У сучасным рытме жыцця мы пастаянна перажываем стрэсавыя сітуацыі. Мікрастрэсы, канечне, негатыўна адбіваюцца на нашым самаадчуванні і здароўі ў цэлым, але пазбавіцца ад іх наступстваў не вельмі складана. Значна горш складваецца сітуацыя, калі стрэсавы фактар уплывае доўга і сістэматычна.
Псіхолагі вылучаюць тры стадыі зацягнутага стрэса: мабілізацыя рэсурсаў арганізма, супраціўленне і знясіленне. Апошняя — самая небяспечная і мае негатыўныя наступствы ў перспектыве. Таму варта клапаціцца пра сябе ўжо ад першых «званочкаў».
У гэтым матэрыяле прапаноўваецца шэраг спосабаў падтрымліваць сябе ў рэсурсным стане праз цялесныя практыкі пры зацягнутым уздзеянні стрэсавых фактараў. Абірайце тыя, што пасуюць менавіта вам і вашаму ладу жыцця, ды заставайцеся здаровымі нават у самых неспрыяльных умовах.
Чытаць па тэме: Як заўважыць у сябе прыкметы стрэсавага стану і што з гэтым рабіць. Парады псіхолага
Вада
Ачышчальныя і супакаяльныя ўласцівасці воднай стыхіі вядомы здавён. Імі карыстаюцца па ўсім свеце ад найстаражытнейшых часоў і да нашых дзён.
Вось некалькі практык з вадой:
Павольна выпіце шклянку чыстай вады, уяўляючы, што з кожным глытком вы напаўняецеся мірам, спакоем, гармоніяй.
Прыміце кантрасны душ альбо аблівайцеся халоднай вадой. Гэта не толькі эфектыўны метад закальвання і павышэння абарончых якасцей арганізма, але і вельмі дзейсны спосаб узбадзёрыць сваё цела, змыць вялікую частку негатыву, які назапашваецца нават на фізічным узроўні.
Плавайце. Лепш у прыродных вадаёмах, але падыдзе і басейн. Плаванне — увогуле карыснае баўленне часу, а ў сітуацыі зацягнутага стрэсу яно дапаможа вам расслабіцца і праключыцца на больш пазітыўныя эмоцыі.
Зрабіце цёплую ванначку для ног — на стопах знаходзіцца вельмі шмат «актыўных» кропак, стымуляванне якіх станоўча ўплывае на розныя органы і сістэмы. Да таго ж, усе нашы думкі, уся энергетыка як бы сцякае з усяго цела на ногі — за дзень там назапашваецца шмат «энергетычнага смецця», і цёплая вада дапаможа ад яго пазбавіцца. Дадаўшы ў ваду марской солі, некалькі кропель эфірнага алею з улюбёным водарам, вы забяспечыце сябе прыемнымі эмоцыямі надоўга. Галоўнае — падчас гэтай працэдуры не чытаць (не глядзець, не слухаць) навіны, не абмяркоўваць негатыўныя падзеі з сябрамі (не пракручваць іх у галаве, у тым ліку). Адключыце тэлефон і мэсэнджары, пастаўце прыемную музыку альбо пачытайце любімую кнігу. Можна такое зрабіць не толькі для ног, а ўвогуле для ўсяго цела.
Паназірайце за бягучай вадой. Падыдзе любая форма: ручай, рака, фантанчык і г. д. Нават бурбалкі ў акварыуме дапамогуць супакоіцца, ачысціць думкі ад панікі і мітусні, засяродзіцца на моманце тут і зараз.
Гуляйце ў любыя водныя гульні. Вадзяныя пісталеты, пырскалкі, запусканне каменьчыкаў па вадзе, скокі па лужынах — усё, на што здатная ваша фантазія і на што пагодзіцца ваш розум. Гульня сама па сабе мае неблагі тэрапеўтычны эфект, а ў спалучэнні са стыхіяй вады нясе ўдвая больш пазітыву і карысці.
