Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Якія адносіны мае венгерскі народ да гісторыі ВКЛ? Калі ўпершыню венгры сутыкнуліся з літвінамі? Навошта венграм быў хаўрус з палякамі супраць Літвы? Якім чынам Кейстут абхітрыў караля венграў? Як сталася, што кароль Венгрыі Людовік атрымаў па галаве ад невядомага літвіна? Дзякуючы якім абставінам кароль венграў стаў каралём Польшчы? З якіх прычын дачка Людовіка Ядвіга з мужам Ягайлам распачала выправу супраць венграў?
Адказы на гэтыя пытанні дае доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.
Венгерскае каралеўства ў XIV ст. было адной з мацнейшых дзяржаў у маштабах усёй Еўропы. Венгры — качавы народ, які прывандраваў у Цэнтральную Еўропу з-пад Уральскіх гор у X ст., заняў выгоднае месца над Дунаем, стварыў уласную дзяржаву і стаў самым заходнім з усіх народаў фінна-угорскай моўнай сям’і.
Пачатак украінска-венгерскіх адносінаў сягае ў IX ст., калі венгерскія плямёны рухаліся ў Еўропу праз тэрыторыю Украіны. У Венгерскага каралеўства завязаліся трывалыя дынастычныя сувязі з Кіеўскім, а пазней і з Галіцка-Валынскім княствамі.
Пры гэтым ад XII ст. не спынялася барацьба галіцка-валынскіх князёў супраць венгерскай экспансіі ў Галіччыне. Венгерскі націск быў даволі моцным, венгры не аднойчы рабілі спробы захапіць Галіцкае, а потым аб’яднанае Галіцка-Валынскае княства. Венгерскія каралі ў XII ст. нават абвясцілі стварэнне «каралеўства Галіцыі і Уладзімерыі», зразумела, з імі самымі на троне.
Падчас вайны за галіцка-валынскую спадчыну ў XIV ст. венгры дапамагалі палякам супраць Літвы, пры гэтым не пакідаючы планаў пры нагодзе далучыць Галіччыну і Валынь да сваёй дзяржавы. У 1350 г. польскі кароль Казімір ІІІ, каб атрымаць венгерскую вайсковую дапамогу, паабяцаў перадаць сваё каралеўства пляменніку (сыну сястры) венгерскаму каралю Людовіку, калі памрэ бяздзетным. Так і сталася. Людовік збройна дапамагаў Казіміру ў вайне з Літвой за Галіччыну і Валынь, а пасля смерці Казіміра ў 1370 г. стаў яшчэ і польскім каралём.
Пасля няўдалага сумеснага паходу супраць Літвы ў 1350 г., калі хворы Казімір затрымаўся ў Любліне, а Людовік дайшоў да ваколіцы Берасця, дзе яго абхітрыў Кейстут: паабяцаў хрысціцца ў каталіцтва, пацешыў венграў экзатычнай язычніцкай прысягай, а потым па-ціхаму знік з венгерскага лагера. Паход быў сарваны, рэпутацыя Людовіка пацярпела, як запісаў храніст: «Кароль, даведаўшыся, што як ён сам, так і кароль Польшчы былі так асмешаныя, моцна разам з ім засмуціўся, але ўжо нічога направіць не маглі».
У 1352 г. Людовік зноў павёў супраць Літвы вялікае войска і каля Белза злучыўся з польскім, якое вёў сам Казімір ІІІ. Венгерскі кароль быў настроены рашуча, пра што сведчыць дэталёвае апісанне паходу венгерскім храністам. Ваявода Белза — уладання ліцвінскага князя Юрыя Нарымунтавіча — зацягваў колькі мог перамовы аб здачы, а на восьмы дзень, падрыхтаваўшы замак да абароны, аб’явіў, што будзе яго бараніць.
Кароль Людовік асабіста прыняў удзел у штурме, які распачаўся 31 сакавіка 1352 г. Храніст апісаў, як рыцары пераходзілі абарончы роў па горла ў ледзяной вадзе, як абаронцы іх закідвалі стрэламі, камянямі і бярвеннямі. Калі справа дайшла да рукапашнага бою, венгерскі кароль атрымаў па галаве нейкім драўляным молатам (пэўна, паліцай), але выратаваў шлем. Штурм быў адбіты, і Людовік дамовіўся з ваяводам абложанага замку пра фармальнае прызнанне яго вяршэнства і сімвалічнае вывешванне над замкам венгерскіх сцягоў. Венгры вярнуліся дамоў, перамір’е з ліцвінамі ў верасні 1352 г. падпісваў ужо адзін польскі кароль.
Калі ў 1370 г. памёр Казімір ІІІ, то Людовік паводле дамовы заняў ягоны трон. Фармальна польскія ўладанні на Русі (Галіччыну, Холмшчыну, Крамянеччыну) ён зрабіў венгерскімі, увёўшы туды венгерскую адміністрацыю. Але ў 1387 г. ягоная родная дачка польская каралева Ядзвіга, ужо будучы замужам за Ягайлам, арганізавала збройную выправу і выбіла венграў з Галіччыны.
Тым не менш венгерскія каралі захоўвалі тытул «каралёў Галіцыі і Ладамерыі» (апошняе ад назвы горада Уладзіміра) на працягу стагоддзяў. Гэты тытул перанялі аўстрыйскія Габсбургі, якія канчаткова перанялі венгерскую карону ў XVI ст. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. на гэтай падставе ў Аўстрыйскай імперыі была ўтворана новая адміністратыўная адзінка — каронная зямля пад старой назвай з XIII ст. «Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі» са сталіцай у Львове. Па іроніі лёсу ў яе ўвайшоў гістарычны асяродак польскай дзяржаўнасці — Малапольшча са сталіцай Кракавам.