Беларускія абітурыенты Ягелонскага ўніверсітэта просяць адміністрацыю ўстановы перагледзець патрабаванні да тэрмінаў настрыфікацыі дакументаў. Гаворка ідзе як мінімум пра два дзясяткі маладых людзей.
Абітурыенты разам з роднымі стварылі адмысловую петыцыю да кіраўніцтва Ягелонскага ўніверсітэта.
Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве
Беларускія крокі
У траўні 2024 года Міністэрства адукацыі Беларусі адмовілася выдаваць беларускім абітурыентам даведкі, якія пацвярджаюць сапраўднасць атэстатаў, для замежных ВНУ.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў законы пра дапамогу грамадзянам Украіны, што спрасціла прызнанне і беларускіх дакументаў адукацыі. Згодна з папраўкамі, атэстат аб адукацыі, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала міжнароднае пагадненне наконт узаемнага прызнання атэстатаў, можа быць выдадзены ў Польшчы.
Пасля паправак Дуды пацверджанне заканчэння школы ў Беларусі можна атрымаць у Польшчы праз працэдуру настрыфікацыі — дзяржаўнага прызнання ў іншай краіне дыпломаў, навуковых ступеняў і званняў, атрыманых за мяжой. Дакументы выдаюцца ўстановай Kuratorium Oświaty.
Што праўда, для атрымання дакументаў трэба падаць сертыфікат здачы цэнтралізаванага тэставання. За ім трэба вяртацца, што даволі рызыкоўна для шмат каго з беларусаў.
Для замежных абітурыентаў сёлета з’явіліся дадатковыя ўмовы, якія неабходна выканаць, каб стаць паўнавартасным студэнтам. Умовы сыходзяць ад Міністэрства замежных спраў, якое занепакоенае неправамерным выкарыстаннем віз на вучобу. Узгадаем хаця б візавы скандал, які разгарэўся напрыканцы 2022-га і ў 2023 годзе.
Раней для атрымання студэнцкай візы было дастатковым прад’явіць допуск да навучання з універсітэта, пацверджанне аплаты і пацверджанне таго, што студэнт зможа забяспечваць сябе ў Польшчы.
З гэтага ж лета, пасля паправак МЗС, замежным абітурыентам неабходна атрымаць прызнанне свайго атэстата сярэдняй адукацыі таксама праз польскую ўстанову Kuratorium Oświaty.
«Нам далі дэдлайн да 26 верасня, але з улікам таго, як усё робіць Kuratorium Oświaty, з улікам разгляду рознымі службовымі асобамі ці хаця б з улікам дарогі, калі дасылаць поштай нашы беларускія атэстаты, то мы не паспеем у тэрмін. Адпаведна і візы не будзе, і заняткаў не будзе — яны ўжо з пачатку кастрычніка», — кажа Budzma.org адна са стваральніц петыцыі, амаль першакурсніца Ягелонскага ўніверсітэта Надзея.
«Глядзіце, настрыфікацыя робіцца ад 1,5 да 3 месяцаў па законе. Калі ў нас вось візы на вучобу з 14-16 верасня толькі, то як зрабіць настрыфікацыю за 10 дзён?», — падкрэслівае Надзея.
Па яе звестках, іншыя ВНУ пайшлі насустрач беларусам і пагадзіліся пачакаць да вырашэння ўсіх праблем з дакументамі. «Можа быць, гэта такі новы падыход новага рэктара — ён толькі сёння першы дзень на пасадзе на працы, і з ягонага сакратарыяту пісалі, што ранейшых паблажак ці адтэрміновак чакаць ужо не варта». «Мы не можам ужо нікуды падавацца. Ды й не хацелася б, шмат для каго з нас Ягелонскі — гэта мара, шмат хто толькі дзеля яго вучыў польскую. Нам па 16-18 гадоў — і мы сутыкаемся з такім вось і не ведаем, як давесці свету пра свае правы», — кажа Надзея.
«Спачатку ўвогуле вялося пра сканы дакументаў цягам 10 траўня-11 ліпеня, а вось потым з’явілася патрабаванне наконт таго, каб прывезці да 26 верасня арыгіналы дакументаў, бо інакш пазбаўляюць статусу студэнта. Я дакладна ведаю пра амаль 20 чалавек, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай, але ж я і не ва ўсіх чатах усіх факультэтаў», — кажа абітурыентка Ягелонскага.
Абітурыенты спадзяюцца, што польскія ВНУ, чыноўнікі альбо ўплывовыя беларускія сілы заўважаць гэтую праблему і змогуць паспрыяць яе вырашэнню.
Рыгор Сапежынскі, Budzma.org