Як Якуб Колас пазнаёміўся з ляшскім сепаратыстам Ондрам Лысагорскім

Пра сувязі беларускага класіка Якуба Коласа з культурамі суседніх народаў пісалі неаднаразова. Аднак далёка не ўсе творчыя сувязі і знаёмствы Якуба Коласа яшчэ раскрыты. Бадай, адной з самых нетрывіяльных тэмаў з гэтага сегменту біяграфіі пісьменніка можа служыць знаёмства Якуба Коласа і чэшскага пісьменніка, прыхільніка левых ідэй і ляшскага сепаратыста Ондры Лысагорскага.


Ондра Лысагорскі, ён жа Эрвін Гой. Крыніца: Ондра Лысагорскі, ён жа Эрвін Гой. Крыніца: Muzeum Beskyd Frýdek–Místek, příspěvková organizace
Ондра Лысагорскі, ён жа Эрвін Гой. Крыніца: Ондра Лысагорскі, ён жа Эрвін Гой. Крыніца: Muzeum Beskyd Frýdek–Místek, příspěvková organizace

Ондра Лысагорскі і яго моўны праект

Сілезія — гістарычная вобласць, якая ўваходзіць у склад Польшчы і Чэхіі. Насельніцтва гэтага краю яшчэ напачатку XX стагоддзя мела слабую этнічную самасвядомасць і вызначала сябе па тэрытарыяльнай прыналежнасці, што адпаведна адлюстравалася ў мясцовых саманазвах. Невыразная этнамоўная прыналежнасць падрыхтавала глебу для культурна-моўнага рэгіяналізму. З другой паловы ХІХ стагоддзя актывізаваўся шэраг пісьменнікаў і паэтаў, што пісалі творы на чэшскіх і польскіх сілезскіх гаворках. Прыблізна ў гэты ж час пачаў з’яўляцца сілезскі рух, які сёння даволі актыўны ў незалежнай Польшчы.

Этнічная нявызначанасць і панаванне тутэйшых гаворак шмат у чым вызначыла дзейнасць тагачасных мясцовых дзеячаў культуры. Адметнай і паказальнай асобай у рэчышчы пануючых тэндэнцый культурнага развіцця чэшскай Сілезіі стаў Ондра Лысагорскі (сапраўднае імя — Эрвін Гой (1905-1989).

Эрвін — дзявятае дзіця ў сям’і шахцёра і ткачыхі, нарадзіўся 6 чэрвеня 1905 года ў прамысловым рэгіёне ў ваколіцах Лысай гары, што ўваходзіла ў горны масіў Мараўскасілезскіх Бескідаў. Пасля атрымання нямецкамоўнай гімназічнай адукацыі Эрвін Гой 4 гады (1924-1928 гг.) вучыцца ў Карлавым універсітэце ў Празе, дзе вывучае мовазнаўства, літаратуру, філасофію і нават становіцца доктарам філасофіі. Пасля абароны выкладаў у гімназіях у Браціславе, Крэмніцы, Остраве і Трнаве. О. Лысагорскі ўвайшоў у гісторыю як стваральнік ляшскай літаратурнай мовы (ляшціны). З пачатку 30-х гг. ХХ ст. ляшскую мову на падставе верхнеастравіцкіх (чэшска-сілезскіх) гаворак Ондра Лысагорскі пачаў скарыстоўваць у паэтычных творах, прадмовах і пасляслоўях уласных кніг, часткова ў асабістай перапісцы. З’яўленне ляшскай мікрамовы стала адлюстраваннем здаўна цяжкай этнічнай сітуацыі рэгіёна Сілезіі, дзе ў чэшскай яе частцы былі распаўсюджаны ляшскія гаворкі.

