Як можна «спазніцца» са складаннем генеалагічнага дрэва? Мінулае ж застаецца ў нязменным стане, а значыць — можна пачаць праз 5, 10, 20 гадоў, праўда? Але нашы родныя, на жаль, не вечныя. Могілкі, дзядоўскія хаты ды нават сямейныя архівы — таксама... З чаго пачаць?
Кажуць, складанне радаводу — справа нятанная. Трэба замаўляць даследаванне ў архівах у спецаў, якія папросяць немалую суму. Але першыя (а магчыма, і найважнейшыя) крокі кожны можа зрабіць самастойна. Было б жаданне!
Расказваем пра 5 першых крокаў, якія дапамогуць вам у пошуку.

Размова з роднымі — праца, якую за вас ніхто не зробіць. Блізкія не будуць размаўляць з невядомым чалавекам. А з вамі — будуць. Распытайце сваю бабулю пра яе бацькоў і дзядоў. Часам пасля людзей не застаецца здымкаў, але застаецца памяць. Але трэба спяшацца: ніхто не ведае, колькі адпушчана нашым блізкім.

Памяць у пажылых людзей часам працуе так, што яны не арыентуюцца ў сучаснасці, але з лёгкасцю вяртаюцца ў свае дзяцінства і маладосць. І гэта — шанец даведацца пра тое, што адбывалася 50-60-70 гадоў таму! Пры гэтым будзьце гатовыя пачуць на пачатку: «Я не памятаю» ці «А навошта табе?..»
У бабулі не будзе плана расповеду, затое ён будзе ў вас. Напішыце план апытанкі на паперы: імя, імя па бацьку, прозвішча, дзявочае прозвішча, дзе хто нарадзіўся, у якім годзе, калі і дзе ахрышчаны, школа, праца, у якім доме і на якой вуліцы хто жыў, удзел у войнах, рэпрэсіі... Вас чакаюць сапраўдныя скарбы! Каб нічога не ўпусціць, лепш карыстацца дыктафонам.

Таксама гэта шанец вылавіць дыялектныя слоўцы, абароты, а да таго ж — захаваць у вечнасці галасы вашых сваякоў сталага веку. Бабулі ці дзядулю гэта будзе прыемна, нават калі яны пра гэта не скажуць наўпрост. Паспрабуйце!
У кожнай сям’і ёсць архіў: няважна, ці гэта ўпарадкаваныя фотаальбомы, ці — стос лістоў, пасведчанняў і паштовак, дзе ўсё намяшана. Апытанні найлепш весці акурат з фотаздымкамі ў руках: яны дапамогуць ажывіць мінулае. Разглядаючы фотаздымкі, запытвайцеся: «Хто гэта?», «Дзе гэта было знята?», «У якім годзе?», «А дзе служыў дзядуля?», «Што за дом, хто яго будаваў?..»

Падобная праца нагадвае працу следчага. Вэлкам у сапраўдны сямейны дэтэктыў! Важныя таксама подпісы на фота: хто і каму падарыў, на якой мове падпісаў, нават сама фотапапера (яна падкажа час, калі год не падпісаны). Будзьце далікатныя з фота! Гэта крохкі матэрыял, асабліва здымкі да 1945 года. Арыгіналы лепш акуратна захоўваць, а працаваць — з адзнятымі копіямі.

Вывучайце ўсё, што трапіць у рукі: лісты, паштоўкі, працоўныя кніжкі, граматы, атэстаты, пасведчанні да ўзнагародаў, дакументы на зямлю... Карэспандэнцыя дасць Вам адрасы родных, пра якіх вы ніколі не чулі. У пасведчаннях аб нараджэнні знойдзеце нацыянальнасць бацькоў. А можа, сапраўдны імёны, якія пасля змяняліся: Ян — Іван, Марта — Марфа, Кіра — Ірына, і г.д.
Не саромейцеся прасіць у сваякоў арыгіналы фота і дакументаў. Магчыма, яны зберагуцца для нашчадкаў акурат у вас. На жаль, неверагодная колькасць архіваў пасля смерці ўласніка трапляе на сметніцу, у вогнішча ці — на рынак, дзе прадаецца за безцань.
Могілкі — абавязковы пункт у вашым маршруце. Тут вы знойдзеце імёны, прозвішчы, даты нараджэння і смерці (або надпіс, колькі гадоў пражыў чалавек). Часам трапляюцца цікавыя фотамедальёны, эпітафіі ці карпаратыўныя адзнакі: зорачка, крыж, якар. Нават непісьменны надпіс трасянкай на помніку — знак часу.

