Знайсці продкаў да XIV стагоддзя, адшукаць невядомых сваякоў або развянчаць сямейныя міфы — сёння гэта можна зрабіць, не выходзячы з дому. Лічбавыя архівы, ДНК-тэсты і анлайн-супольнасці ператварылі генеалогію з вузкай навуковай дысцыпліны ў масавае захапленне. Пакуль у Брытаніі робяць шоу з сямейных таямніц зорак, Ірландыя аднаўляе спаленыя архівы ў 3D, а польскія блогеркі робяць кантэнт у інстаграме. Як працуюць сістэмы пошуку ў еўрапейскіх краінах і якія анлайн-інструменты дапамогуць аднавіць сямейную гісторыю? Разбіраемся.
Швецыю (як і агулам скандынаўскія краіны) называюць раем для даследчыкаў і аматараў генеалогіі. Праз стагоддзі ў рэгіёне панавала лютэранская царква, якая вяла вельмі падрабязныя архівы, дзе запісваліся і захоўваліся ўзгадкі пра такія падзеі, як хрост, шлюб, смерць, і нават пераезды вернікаў між парафіямі. А сёння большасць гэтых архіваў алічбаваныя і даступныя бясплатна.

Riksarkivet — нацыянальны анлайн-архіў Швецыі
Цудоўны прыклад — гісторыя супрацоўніцы кафедры фізікі з Лундскага ўніверсітэта Сціны Лу (Stina Loo). Дзяўчына цікавілася генеалогіяй з маленства (у сям’і была генетычная хвароба), а калі ёй было 20 гадоў, пачалася актыўная лічбавізацыя архіваў, і дзяўчына змагла знайсці сваіх продкаў аж да XIV стагоддзя!
У 2025 годзе яна напісала кнігу Hitta din historia — släktforskning för alla («Знайдзі сваю гісторыю — генеалогія для ўсіх»). У ёй — не толькі парады што да пошуку продкаў, але і прыклады, як і ў якіх кірунках працаваць, калі архівы пашкоджаныя ці знішчаныя, напрыклад, пры пажары.
«У кнізе мы зрабілі крок наперад у гісторыі; мы хацелі дадаць крыху больш колеру і жыцця і заахвоціць людзей задаваць пытанні жывым сваякам. Так важна размаўляць са сваёй сям’ёй, пакуль яны яшчэ побач. І абавязкова задакументуйце сваё ўласнае жыццё! Хто яшчэ гэта зробіць?», — дзялілася Сціна ў адным з інтэрв’ю.

Кніга Сціны Лу Hitta din historia — släktforskning för alla («Знайдзі сваю гісторыю — генеалогія для ўсіх»). Фота: fysik.lu.se
У Швецыі распаўсюджаны тэматычныя форумы і групы на facebook, дзе карыстальні просяць дапамогі ці дзеляцца адкрыццям і нечаканымі гісторыямі. Напрыклад, адзін з карыстальнікаў на reddit планаваў наведаць родныя мясціны памерлай мамы каля Вімербю і замовіў паслугу мясцовага гіда. Але той, як апынулася, не толькі запытаў пра гэтую сям’ю ў мясцовай газеце і пашукаў архіўныя ўзгадкі, але і знайшоў стрыечных братоў і сясцёр замоўцы (пра якіх замоўца нават не ведаў).
Іншы прыклад — Ісландыя. Гэта невялікая краіна з насельніцтвам прыкладна ў 400 тысяч чалавек. Большая частка насельніцтва паходзіць ад аўтэнтычнай групы пасяленцаў-скандынаваў з IX–X стагоддзяў. І ў такой сітуацыі існуе верагоднасць, што мясцовыя нечакана могуць апынуцца між сабой родзічамі. Існуе нават жартоўная ідэя стварыць аплікацыю на «антыпару», якая б дазваляла праверыць перад спатканнем, ці не з’яўляюцца людзі сваякамі.
Самы просты і даступны для кожнага, хто мае ісландскае пасведчанне асобы, спосаб знайсці сваіх сваякоў — база Íslendingabók (Кніга ісландцаў). У ёй можна знайсці звесткі пра сваіх продкаў і магчымых сваякоў ці ступень крэўнасці.

