастычны ўзровень, і я не ведаю, што мы можам супрацьпаставіць ім.
«Непатрэбныя» людзі. Асабіста не абышлі бокам «радасці» працы ў дзяржструктуры і мяне: прафсаюзы, падпіскі на дзяржаўныя СМІ, прымусовы ўдзел у розных мерапрыемствах, суботнікі, усялякія «добраахвотна-прымусовыя» паборы і проста тупое выкананне загадаў. Калі я хацела выйсці з прафсаюза, кіраўніцтва недвухсэнсоўна намякала, што рабіць гэтага не варта, калі спрабавала адмовіцца здаваць грошы на што-небудзь — мой непасрэдны кіраўнік проста казаў, што аддасць за мяне. Дакладна гэтак жа і маіх бацькоў заўсёды прымушалі рабіць усё тое самае. У нас сістэма пабудаваная так, што ты абавязаны выконваць усё, што загадаюць зверху, нават калі гэта супярэчыць Працоўнаму кодэксу або маральным нормам. І ты не маеш права голасу, інакш сістэме ты не патрэбны
Замкнёнае кола. Я лічу, што нельга аддзяліць агульную палітычную сістэму дзяржавы ад сацыяльных узаемадзеянняў, якія адбываюцца ў ёй, яны цесна ўзаемазвязаныя. Многія людзі ў нашай краіне выбудоўваюць сацыяльнае ўзаемадзеянне на падмурку рэпрэсій, бо бачаць гэтую сістэму вакол сябе і проста будуюць яе ў сваіх калектывах і сем’ях, бо гэтая сістэма простая: рабі што я кажу ці будзе пакаранне. І яна патрабуе менш выдаткаў, бо галоўным заахвочваннем з’яўляецца адсутнасць пакарання. Такая сістэма — замкнёнае кола: чалавек трывае, баіцца, маўчыць, а атрымаўшы трохі ўлады, прапускае «ніжэйшых» праз тое самае. Гэтая сістэма зручная для кіраўнічай часткі грамадства, бо яны атрымліваюць больш свабод, прывілеяў і дабротаў для сябе за кошт «ніжэйшых». І хацелася б адзначыць, што рэпрэсіі знікаюць там, дзе пачынае вяршэнстваваць закон, роўнасць у правах і асабістая зацікаўленасць у сваёй працы, функцыянаванне структуры пры гэтым значна больш эфектыўнае.
Кірыл Стаселька, budzma.org