На вясковых могілках не лянуйцеся прайсці далей за ўжо вядомыя магілы родных. Магчыма, побач ляжаць вашыя сваякі, якіх пазнаеце па прозвішчах. Калі прыедзеце на Радаўніцу або Дзяды, ёсць шанец спаткаць колішніх суседзяў ці далёкіх сваякоў, якія прыйдуць на магілы побач. Ёсць нават такі лайфхак: пакінуць на магіле запіску, маўляў, «шукаю родных гэтага чалавека — напішыце ці пазваніце», — і яно можа спрацаваць!
Памятайце, што помнікі на могілках не вечныя. Асабліва, калі за імі не даглядаць. Адміністрацыя можа знішчыць занядбаныя пахаванні. Калі ёсць патрэба і магчымасць, варта аднаўляць магілы сваякоў. Гэта не касмічныя грошы, а саму працу можна арганізаваць нават дыстанцыйна, чаму не? Крыўдна будзе, калі аднойчы на гэтым месцы вы ці вашыя дзеці знойдуць новую чужую магілу...
Інтэрнэт дае неверагодныя магчымасці для пошуку сваякоў і складання радаводу. Тое, чаго не было яшчэ 20 гадоў таму! Ёсць велізарныя базы па ўдзельніках Першай і Другой сусветных войнаў (напрыклад, «Память народа», «Партызаны Беларусі»), базы ахвяраў савецкіх рэпрэсій («Мемарыял», праект «Адкрыты спіс»), нават сэрвісы з тэстамі ДНК. Асобна, напрыклад, сайты для пошуку габрэйскіх продкаў (JewishGen). Вы можаце браць інфармацыю і — дадаваць сваю, як на MyHerritage.com.

Скрыншот з сайта JewishGen
Нават сацыяльныя сеткі стаюць цікавай крыніцай інфармацыі. Напрыклад, некалі мяне знайшоў у фэйсбуку кіеўскі краязнаўца Віктар Кіркевіч. Аказалася, што яго бацьку, ветэрана Другой сусветнай, некалі ўсынавіў праваслаўны святар з Лодзі — Кіркевіч — і даў сваё прозвішча. Мае продкі да 1917 года таксама былі праваслаўнымі святарамі — закруціўся цэлы дэтэктыў...
Не лянуйцеся забіваць у пошукавік прозвішчы продкаў на розных мовах. Цалкам магчыма, што нехта з вашых сваякоў быў рэпатрыяваны ў Польшчу. А можа — з’ехаў за акіян перад вайной ці адразу пасля вайны.
Так, дзеяч эміграцыі Янка Запруднік неяк выслаў мне фота пахаванняў Кіркевічаў у ЗША: гэта былі эмігранты хвалі 1944 года. Ніхто з маіх родных пра іх нават не чуў.
Не саромейцеся пісаць незнаёмым людзям, нават замежнікам, з пытаннямі пра магчымае сваяцтва ў тым жа фэйсбуку. Гэта нармальная рэч для заходніх краінаў. І шанец пашырыць кола вашай вялікай сям’і па ўсім свеце.
Калі вы ў Беларусі, то можаце звярнуцца ў Нацыянальны гістарычны архіў у Мінску: тут ёсць метрычныя кнігі, судовыя справы, рэвізскія сказкі (вынікі рэвізіяў) і г.д. Таксама ёсць філіял Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Гродне, Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) у Мінску, занальны архіў у Маладзечне (тут знаходзяцца дакументы па Заходняй Беларусі 1919-1939 гадоў).
З архівам КДБ усё не так проста: трэба давесці сваяцтва, каб атрымаць звесткі па рэпрэсаваных. У Пецярбургу працуе Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў: там, у тым ліку, знаходзяцца звесткі пра шляхту і дваранства да 1917 года. У Цэнтральным вайсковым архіве ў Польшчы захоўваюцца справы афіцэраў і салдат, якія служылі ў польскай арміі: сярод іх могуць аказацца вашы продкі, якія жылі ў Заходняй Беларусі да 1939 года.
Тут вы можаце працаваць самі, а можаце — дамовіцца з архівістам, які будзе працаваць за вас. У кожным разе лепш на гэтым этапе ведаць, што і каго вы шукаеце. Тады ўжо дасцё «дэтэктыву» наводку: прозвішчы і лакацыі, звязаныя з вашай сям’ёй.

Праца з радаводам — неверагодная прыгода, якая адкрые для вас не толькі гісторыю ўласнай сям’і, але і гісторыю Радзімы. Гэта шанец паглыбіць свае веды, умацаваць сувязі з роднымі, знайсці сваякоў па ўсім свеце, а таксама — перадаць дзецям і родным інфармацыю пра сваю сям’ю.
Адзінага алгарытму, як працаваць з Радаводам, не існуе. Вынікам вашай працы можа стаць:
● генеалагічнае дрэва;
● геаграфічная мапа з пазнакамі, дзе хто жыў і жыве сёння;
●перавыдадзены ў глянцавым фармаце сямейны фотаальбом з найлепшымі здымкамі;
● сямейная сага, аформленая ў літаратурнай форме, і гэтак далей.
Няважна, ці вынікам будзе адкрыццё сямейнага музея, ці — звычайная флэшка з гісторыяй сям’і, якую вы разашлеце родным. Галоўнае, што гэтая праца — сапраўды вартая!
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Фота з асабістага архіву аўтара
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.