Скрыншот: Íslendingabók
Брытанія, якая славіцца сваёй кансерватыўнай сацыяльнай сістэмай, з каралеўскай сям’ёй і тытулаванымі фаміліямі, разам з гэтым лічыцца краінай з аднымі з самых апантаных даследчыкаў у свеце.
Вялікі штуршок для гэтага зрабіла... тэлебачанне. У 2004 годзе на BBC пачаўся тв-серыял Who Do You Think You Are? (Хто ты такі? /альбо/ Кім, ты думаеш, ты ёсць), дзе ў фармаце тэлевізійнага шоу працягласцю ў 60 хвілін разбіраліся сямейныя гісторыі вядомых людзей.
Застаўка тв-серыяла Who Do You Think You Are? Крыніца: ichef.bbci.co.uk
Удзел зорак — Дэвіда Тэнанта, Джэрэмі Кларксана, Дэніэла Рэдкліфа, Эні Ленакс, Кейт Уінслет і многіх іншых — моцна паспрыяў папулярнасці праграмы: журналісты называюць лічбы у 6 мільёнаў гледачоў! Па сутнасці, гэтае шоу — канкрэтны пакрокавы дапаможнік для кожнага непрафесіянала, дзе цікава, экспертна і візуальна прыгожа паказана, як шукаць, што можна знайсці і што з гэтым потым рабіць. І найважнейшае — эмоцыі.
Адным з самых моцных стаў эпізод з акцёрам Эндру Гарфілдам: высветлілася, што яго сваякі па матчынай лініі паходзілі з Усходняй Еўропы, і ў канцы ХІХ стагоддзя эмігравалі на Захад, у Лондан. Але частка яго сваякоў засталася ў Еўропе і стала ахвярамі Халакосту — у праграме атрымалася знайсці іх дакументы і дакладна прасачыць іх лёс. Летам 2025 года акцёр нават наведаў польскі горад Кельцэ.

Эндру Гарфілд у серыяле Who Do You Think You Are? Крыніца: ichef.bbci.co.uk
Праграма атрымала мноства перавыданняў ў іншых краінах. Яшчэ адзін вядомы прыклад — актрыса Ліза Кудроу. Яна ўдзельнічала ў амерыканскай версіі шоу ў 2010 годзе, падчас якога выявілася, што яе продкі паходзілі з вёскі Ілля (Мінская вобласць). У выпуску ёсць кранальны фрагмент з візітам у Беларусь.
Шоу, безумоўна, стала вельмі папулярным і не толькі ў межах Брытаніі. Эпізоды можна глядзець у адкрытым доступе на youtube, а таксама існуе часопіс праекта, дзе выкладзена мноства карысных гайдаў і інструкцый для самастойнага пагружэння ў генеалогію.
Цікава, што пошук сваіх каранёў у Брытаніі — гэта не столькі пра тое, каб знайсці сваякоў па каралеўскай лініі (хаця такое таксама здаралася), але больш пра звычайна-паўсядзённае. У Лондане існуе Генеалагічнае таварыства (Society of Genealogists), можна звяртацца ў нацыянальны архіў ці карыстацца платнымі базамі, такімі як Ancestry або Findmypast.
Вялікі плюс — даступнасць такіх баз, як перапісы насельніцтва (яны праводзіліся кожныя 10 гадоў з 1841 г. і ахоплівалі месца жыхарства, прафесію і склад сям’і), архівы судовых дакументаў, царкоўных кніг і даных рэгістрацый (яна дзейнічала ўжо з 1837 года). Таму часта адкрыцці могуць быць сапраўды нечаканымі.
У суседняй Ірландыі справа выглядае складаней: у 1922 годзе ў краіне згарэў дзяржаўны архіў. Была страчаная вялізная колькасць дакументаў. Здаецца, ну што з гэтым можна зрабіць? Аднак ірландская дыяспара — шматлікая, але моцна раскіданая па свеце — пачала маштабную працу па аднаўленні і захаванні ўсяго, што засталося, а таксама стварэння ДНК-базы. Існуе фундацыя Irish Family History Foundation, якая апошнія 30 гадоў спрабуе ахапіць усе даступныя звесткі на адной пляцоўцы.
Ірландцы нават стварылі «віртуальны архіў» — праект «Beyond 2022»: аднаўленне дакументаў з дапамогай лічбавых копій, знойдзеных у іншых краінах. Гэта выглядае як 3D-мадэль спаленага архіва, з памятнымі фотаздымкамі, відэа, каментарамі. «Пагуляць» па анлайн-архіве можна па спасылцы.

Лічбавы праект ірландскага архіва
Пытанне даступнасці да архіваў у Цэнтральнай Еўропе часам адыходзіць на другі план у параўнанні з магчымасцю адчытаць гэтыя дакументы альбо пацвердзіць іх сапраўднасць. Шматлікія рэвалюцыі, войны, падзелы тэрыторый, паўстанні — архівы часта знішчалі, вывозілі і — перапісвалі.
У Францыі, праўда, гэта спрацавала ў пазітыўны бок: пасля Вялікай Французскай рэвалюцыі ў краіне была ўведзеная абавязковая грамадзянская рэгістрацыя і адзіныя стандарты запісаў. Да таго ж кожны дакумент запісваўся двойчы — для муніцыпалітэта і ў архіў. Аднак выразная дэцэнтралізацыя архіваў дазваляе лёгка арыентавацца ў пошуках патрэбных дакументаў, якія ўсё больш і больш уваходзяць у анлайн-зварот.
У Германіі ж, напрыклад, з лічбавізацыяй архіваў справа куды горш. А да таго ж, праз доўгі час дакументы вяліся адмысловамі шрыфтамі Kurrent альбо Sütterlin, якія могуць быць вельмі складанымі для расчытання.

