Як правільна ўтылізаваць медыкаменты? Расказалі экаактывісты

А вы калі-небудзь задумваліся пра тое, куды трапляюць таблеткі, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці, і якія мы выкідаем у сметніцу? Так, тут без сюрпрызаў — яны трапляюць у глебу, ваду, а пасля — праз расліны, ежу, пітную ваду — у наш арганізм. Як гэтага пазбегнуць, абмеркавалі на інстаграм-фестывалі «Пікнічок». Госцяй Юліі Саковіч была Вікторыя Калач, кіраўніца пілотнага праекта «Прырода без фармацэўтычных адходаў». Бабруйскі партал «1387» падсумаваў і пераказвае самае важнае з эфіру.

1.jpegНа фота: Юлія Саковіч. Крыніца: Пікнічок


У пачатку эфіра Юлія Саковіч расказала пра апытанне сярод падпісчыкаў, з якога даведалася, што большасць проста не ведае, як утылізаваць медыкаменты без шкоды для экалогіі.

Вікторыя Калач расказала пра праект, якім яна кіравала амаль два гады. Яго мэта — зніжэнне ўплыву медыкаментаў на здароўе чалавека — шляхам збора і ўтылізацыі, а таксама праз змену культуры спажывання лекаў сярод беларусаў.

— Пачалося ўсё з неабходнасці ўтылізаваць лекі з хатняй аптэчкі. Бо мы з мужам ужо былі ў экаруху і для нас было важна зрабіць гэта правільна, — тлумачыць Вікторыя. — Пачалі вывучаць публікацыі, вопыт суседніх краін, а таксама зразумелі, што беларусы сапраўды не ведаюць, што рабіць з пратэрмінаванымі лекамі. Бо мы займаемся пытаннем утылізацыі менавіта бытавых медыкаментаў. А яны забруджваюць глебу, ваду, уплываюць на рэпрадукцыю амфібій, рыбаў, на здароўе птушак, на змены ў паводзінах жывёлаў. Гарадскія ачыстныя сістэмы таксама не здольныя цалкам вызваліць ваду ад фармпрэпартаў — каля 10-20 працэнтаў забруджванняў усё адно застаецца, і трапляе ў наш арганізм разам з пітной вадой. І мы спажываем гэтыя мікрадозы лекаў, якія, цягам некалькіх год, нясуць небяспеку здароўю. Напрыклад, гарманальныя прэпараты могуць выклікаць праблемы рэпрадуктыўнага характара, антыбіётыкі прывесці да рэзістэнтнасці арганізма — развіваецца ўстойлівасць да іх. Таксама пастаянны кантакт з лекамі вядзе да развіцця алергічных рэакцый. Гэта ўсё пацверджана даследаваннямі.

2.pngНа фота: Вікторыя Калач з сабранымі медыкаментамі. Крыніца: Экацэнтр

Калі экаактывісты пачыналі працаваць з гэтай праблемай, сутыкнуліся з двума асноўнымі пытаннямі — адсутнасць законаў, якія б рэгулявалі ўтылізацыю і нябачнасць праблемы. Тэма знаходзілася ў юрысдыкцыі трох міністэрстваў — ЖКГ, мінпрыроды, мінздароўя. І ў валанцёраў не было дакладнага разумення — хто чым займаецца.

— Нябачнасць праблемы вельмі перашкаджала. Бо калі ты глядзіш у вакно і бачыш гару смецця, разумееш: «З гэтым трэба нешта рабіць». А калі справа тычыцца жменькі таблетак, гісторыя іншая. Тут трэба браць маштаб краіны, бо калі кожны выкіне нават па таблетцы, атрымаецца некалькі дзясяткаў тон у год, — кажа Вікторыя. — А праблема прывыкання да антыбіётыкаў нават Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ўздымаецца сярод першачарговых. Таму асноўнае, што мой муж Яўген (а ён і распачаў кампанію ў Баранавічах) жадаў зрабіць — усталяваць кантэйнеры для збора медыкаментаў насельніцтвам. А таксама інфармаваць людзей.

Да нас пачалі звяртацца экаактывісты з іншых гарадоў, з просьбай падзяліцца вопытам і дапамагчы. Так мы і вырашылі распрацаваць і запусціць маштабны пілотны праект. Для гэтага трэба было стварыць сістэму асобнага збора і ўтылізацыі медыкаментаў, правесці навуковыя сацдаследаванні, падвысіць інфармаванасць насельніцтва і ўтылізаваць сабраныя лекі шляхам спальвання ў спецыяльных умовах. То-бок, у печцы дома іх спальваць нельга.

3.png

Экаактывісты ўсталявалі 50 кантэйнераў па ўсёй Беларусі, усе адрасы можна знайсці на сайце праекта. За 16 месяцаў яны сабралі больш 640 кг пратэрмінаваных медыкаментаў.

У траўні бягучага года праект скончыўся, але валанцёры перадалі пункты збора медычным установам бескаштоўна. І сёння больш за 30 з іх працягваюць працаваць — самастойна збіраюць і адпраўляюць на ўтылізацыю лекі.

Што яшчэ паспелі зрабіць экаактвісты? Гэта коміксы і мульцікі на тэму ўтылізацыі медыкаментаў (паглядзець іх можна на ютубе), навуковы фільм, а таксама дапаможнікі для школьнікаў, тэматычныя плакаты. Яны сустрэліся з сотнямі людзей, каб паразмаўляць на хвалюючую тэму, у тым ліку з чыноўнікамі — дзякуючы чаму з’явіўся тэхнічны кодэкс. А адказнасць за ўтылізацыю цяпер нясуць гарадскія ўлады, да іх і трэба звяртацца, калі вы жадаеце, каб недзе з’явіўся спецкантэйнер.

4.jpegФота: Пікнічок

Як мы можам дапамагчы вырашэнню праблемы?

  • Не скупаць бяздумна лекі ў аптэках.
  • Правільна захоўваць лекі, каб яны не сапсаваліся раней тэрміну.
  • Не забываць піць выпісаныя лекі курсамі, не прапускаць прыёмы, каб яны сапраўды ішлі на карысць.
  • Правільна ўтылізаваць пратэрмінаваныя лекі.

— Самыя старыя лекі, якія нам прынеслі, былі датаваныя 1987 годам, — кажа Вікторыя. — А ў лідарах па колькасці — прэпараты для захворванняў сэрца

Што можна выкідваць у кантэйнер:

аэразолі, кроплі, мазі, свечкі, таблеткі, капсулы, суспензіі.

Дзе знайсці спецкантэйнеры ў Бабруйску:

50 год ВЛКСМ-18 (паліклініка № 6)
пр. Будаўнікоў-37 (паліклініка № 7)

Паглядзець эфір цалкам можна па гэтай спасылцы.