«Бацькаўшчына, якая заўжды з табой». Топ-5 прычын заняцца гісторыяй сваёй сям’і

Хто з нас ведае свой радавод да «сёмага калена», то-бок — да прадзедаў і прапрадзедаў? Пагадзіцеся, гэта вялікая рэдкасць. Але нашы продкі чамусьці ўкладалі ў тое «сёмае калена» важны, амаль містычны сэнс. Адкуль гэта ўзялося і чаму важна?

01-radavod.jpg

Кожны з нас атрымлівае ад бацькоў роўную колькасць генаў: 50% ад мамы і столькі ж ад таты. У другім пакаленні гэта 25%, у трэцім 12,5% і так да сёмага, дзе доля генаў будзе меншай за адзін адсотак. То-бок у пэўным сэнсе род абнаўляецца кожныя «сем каленаў» — кожныя 200 гадоў.

За гэты час у кожнай сям’і назапашваюцца не толькі генетычная памяць, але і мадэлі паводзінаў, выжывання, зарабляння грошай, будовы стасункаў і г. д. Усё тое, што хаваецца за тэрмінам «сямейныя традыцыі». Таму і веданне продкаў да «сёмага калена» — гэта не казачка на добры сон, а інфармацыя пра самога сябе, залаты ключык.

Якую карысць можна атрымаць ад вывучэння гісторыі сваёй сям’і?

Мы сабралі топ-5 прычынаў.

1. Зямля і нацыянальнасць

Разлік на чыста практычны вынік. Нашы продкі стараліся захоўваць кожную паперку: пра хрост, пра зямлю... Гэта было патрэбна, каб пацвердзіць сваё права на нешта, напрыклад, на ўласнасць-. Давесці веравызнанне або нацыянальнасць праз дакументы бацькоў — часта гэта дапамагала для выезду ў іншую краіну або атрымання грамадзянства.

01-1-radavod.jpg

Просты прыклад: беларусы часцяком ідуць у архівы па дакументы для атрымання «карты паляка». А ў выпадку палітычных зменаў, хто ведае, ці не паўстане ў Беларусі зноў пытанне пра кампенсацыі за некалі канфіскаваныя бальшавікамі дамы і землі? У плюсе застанецца той, хто ўжо даследаваў фінансавую гісторыю сваёй сям’і.

2. «Я не самотны»

«Чалавек — гэта звяно ў вялікім ланцугу, ад прашчураў да нашчадкаў», — верылі нашы продкі. І гэта давала грунт пад нагамі, разуменне, што ты не самотны. Сэнс у тым, каб змагацца не толькі за сябе і сваю прастору, але і за прастору для сваёй сям’і. То-бок сям’я і яе поспех — гэта ўніверсальны жыццёвы праект. Гатовая «фірма», якая ёсць у кожнага: трэба толькі знайсці і актуалізаваць сямейныя сувязі.

«Сем каленаў роду» — гэта 128 чалавек, не ўлічваючы іхных братоў, сясцёр, дзядзькоў... Род — гэта цэлая армія, якая стаіць у цябе за плячыма. Таму ў цэрквах раней і ставілі свечкі не толькі за жывых, але і за спачылых: колькі ведалі, столькі і ставілі. Бо род — пазачасавая супольнасць. Грунт пад нагамі.

02-radavod.jpg

3. «Карма роду», «ген поспеху» і «ген беднасці»

«Карма роду» — гучыць як нешта містычнае. Але ў кожнай сям’і праз пакаленні назапашваецца як пазітыўны, так і негатыўны досвед. Напрыклад, жанчына не змагла выйсці замуж і адпаведна настройвае сваю дачку. Бацькі жылі ў галечы і перадалі свой досвед адносінаў з грашыма сваім дзецям. А вось іншы прыклад: сям’я ў 1930-я пацярпела ад рэпрэсій і перадала дзецям і ўнукам схему паводзінаў: «маўчы», «не высоўвайся», «не лезь»...

Разбіраючы гісторыю сваёй сям’і, мы выходзім на дзіцячыя траўмы ды алгарытмы, закладзеныя бацькамі ці дзядамі. Мы можам іх прааналізаваць, зразумець і зрабіць высновы, якія палегчаць нам жыццё тут і цяпер.

4. Гісторыя сям’і — гісторыя Краіны

04-radavod.jpg

У школе нас вучылі, што гісторыя Беларусі — гэта князі, генералы, крэпасці... Нешта далёкае ад рэчаіснасці, падобнае да казкі. А давайце зірнём у адваротным кірунку: ад лёсу нашага продка да гісторыі яго вёскі, горада і ўрэшце — цэлай краіны і народа. Гісторыя сям’і — універсальны сродак даведацца пра мінулае з першакрыніц.

Як жылі, як зараблялі, як ваявалі, як выжывалі ў часе войнаў і голаду, як ехалі за тысячы кіламетраў на заробкі ці вучыцца... Адна справа — пачытаць пра сталіншчыну ў кнізе, іншая — знайсці звесткі пра рэпрэсаваных сваякоў. Адна справа — чытаць пра паходжанне прозвішчаў, іншая — разгадаць таямніцу свайго! Гісторыя сям’і — шлях да гісторыі Беларусі.

5. Бацькаўшчына, якая заўжды з табой

Сёння, калі мы падзеленыя межамі і сотнямі кіламетраў, сям’я — гэта сінонім Радзімы. Тое, што ніхто не можа адняць ці аспрэчыць. Доказ існавання твайго роду — ты сам, праўда ж? Гэта спосаб голасна сказаць: «Я ёсць».

Так, мы не можам паўплываць на забудову нашых гарадоў, але можам абнавіць крыжы на магілах продкаў. Не можам перайменаваць вуліцы, але можам абраць імёны для сваіх дзяцей. Не можам вярнуцца дадому, але сямейныя рэліквіі (крыжык, медаль, фота, кніга...) будуць саграваць нас дзе заўгодна, хоць на іншым канцы свету.

05-radavod.jpg

Дарэчы, досвед падарожжаў ці эміграцыі нашых прадзядуляў і прабабуль заўжды падтрымлівае, бо рабілася гэта, як правіла, у куды менш спрыяльных умовах. Роўна як і досвед пераадольвання іншых праблем: вайна, голад, рэпрэсіі, страта блізкіх...

Яны выжылі. Яны змаглі. Дык чаму мы не зможам?

Калі вы натхніліся на тое, каб скласці свой уласны радавод, раім запісацца на бясплатны анлайн-курс «Радавод: аднаўляем гісторыю сваёй сям’і і краіны» ад адукацыйнага хаба «Нацыя лідараў».

Рэгістрацыя на курс да 5 красавіка. Пачатак заняткаў 6 красавіка.

Агульная працягласць курса — 6 тыдняў.

Фармат: анлайн-лекцыі, вэбінары, хатнія заданні.

Калі вы жывяце ў Польшчы, падтрымаць бясплатную адукацыю для беларусаў можна, пералічыўшы 1,5% вашых падаткаў хабу «Нацыя лідараў» (нумар KRS: 0000507234, сel szczegółowy: 106678).


А. К., Budzma.org