Часта ў жыцці здараецца нешта, што прыносіць вялікі душэўны боль. Страта блізкага чалавека альбо любімага гадаванца, здрада таго, каму давяраеш, невылечная хвароба і шмат іншых падзей могуць «выбіць» любога з раўнавагі.
І тады жыццё страчвае фарбы: усе думкі толькі пра боль, нішто не радуе, ні на што няма сілаў, усё падаецца непатрэбным і бессэнсоўным. І такі стан можа цягнуцца ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў, а то і гадоў.
У нашым артыкуле сабраныя 5 практычных парадаў, што рабіць, каб як мага хутчэй выйсці з гэтага стану.
1. Адпусці!
Першае, што варта зрабіць, — гэта даць сабе магчымасць «пражыць» боль, прыняць яго і адпусціць. Парады і суцяшальныя словы кшталту «не плач, усё праходзіць», «час лечыць ўсё», «яно не вартае тваіх слёз», «гэта жыццё» і да т. п. наўрад ці дапамогуць. Хутчэй наадварот, створаць дадатковы клопат: а што са мной не так? Гэта не вартае болю, а мне так дрэнна?
З вамі ўсё так: калі баліць, гэта балюча. І абсалютна нармальна перажываць, плакаць, злавацца, крыўдаваць і г. д. Вы — жывы чалавек і менавіта так рэагуеце на тую ці іншую падзею. Гэта ваша неад’емнае права. Але ж вы не хочаце, каб увесь гэты негатыў цягнуўся бясконца?
То прызначце сабе пэўны час (дзвюх-трох гадзін будзе цалкам дастаткова) і месца, калі вы пражывяце свой боль. Зразумела, трэба, каб ніхто вас у гэты час не турбаваў. Хіба што можна пазваць сябра/сяброўку, перад якім вы не будзеце саромецца, які проста вам паспачувае, не намагаючыся суцешыць, перавесці размову на іншае ці штось падобнае. Таксама прыбярыце ўсё каштоўнае для вас далей. І тут цалкам пагрузіцеся ў свой боль: выгаворвайце (крычыце) свае крыўды, плачце, біце посуд, рвіце на шматочкі паперу, тупайце нагамі, лупцуйце падушкі.... Усё, праз што вы можаце выказаць/выкінуць з сябе негатыў.
Галоўнае — паклапаціцеся, каб гэта было бяспечна для вас. Пражылі? Выплакалі, выкрычалі, разбілі... Усё, прыміце душ ці хаця б проста ўмыйцеся і адпусціце сітуацыю. Вы яе перажылі, гэта ўжо мінулае. А ў вас наперадзе новае жыццё, напоўненае радасцю і цудамі. Няхай у душы застануцца толькі светлыя моманты з таго, што цяпер прынесла вам боль.
Падтрымліваем блізкіх правільна: 5 парадаў
2. Не калупай!
Уявіце, што вы парэзалі палец. Калі рана загоіцца хутчэй: калі вы яе апрацуеце і не будзеце чапаць ці калі вы яе будзеце пастаянна торгаць, калупаць, расчэсваць і г. д.? Гэта ж спрацоўвае і з душэўнымі ранамі. Боль сыходзіць хутчэй, калі не вяртацца ў думках да гэтай сітуацыі, не шукаць «вінаватых і невінаватых», не прыдумляць, што было б, калі ... Усё, яно ўжо адбылося. Пастаяннае «прайграванне» гэтага ў думках нічога не зменіць, а настрой вам сапсуе надоўга.
Але ж натуральна, што ўсе думкі толькі пра тое, што нас так усхвалявала. Гэта як сказаць «не думай пра ружовага слана» — і адразу ж усе думкі пераключаюцца на ружовага слана.
Тут ёсць невялічкія хітрыкі: наш мозг (прынамсі, у большасці людзей) здольны сур’ёзна засяроджвацца толькі на адной думцы. Таму запаўняем нашу ментальную прастору па максімуме, каб не было нават хвілінкі падумаць пра «тое самае».