Нямецкае пасведчанне аб шлюбе, 1907 год. Фота: reddit.com
У Польшчы, напрыклад, падчас знаходжання ў складзе Расійскай імперыі, расійскія чыноўнікі перапісвалі дзяржаўныя дакументы. З лацінкі перапісвалі кірылічнымі літарамі і часта так, як чыноўнік «пачуе», калі чалавек быў непісьменны і не мог праверыць. А потым, пасля аднаўлення незалежнасці, прозвішчы перапісвалі нанова. І таксама часта па-рознаму.
Яшчэ адна асаблівасць — раскручаны гістарычны міф. На тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай складанне радаводу часта ідзе ў пары з прагай знайсці шляхецкія каранні сваёй сям’і. Сапраўды, працэнт шляхты на гэтых землях быў высокі, але зусім не такі, як часта малююць папулярна-публіцыстычныя медыя. Таму гісторыкі, выступаючы ў шматлікіх праграмах, публікацыях, падкастах на тэму генеалогііі, падкрэсліваюць: «Будзьце гатовыя да вынікаў пошуку, яны могуць бы не такімі, як вы чакаеце».
Сваім прыкладам такой гісторыі дзялілася Кінга Урбаньска, адна са стваральніц фірмы Your Roots in Poland, якая дапамагае людзям шукаць продкаў:
«Мой асабісты прыклад! У сям’і заўсёды казалі, што мы маем шляхецкія карані: Урбаньскія з Урбаньскіх герба Нячуя. Тата нават вазіў нас на экскурсіі ў месца, дзе павінна была стаяць сямейная сядзіба. Я доўга адкладала даследаванне сямейнай гісторыі, пакуль нарэшце не вырашыла, што час прыйшоў. І што высветлілася пасля праверкі ў дакументах? Ніякая не шляхта, а проста сяляне. <...> На гэты момант мне ўдалося вярнуцца да 1780 года — я натрапіла на дакумент, які пацвярджае сямейную легенду, нібыта Урбаньскія прыбылі ў Польшчу з усходу, папярэдне пакінуўшы свае маёнткі. Што будзе далей? Пабачым. Мне нібыта і ўсё роўна, шляхта ці не, але праўда ўсё ж інтрыгуе».
У Польшчы даследаванне генеалогіі — вельмі папулярны публічны кірунак. З 2009 года працуе сайт Szukaj w Archiwach — бясплатны дзяржаўны партал з доступам да мільёнаў алічбаваных архіўных дакументаў і фотаздымкаў. Існуе шмат арганізацый і суполак, але адна з самых галоўных — Polskie Towarzystwo Genealogiczne (Польскае генеалагічнае таварыства). Яны маюць мноства філіялаў, ахопліваюць шмат удзельнікаў і арганізуюць лекцыі і майстар-класы.

Галоўная старонка сайта Szukaj w Archiwach
Складанне радаводаў у еўрапейскіх краінах нельга назваць заняткам выключна для гісторыкаў і спецыялістаў. Людзі складаюць радаводы, шукаюць загінулых родзічаў альбо разгадваюць сямейныя (часам вельмі дэтэктыўныя) загадкі.
Пэўны ўздым цікавасці выклікалі таксама праграмы са штучным інтэлектам, якія дазваляюць аднаўляць старыя фотаздымкі альбо «ажыўляць» іх. Апошнія гады становіцца папулярным рабіць ДНК-тэсты, якія паказваюць альбо арэал паходжання продкаў, альбо нават могуць падказаць магчымых сваякоў (праўда, у некаторых краінах гэта абмежавана ці забаронена, як у Францыі).

Тэст ДНК
Калі вы таксама хацелі б аднавіць сваё генеалагічнае дрэва, але не ведаеце, з чаго пачаць, раім запісацца на бясплатны анлайн-курс «Радавод: аднаўляем гісторыю сваёй сям’і і краіны» ад адукацынйнага хаба «Нацыя лідараў».
Падчас курса вам дадуць рэальныя інструменты і дапамогуць атрымаць навыкі для самастойнага генеалагічнага расследавання, навучаць сістэматызаваць сямейны архіў, правільна праводзіць інтэрв’ю са сваякамі, арганізоўваць палявыя даследаванні на могілках і месцах жыхарства продкаў, знаходзіць патрэбную інфармацыю ў міжнародных базах дадзеных.
Рэгістрацыя на курс ужо пачалася і працягнецца да 5 красавіка. Старт заняткаў 6 красавіка.
Агульная працягласць курса — 6 тыдняў.
Фармат: анлайн-лекцыі, вэбінары, хатнія заданні.
Д.П., Budzma.org
Калі вы жывяце ў Польшчы, падтрымаць бясплатную адукацыю для беларусаў можна, пералічыўшы 1,5% вашых падаткаў хабу «Нацыя лідараў» (нумар KRS: 0000507234, сel szczegółowy: 106678).