Алесь Тодараў на budzma.org расказвае аб тым, якім чынам правільна прымаць рашэнні і наладзіць сябе на слушны ход думак, а тасама пра найбольш частыя памылкі мыслення, якія тармозяць развіццё асобы.
Кожны з нас рана ці позна апынаецца ў сітуацыі, калі трэба прымаць лёсавызначальнае рашэнне. Натуральна, што здараюцца яны не кожны дзень, але тым не меней. Дык як жа быць¸калі трэба зрабіць цяжкі выбар, які можа мець наступствы? Давайце разбірацца.
Пачнем з парадаў, якія дапамогуць прымаць правільныя рашэнні нават у самых, здавалася б, патавых і безвыходных сітуацыях.
1. Разбярыцеся ў фактах
Чым лепей вы разумееце, з чаго складаецца вашае рашэнне, тым прасцей вам яго будзе прыняць. Паспрабуйце максімальна растлумачыць праблему і прааналізаваць даступную інфармацыю. Вывучыце ўсе факты, каб ведаць іх, як свае пяць пальцаў. Тады абраць аптымальны варыянт дзеянняў вам будзе вельмі лёгка.
2. Шукайце баланс паміж розумам і эмоцыямі
Дадзеныя — гэта добра, але калі іх занадта шмат, яны часам перашкаджаюць прыняць рашэнне. Мы пачынаем параўноўваць іх, шукаць важнейшыя і занураемся ў дробязі. Таму старайцеся спадзявацца не толькі на розум, але і на эмацыйны інтэлект. Калі пачуцці падказваюць вам нешта, не адмахвайцеся ад іх. Разбярыцеся з тым, што падказвае вам інтуіцыя.
3. Ідзіце на абдуманую рызыку
Калі вы прааналізавалі факты і распрацавалі план, дзейнічайце і не азірайцеся назад. Прыміце той факт, што ісці на абдуманыя рызыкі — гэта важна. Калі справа датычыцца сур’ёзных рашэнняў, часам трэба праваліцца, каб потым дасягнуць поспеху.
Цепер пяройдзем да тых найбольш частых памылак мыслення, якія тармозяць развіццё асобы:
1. Ілюзія кантролю

Гэтая памылка мыслення заключаецца ў тым, што чалавек шчыра верыць ва ўласную ўсемагутнасць. На яго думку, ён здольны кантраляваць наваколле і людзей, а часам нават і выпадковыя падзеі, хаця насамрэч гэта вельмі далёка ад ісціны.
2. Пераацэнка ўздзеяння
Нейкая нязначная падзея або перажыванне часта ўспрымаюцца намі як самая сапраўдная катастрофа. Такой падзеі прыпісваецца нейкая фатальнасць або трагічнасць, яна набывае вялікае значэнне і пачынае аказваць істотны ўплыў на ўсё будучае жыццё.
3. Эфект павальнага захаплення
Адназначна негатыўна ўплывае на мысленне і развіццё асобы імкненне прытрымлівацца «мэйнстрыму», мець агульнае меркаванне. Гэта добра бачна па тых выпадках, калі нейкая ідэя раптам ахоплівае масы, і яе пачынаюць лічыць абсалютна дакладнай і неаспрэчнай. Не бойцеся быць крытычным, бо дадзенае кагнітыўнае скажэнне непасрэдна адносіцца да так званага статкавага інстынкту.
А цяпер давайце паглядзім, якім чынам можна змяніць звыклую хаду думак. Я прапаную 4 даволі простыя ідэі, якія можна пачаць увасабляць адразу пасля прачынання. Спадзяюся, што яны дапамогуць вам стаць эфектыўней, натхняць ці хаця б распаляць цікаўнасць да жыцця.
1. Тэорыя міметычнага жадання
Людзі не ведаюць, чаго жадаюць, і часта пераймаюць жаданні іншых, выдаючы іх за свае ўласныя. Магчыма, вы не ведаеце, але на гэтай ідэі пабудаваная ўся рэкламная індустрыя. Згадвайце пра гэта кожны раз, калі вам пачне здавацца, што вы чагосьці вельмі жадаеце.
2. Выдаткі страчанай выгады
Каб ажыццявіць адно, даводзіцца адмовіцца ад другога. Гартаючы стужку сацсеткі, вы робіце выбар у гэты момант не рабіць нешта іншае, магчыма, больш важнае і значнае для вашага жыцця. Гэтае правіла працуе абсалютна з любым заняткам і праверана, што называецца, эмпірычным шляхам.
4. Закон Паркінсона

Праца расцягваецца, каб запоўніць адведзены на яе час. Нам не хочацца здавацца лянівымі, і мы знаходзім дадатковыя справы, нават калі яны не маюць нейкай важнасці. Улічвайце гэта, калі ставіце дэдлайн!
5. Правіла марнай канкурэнцыі
Не капіюйце тое, што робяць іншыя, спрабуючы змагацца з імі. Будзьце сабой і рабіце тое, што важна менавіта для вас. Зусім неабавязкова спрабаваць улезці ў чужую шкуру і жыць чужым жыццём, нават калі яно на першы погляд такое прывабнае і паспяховае.
Сфакусуйцеся на пытаннях і задачах, якія турбуюць менавіта вас і ў якіх вы хочаце быць пераможцам. Нават калі за іх ніхто не бярэцца. Цалкам мажліва, што проста не наважваюцца.
Жыццё становіцца прасцей, калі не канкуруеш з іншым, але робіш тое, што лічыш патрэбным. У такім разе ты сапраўдны гаспадар свайго жыцця, які нясе адказнасць за ўласны лёс.
Поспехаў!
Алесь Тодараў, budzma.org