Блізіцца да завяршэння камунікацыйная кампанія “Маё права”, якую разам з партнёрамі цягам года ладзіла ГКК “Будзьма беларусамі!”. Шмат он-лайн і оф-лайнавых імпрэз, багата матэрыялаў, сустрэч ды іншага было цягам гэтай камунікацыйнай праграмы.
Адным з новых для нас відаў дзейнасці стала стварэнне “прававога комікса”. Сюжэтамі для выпускаў сталі рэальныя праблемы, якія хвалююць сучасных школьнікаў і парады па іх вырашэнні ад псіхолага ды правазнаўцы. Мы вырашылі паэкспірыментаваць: а як бы гэтыя праблемы (булінгу, няяўнай полавай дыскрымінацыі, непавагі, парушэння асабістай прасторы і г.д.) вырашалі ў будучыні…
Што з гэтага экспірымента атрымалася, можна паглядзець тут.
Новы фармат у вывучэнні такой сур’ёзнай тэмы, як правы чалавека, не застаўся незаўважаным: з прэзентацыяй нашай амаль 8-мі месячнай працы творчую каманду “Будзьма беларусамі!” запрасілі ў прыватную школу “Стэмбрыдж”, у Оршу ды на курсы “Мова Нанова. Браслаў”.
Разам з удзельнікамі сустрэч мы абмяркоўвалі важнасць ведання і рэалізацыі сваіх правоў, цяжкія сітуацыі і “што з імі рабіць”, кожны мог пабыць у ролі “супермэна/супервумэн – праваабаронцы” і прапанаваць свае нестандартныя рашэнні прававых канфліктаў. А пасля мыразам знаёміліся з рашэннямі, якія прапаноўвае комікс. Вялася гаворка і пра сам працэс – досыць цяжкі і складаны, але вельмі творчы – стварэння комікса, на колькі тут важны тэкст, а на колькі – малюнкі, як змясціць вялікія і грунтоўныя рэчы ў кароткіх дыялогах і г.д.