Пачынаем вучыць новую мову, развучваем новыя песні ці вершы, слухаем падкасты, чытаем навуковыя кнігі, запісваемся на вебінары, спрабуем новыя рэцэпты, вучымся іграць на арфе... Любая дзейнасць, якая цалкам будзе адцягваць вашу ўвагу ад душэўнага болю.
3. Вучы!
Гэта парада асабліва карысная тым, хто з нейкіх прычынаў вінаваціць сябе ў тым, што адбылося.
Прааналізуйце свае навыкі і ўменні і знайдзіце тое, у чым вы моцныя. Можа, вы печаце найсмачнейшыя пірагі з малінай? Ці ўмееце файна танчыць? Альбо ведаеце, як працуе ZOOM?
Знайдзіце чалавека / групу людзей, якім гэта цікава, і вучыце іх. Аддана дзяліцеся сваімі ведамі і «сакрэтамі» майстэрства. Складайце праграмы і планы «заняткаў», давайце і правярайце хатнія заданні і г. д.
Новая адказнасць адцягне ўвагу ад душэўных пакутаў. Да таго ж вы адчуеце сваю значнасць, вартасць як асобы, як настаўніка. Вы патрэбныя сваім вучням! А значыць, вам ніяк нельга «расклейвацца» і тануць у сваіх пакутах.
Уладкоўваем сваё жыццё: 4 крокі
4. Займіся здароўем!
Яшчэ адзін надзейны спосаб зменшыць душэўны боль — заняцца сабой. Даўно ные зуб ці адчуваеце, што зрок робіцца горшы? Вось цяпер — самы час прабегчыся па лекарах, паходы да якіх мы звычайна адкладаем на «пакуль не прыпрэ».
Па-першае, у дэпрэсіўным стане здароўе пагаршаецца: адсутны (ці, наадварот, празмерны) апетыт, разладжаны сон і іншыя непрыемнасці. Таму клопат пра сваё фізічнае здароўе будзе вельмі дарэчы.
Па-другое, паходы па нашых лякарнях — сапраўдныя квэсты, выканаць якія не так проста. Чэргі, аналізы, паперкі, цэны на лекі — усё гэта з лёгкасцю адцягне ўвагу ад душэўных пакутаў.
Па-трэцяе, сітуацыя, што стала для вас крыніцай болю, прынясе і карысць. Пагадзіцеся, без пільнай патрэбы вы наўрад ці пойдзеце на прафілактычны агляд.
5. Мяняй фармат!
Душэўныя пакуты не бачныя. Таму «змагацца» з імі бывае складаней, чым з болем фізічным. Калі баліць і парады, агучаныя вышэй, зусім не дапамагаюць, варта перавесці свой боль у іншы фармат. Загрузіце свой арганізм фізічнымі нагрузкамі так, каб пачалі балець мышцы. Галоўнае — не нашкодзіць свайму здароўю.
Ударна папрацуйце на лецішчы альбо напрасіцеся ў памагатыя на будоўлю да сяброў. Адпраўцеся ў далёкую вандроўку на ровары ці пешшу. Адпрацуйце трэніроўку ў басейне для зборнай краіны па плаванні. Конная прагулка альбо сплаў на байдарцы... Тут абмежаванні могуць паставіць толькі ваша фантазія і фізічны стан.
Важна! Дзейнасць для вас мусіць быць новай. І, вядома, не забывайцеся на бяспеку і траўматычнасць некаторых відаў фізічнай актыўнасці.
Калі ж з нейкіх прычынаў вы не можаце скарыстацца нічым вышэйпералічаным, зрабіце сабе тату ці пірсінг! Толькі перад тым, як рашыцца на такія радыкальныя спосабы пазбаўлення ад душэўных пакут, вельмі ўважліва пралічыце ўсе наступствы для сябе. Бо калі ад пірсінгу можна лёгка пазбавіцца, выцягнуўшы завушнічку, то татуіроўка застанецца з вамі на ўсё жыццё.
Няхай у вашым жыцці будзе як мага менш сітуацый, у якіх трэба карыстацца гэтымі парадамі!
Вікторыя Лебедзева, budzma.by