Чаму беларусаў часьцяком называюць... расейцамі?

«...Мяне запыталі: Што такое Беларусь? Гэта тое, дзе яшчэ жыве Савецкі Саюз? Гэта частка Расеі, Тыпу нейкае акругі?» — гэта словы зь песьні Лявона Вольскага «Беларусь не Лукашэнка». І гэта сытуацыя, зь якой сутыкаўся, бадай кожны з нас — асабліва за мяжою альбо нават і ў Менску, сустрэўшы, скажам, турыстаў з Расеі: маўляў, Беларусь — гэта частка Расеі, у вас тут усё, як у Расеі і г. д. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік, скрывіўшыся ад гідоты, на канкрэтных лічбах адказвае на пытаньне, чаму ж нас, беларусаў, часьцяком называюць... расейцамі.


Уявеце на хвіліначку, што Вашае імя — Міхась.

— Гражданін, драстуйця. Вашы дакуменцікі. О, Іван, харошае імя!

— Які я вам Іван? Я Міхась!

— Ну какой жэ ты Міхась, есьлі ты — Ваня?! У цябе і ў дакументах напісана: Ваня!

— Ой, і сапраўды...

Вось Вы б як пачуваліся? Не зусім камфортна, праўда?

А хочаце, дадам дыскамфорту? У нас уся краіна падпісаная не сваім імем. Леніны, Сьвярдловы, Кіравы, Савецкія, Камуністычныя — стандартныя назвы вуліцаў, лічы, для ўсяе Беларусі. Ну, можа акрамя Маладэчна. Але гэта той вынятак, які, на жаль, пацьвярджае правіла.

Štamp u pašparcie
Штамп у пашпарце жыхара вуліцы Сталінскай, аграгарадок Драчкава, Смалявіцкі раён. Фота smolevichi-24.by

Для дэманстрацыі ж агульнага правіла зірнем на сытуацыю ў Менску: усё-ткі сталіца, візытоўка Беларусі, найбуйнейшае места краіны і галоўны рухавік усіх сфэраў жыцьця беларускага народу — на каго ж яшчэ раўняцца, праўда?

Возьмем нядаўняе дасьледаваньне, прадстаўленае Геральдычнай радай «Пагоня». Аўтары дасьледаваньня прааналізавалі назвы 1316 тапанімічных аб’ектаў Менску па стане на 2024 год: вуліцаў, плошчаў, станцыяў мэтро і інш. Прысядзьце, некаторыя з атрыманых лічбаў сапраўды уражваюць:

1) 538 аб’ектаў (41% ад агульнай колькасьці) маюць назвы, якія носяць варожы да Беларусі прапагандысцкі савецкі або расейскі каляніяльны характар;

2) гэткісамы савецкі або расейскі каляніяльны характар маюць 29 помнікаў;

3) 381 назва аб’ектаў наагул ня мае аніякага дачыненьня да Беларусі, яе культуры, гісторыі ці нарадзінцаў (зь іх 114 — назвы ў гонар савецкіх і расейскіх вайскоўцаў, 110 — расейскія дзеячы навукі і культуры);

4) пры гэтым палітычна нэўтральных назваў у гонар дзеячаў навукі і культуры Беларусі выяўлена ўсяго 60;

Гэта амаль удвая менш, чым расейскіх дзеячаў навукі культуры або ў гонар расейскіх і савецкіх вайскоўцаў, якія аніякага дачыненьня да нашае краіны ня маюць. І гэта — у беларускай сталіцы.

Ну і вішанька на торце:

5) назваў у гонар беларускіх несавецкіх дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў — толькі тры (Кастусь Каліноўскі, Леў Сапега, Браніслаў Тарашкевіч).

Frahment prezentacyi daśliedavańnia «Dekamunizacyja: Miensk»
Фрагмэнт прэзэнтацыі дасьледаваньня «Дэкамунізацыя: Менск»

Ну як вам? Нечакана, праўда? Ну, вядома ж, мы ўсе прызвычаіліся да таго, што ў Беларусі багата савецкіх назваў, што паўсюль усьцяж стаяць помнікі Леніну — але каб настолькі?!

Ага, ледзьве не забыўся. З тых трох несавецкіх і нерасейскіх адна — вуліца Каліноўскага — сёньня знаходзіцца на мяжы перайменаваньня. З новых прапанаваных замест яе назваў — спрэс ня нашыя: ад Сталіна да 17-га верасьня.

Ну як вам лічбы? І як з гэткімі запісамі ў «дакуменціках» паверыць, што тваё імя — Беларусь, а не шараговая задрыпаная расейская губэрня? Дзе ў гэтых «дакуменціках» адлюстраваная нашая гісторыя, нашая культура, нашая самабытнасьць і незалежнасьць?

І галоўнае — што гэта за дзяржава такая, якая замест таго, каб ушаноўваць сваё, ушаноўвае расейскі штык і расейскі бот, які таптаўся і працягвае таптацца па беларускай зямлі?

Akt vandalizmu ŭ Kurapatach
Акт вандалізму ў Курапатах, зьдзейсьнены камуністамі. Фота «Радыё Свабода»

Вядома ж, гэтыя пытаньні — рытарычныя. Вядома ж, нам з вамі даўно ўсё зразумела. Але вось важны момант, дзеля якога я і пішу гэты тэкст.

Калі вакол — спрэс акупанцкія назвы, то як гэта акрэсьліць інакш, чым акупацыя?

Усе нашыя мары пра вольную й незалежную Новую Беларусь папросту нерэальныя безь вяртаньня нашых уласных імёнаў. Немагчыма будаваць заможную самастойную эўрапейскую краіну, седзячы на лавачцы каля помніка Дзяржынскаму альбо ў сталоўцы па вуліцы Леніна. Немагчыма ствараць сваё, па горла седзячы ў чужым і ведаючы чужое лепей за сваё.

І каб замест «дакуменцікаў» з запісаным у іх Іванам у кішэні ляжала пасьведчаньне Асобы, трэба ведаць сваё імя. І бараніць яго.

Šyĺda z histaryčnymi nazvami
Шыльда з гістарычнымі назвамі побач з афіцыйнай цяперашняй — вул. Леніна, Горадня. Фота «Радыё Свабода»

Валера Руселік, Budzma.org