Ондра Лысагорскі, ён жа Эрвін Гой. Крыніца: Muzeum BeskydFrýdek–Místek,příspěvková organizace
Ондра Лысагорскі, ён жа Эрвін Гой. Крыніца: Muzeum Beskyd Frýdek–Místek

Ужо ў першым ляшскім зборніку Лысагорскага «Spiwajuco piasc» (1934) была абвешчана ідэя аб двухмільённым ляшскім народзе. Тэорыя пра існаванне асобнага народа на тэрыторыі Сілезіі выклікала амаль усеагульнае абурэнне чэшскай культурнай інтэлігенцыі, акрамя некалькіх камуністычных публіцыстаў. У гэтым жа годзе О. Лысагорскі далучыўся да групы паэтаў вакол літаратурнага крытыка, журналіста, дзеяча камуністычнай партыі Чэхаславакіі Бедржыха Вацлавека, што імкнуліся да новай пралетарскай літаратуры. Зацікаўленасць О. Лысагорскага сацыялістычнымі ідэямі абумоўлівалася меркаваннем, што з прыходам сацыялізму ў Еўропу ў ляшскага народа з’явіцца магчымасць культурнай аўтаноміі.

Тытульны разварот зборніка О. Лысагорскага «Spiwajuco piasc». Крыніца: aukro.cz
Тытульны разварот зборніка О. Лысагорскага «Spiwajuco piasc». Крыніца: aukro.cz

У 1936 годзе некалькі пісьменнікаў чэшскай Сілезіі заснавалі гурток Lašsko perspektywa («Ляшская перспектыва»), задача якога была ў стварэнні ляшскай сацыялістычнай культуры. У яго ўваходзілі празаік Ёзаф Шыноўскі, Ян Стунаўскі, Юры Ганыс і інш. Як паказалі даследчыкі, кожны з пералічаных дзеячаў у сваёй «ляшскай» творчасці хоць і арыентаваўся на літаратурную мову, створаную О. Лысагорскім, аднак у іх творах бачны гэтаксама фанетычныя, марфалагічныя і лексічныя элементы ўласных гаворак. Дзейнасць гуртка спынілася з пачаткам Другой сусветнай вайны, і пасля яе Ондра Лысагорскі застаецца адзіным аўтарам, які да канца жыцця пісаў па-ляшску.

Такім чынам, феномен літаратурнай ляшціны і яго сутнасць у пасляваенны час можна апісаць формулай «адна мова — адзін чалавек». Нягледзячы на абвінавачанні Лысагорскага ў «лінгвістычным сепаратызме», штучнасці і кабінетнасці яго моўнага праекта, на сёння даследчыкі ўсё ж лічаць ляшціну паўнавартаснай літаратурнай мовай з усімі яе прыкметамі (графіка і арфаграфія, сінтаксічныя і марфалагічныя нормы і г. д.).

Прызнанне Ондры Лысагорскага ў СССР

Нягледзячы на тое, што О. Лысагорскага лічылі мясцовым сепаратыстам у Чэхіі і Польшчы, у СССР ён меў пэўны статус, яго кнігі перакладаліся і друкаваліся. Прычым О. Лысагорскі нават меў асабістую сустрэчу з сакратаром Сталіна. Больш за тое, савецкім літаратарам быў даны загад перакласці творы ляшскага паэта на рускую мову. Перакладчыкамі твораў О. Лысагорскага, між іншым, сталі вядомыя рускія літаратары: Ганна Ахматава, Барыс Пастарнак, Марына Цвятаева, Самуіл Маршак і інш. Якраз з 1942 па 1946 гады выйшлі чатыры зборнікі вершаў ляшскага паэта ў перакладзе на рускую мову.

 Зборнік вершаў на рускай мове «Песни о солнце и земле». Крыніца: музей Якуба Коласа
 Зборнік вершаў на рускай мове «Песни о солнце и земле». Крыніца: музей Якуба Коласа

Варта адзначыць і тое, што ў час вайны ідэя ляшскага народа падтрымлівалася ў СССР. У звязку з гэтым звернемся да тэксту прадмовы выдатнага савецкага літаратуразнаўцы, перакладчыка і пісьменніка Аляксандра Дэйча на кнігу О. Лысагорскага «Pesň o matěri», што была напісана, калі апошні ўжо знаходзіўся ў Савецкім Саюзе.

Прызнаннем ідэі ляшскага народа з’яўляюцца наступныя ўрыўкі з тэксту прадмовы: «Ляшский язык — это подлинно народный язык. Это речь остравских, карвинских шахтёров, это речь селян, живущих в хатах, разбросанных по склонам Бескид. Это речь рабочих витковских металлургических заводов и фрилакских текстильных фабрик». Ці наступныя радкі, што з’яўляюцца наўпроставым сведчаннем вышэйпрыведзенага меркавання: «Таким образом — Ондра Лысогорский, сын небольшого ляшского народа, насчитывающего около полутора миллиона человек, по своему воспитанию, по широте своей гуманистической культуры с начала сознательной жизни был чужд какой-либо националистической ограниченности».