Чытаць па тэме: Як перамагчы свой страх: 5 метадаў
Агонь
Таксама вельмі файны памочнік у барацьбе са стрэсам. Асабліва, калі вы адчуваеце нянавісць, агрэсію, жаданне забіваць і т. п.
Назірайце за танцам полымя. Гэта можа быць вогнішча на лясной палянцы, агонь у печы ці коміне, на самы скрайні выпадак — агеньчык свячы ці газавай пліты. Сядаем, глядзім у пералівы полымя і ў думках спальваем на ім усё, што нас раздражняе.
Пагрэйцеся ля вогнішча ці хаця б пагрэйце рукі. Цяпло «жывога» агню дапамагае расслабіцца, спыняе паніку і мітусню думак. Нездарма ж падарожных здавён звалі пагрэцца ля вогнішча, выдзёргваючы іх тым самым са стану руху, даючы магчымасць прыпыніцца, адпачыць. Тут у думках варта маляваць утульныя і прыгожыя карцінкі, у якіх вам добра, дзе вы шчаслівыя.
Паветра
Гэты элемент з намі паўсюль, то і выкарыстоўваць яго найбольш проста.
Сачыце, каб паветра навокал вас было заўжды свежым (гуляць як мага больш па вуліцы; выязджаць у лес; часта праветрываць памяшканні; змагацца з пылам усімі дасяжнымі спосабамі).
Напоўніце паветра вакол сябе прыемнымі водарамі: лаванда, бергамот, кедр, сасна і г. д. Альбо спецыяльна падабранымі кампазіцыямі. Тут вам дапамогуць эфірныя алеі, аромапалачкі, свежая садавіна (альбо яе скуркі), кветкі і зёлкі.
Выкарыстоўвайце любыя практыкі на дыханне. Проста сядзьце альбо ўстаньце, выпрастайце спіну і спакойна падыхайце на поўныя грудзі: глыбокі ўдых, павольны выдых. Засяродзьце ўсю сваю ўвагу толькі на дыханні і 5–10 хвілін дазвольце сабе забыць пра ўсё, засяродзіцца толькі на сабе. Такія «перадышкі» варта рабіць 2–3 разы на дзень (можна і часцей — як дазваляе ваш лад жыцця).
Чытаць па тэме: Як пазбавіцца душэўнага болю: 5 парадаў
Зямля
Стыхія спакою і грунтоўнасці. Калі жыццёвыя абставіны «выносяць» вас, практыкі ўзаемадзеяння з зямлёй будуць асабліва карыснымі.
Хадзіце басанож. Гэта практыка «зазямлення» па механізме дзеяння падобная да сістэмы громаадводу — негатыўны зарад будзе скатвацца з вас у зямлю. Нават калі ляжыць снег. У гэтым выпадку проста значна скараціце час шпацыру, а пасля яго разатрыце стопы рушніком і апраніце цёплыя шкарпэткі.
Зрабіце масажную сцяжынку. Калі выйсці ў двор, каб прагуляцца басанож, вам складана, можна дома зрабіць для сябе такую сцяжынку: доўгую скрыню (лепш драўляную, але можна выкарыстоўваць і пластыкавыя кантэйнеры) раздзяліць на 3–4 аддзелы і засыпаць у кожны пясок, шышкі, каменьчыкі, хвою. Перад сном шпацыраваць па гэтай сцяжынцы 5–7 хвілін.
Абдымайцеся з дрэвамі. Практыка для тых, хто не любіць разбувацца: абхапіце ствол дрэва рукамі і прытуліцеся да яго ілбом, на 5–10 хвілін забудзьце пра ўсё, прыслухоўвайцеся толькі да сваіх адчуванняў. Можна, дарэчы, выказаць дрэву свой боль, крыўду, злосць. Механізм той жа — дрэва забярэ ваш негатыўны зарад. З якім дрэвам лепш абдымацца? Тут трэба сачыць за сваімі адчуваннямі — да якога вам хочацца падысці, прытуліцца, тое і вашае.
Вікторыя Лебедзева, budzma.org