Чым Орша – горад-радзіма Караткевіча, Заслонава і Выгоцкага – можа зацікавіць сённяшняга турыста-суайчынніка і турыста-замежніка? Высветлім гэта 13 жніўня на афлайнавым ток-шоу ад “Будзьма беларусамі!”.
Турызм, як сёння шмат кажуць, бывае розны: культурніцкі, экалагічны, падзейны, гастранамічны, медыцынскі, паломніцкі, прыгодніцкі… Крытэры і падыходы кожны вызначае сам для сябе! Горад Орша вядомы найперш не культурніцкімі аб’ектамі (а іх у горадзе таксама хапае) ці ўнікальнымі паслугамі, а “крымінальнай” атмасферай.
Што ж цікавага можа прапанаваць Орша турыстам, запрашае высветліць 13 жніўня разам з адмыслоўцамі сферы турызму, краязнаўства, культуры, маркетынгу Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” на адмысловым афлайнавым ток-шоу пад назвай “Турыстычная прывабнасць горада: якія моцныя бакі мае Орша?”.
Гаворка будзе ісці ў трох кірунках:
– гарадское асяроддзе і турыстычная інфраструктура: як горад сустракае сваіх гасцей і наколькі ўтульна ім на вуліцах Оршы?
– гістарычна-культурніцкая спадчына: што з архітэктурных адметнасцяў, помнікаў удала пазіцыянуецца, а што несправядліва застаецца па-за турыстычнымі маршрутамі?
– падзейны турызм: якія мерапрыемствы прэтэндуюць на званне візітоўкі горада?
Спікерамі ў дыскусіі выступяць:
• Алесь Шутаў – грамадскі дзеяч, краязнаўца, аўтар некалькіх даследчых выданняў па гісторыі і тапаніміцы Оршы;
• Алена Загарэльская – краязнаўца, экскурсавод, у мінулым – супрацоўніца краязнаўчага музея;
• Ігар Казмерчак – грамадскі дзеяч, арганізатар культурна-масавых мерапрыемстваў, рэдактар сайта orsha.eu.
Чакаецца таксама ўдзел запрошаных знешніх экспертаў:
• Андрэй Барашка (Мінск) – дырэктар турыстычнага парталу Holiday.by,
• Васіль Андрэеў (Мінск, Масква) – дызайнер, адмысловец у сферы рэкламы і брэндынгу міжнароднага класу.
Запрашаюцца ўсе цікаўныя!
Дата: 13 жніўня 2014 г.
Месца: канферэнц-зала гасцініцы “Орша”, вул. Міру, 11, 2-і паверх.
Пачатак: 18:30.