Заснавальнікам літаратурнай ляшскай мовы і першым паэтам края О. Лысагорскі названы і ў прадмове да кнігі «Песни о солнце и земле». Тыраж кніг Лысагорскага ў перакладзе на рускую мову таксама паказвае на яго прызнанне як творцы і носьбіта ідэі ляшціны. Напрыклад, тыраж кнігі «Песни о солнце и земле» склаў 10 тысяч асобнікаў, а «Песнь о матери» наогул выйшла ў колькасці 50 тысяч асобнікаў, што з’яўляецца вялікай колькасцю для паэта мікрамовы. Праўда, прызнанне Лысагорскага ў СССР хутчэй падпала пад палітычныя мэты і прапаганду яднання славянскіх народаў пад савецкім кіраўніцтвам падчас ваенных падзей Другой сусветнай вайны і паўплывала на будучы статус Лысагорскага ў пасляваеннай Чэхаславакіі: яго творы доўгі час не друкаваліся, а сам паэт быў у канфлікце з камуністычнымі чэшскімі ўладамі.

Прапагандысцкі верш Лысагорскага, прысвечаны Сталіну, у перакладзе на рускую мову. Газета «Красная звезда», № 126, 30 мая 1943 года
 Прапагандысцкі верш Лысагорскага, прысвечаны Сталіну, у перакладзе на рускую мову. Газета «Красная звезда», № 126, 30 мая 1943 года

Знаёмства Якуба Коласа і Ондры Лысагорскага

З пачаткам Другой сусветнай вайны Ондра Лысагорскі эмігруе ў Польшчу, а пасля разам з чэхаславацкім легіёнам апынаецца ў СССР, дзе 9 месяцаў праводзіць у лагеры для інтэрнаваных. З 1940 г. пачаў выкладаць чэшскую і нямецкую мовы ў Маскоўскім педагагічным універсітэце, а калі ў кастрычніку 1941 года эвакуіруецца ў Ташкент, то працуе ў мясцовым педагагічным універсітэце.

У сваю чаргу, Якуб Колас з 7 жніўня 1941 года з сям’ёй выязджае з Масквы і праз тыдзень прыязджае ў Ташкент, дзе жыве да жніўня 1943 года. Менавіта ў Ташкенце адбываецца знаёмства беларускага Песняра і заснавальніка літаратурнай ляшскай мовы О. Лысагорскага. Сведчанне гэтага знаёмства знаходзім у фондах літаратурнага музея Якуба Коласа. У асабістай бібліятэцы народнага паэта знаходзіцца кніга О. Лысагорскага ў перакладзе на рускую мову «Песни о солнце и земле» з дарчым надпісам ляшскага патрыёта беларускаму паэту:

Дорогому Якубу Коласу, на добрую память о годах в Ташкенте.
Ондра Лысогорский
Москва, октябрь 1945 г.

 Якуб Колас у Ташкенце, 1942 год. Крыніца: музей Якуба Коласа
 Якуб Колас у Ташкенце, 1942 год. Крыніца: музей Якуба Коласа

Кніга О. Лысагорскага была падаравана самім аўтарам Я. Коласу, калі апошні прыязджаў у Маскву, каб праведаць свайго малодшага сына Міхася, які ў той час навучаўся ў Маскоўскім авіяцыйным інстытуце. Яшчэ адным непасрэдным сведчаннем творчых і асабістых стасункаў Я. Коласа і О. Лысагорскага падчас жыцця ў Ташкенце з’яўляецца актыўны ўдзел паэтаў у друку літаратурных часопісаў «Ташкентский альманах» і «Залп», у якіх прысутнічаюць вершы абодвух паэтаў у перакладзе на рускую мову. Гэтыя часопісы выпускаліся на рускай мове нават падчас Другой сусветнай вайны.

Ташкенцкі альманах 1942 года, дзе публікаваліся вершы абодвух творцаў. Крыніца: retroknigi.ru
Ташкенцкі альманах 1942 года, дзе публікаваліся вершы абодвух творцаў. Крыніца: retroknigi.ru

Жыццёвыя шляхі Якуба Коласа і Ондры Лысагорскага перасякаліся не толькі ў Ташкенце, бо абодва творцы з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі Усеславянскага камітэта. З’яўленне гэтага камітэта было выклікана актыўным пошукам хаўруснікаў сталінскім Савецкім Саюзам на фоне першых ваенных няўдач у барацьбе з гітлераўскай Германіяй. Гэта імкненне ўвасобілася ў ідэі славянскага адзінства і салідарнасці.

У першым Усеславянскім мітынгу ў жніўні 1941 г. О. Лысагорскі ўдзельнічаў разам з Янкам Купалам, дзе абодва дзеячы выступалі з прамовамі. Болей за тое, Я. Купала і О. Лысагорскі сталі аднымі з 17 заснавальнікаў Усеславянскага камітэта. Праўда, гісторыкі на сёння канстатуюць, што з’яўленне Усеславянскага камітэта як арганізацыі мела часовы характар з часовымі мэтамі і было хутчэй рэакцыяй савецкай прапагандысцкай ідэалагічнай машыны, чым сапраўднай ідэяй яднання славян, панславянізмам.

У другім Усеславянскім мітынгу ўдзельнічаў ужо Я. Колас, выступаючы з прамовай у патрыятычным і змагарскім духу з прагандысцкімі матывамі тых часоў. Менавіта на другім Усеславянскім мітынгу сфармавалася структура Усеславянскага камітэта, што складалася з нацыянальных секцый, у тым ліку беларускай, якую пасля смерці Я. Купалы ўзначаліў Я. Колас і чэхаславацкай, у склад якой уваходзіў О. Лысагорскі. На гэтым мітынгу была прынята пастанова аб выданні штомесячнага часопіса «Славяне», што пачаў выпускацца з чэрвеня 1942 года, быў друкаваным органам Усеславянскага камітэта, выконваў галоўныя ідэалагічныя задачы і, па сутнасці, быў адным з рычагоў прапаганды савецкага кіраўніцтва. Матэрыялы часопіса былі накіраваны на паказ з’яднанасці славянскіх народаў у барацьбе з нямецкім агрэсарам, жахі ваенных ліхалеццяў, а літаратурныя творы мусілі ствараць атмасферу вызваленчай барацьбы супраць нямецкіх войскаў нацысцкай Германіі.

Прапагандысцкі штомесячны часопіс «Славяне» — орган Усеславянскага камітэта, які выдаваўся з 1942 па 1958 гады. Крыніца: wikipedia.org
Прапагандысцкі штомесячны часопіс «Славяне» — орган Усеславянскага камітэта, які выдаваўся з 1942 па 1958 гады. Крыніца: wikipedia.org

Удзельнікамі трэцяга Усеславянскага мітынгу, што адбыўся ў Маскве 9 мая 1943 года (сімвалічная дата!), сталі Я. Колас і О. Лысагорскі. Праўда, калі Я. Колас выступаў з прамовай на мітынгу, то О. Лысагорскі быў проста ўдзельнікам мерапрыемства, што падпісаўся з іншымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі розных славянскіх краін пад зваротам да славянскіх народаў. Да таго ж Я. Колас быў членам прэзідыума Усеславянскага камітэта, у сваю чаргу, О. Лысагорскі быў проста членам арганізацыі.

Такім чынам, можна канстатаваць, што Якуб Колас і Ондра Лысагорскі неаднаразова сустракаліся і ведалі адзін аднаго. Што цікава, прамых згадак пра ўзаемаадносіны Я. Коласа і О. Лысагорскага ў эпісталярнай спадчыне ваеннага перыяду і «Ташкенцкім дзённіку» класіка беларускай літаратуры няма.

Падабенства псеўданімаў і ідэнтычныя назвы зборнікаў

Можна знайсці пэўныя паралелі ў творчасці і псеўданімах двух творцаў, што былі звязаны з месцам нараджэння паэтаў. Канстанцін Міцкевіч карыстаўся на працягу ўсёй творчасці псеўданімам Якуб Колас, аднак у ранні перыяд творчай дзейнасці падпісваўся і шматлікімі іншымі псеўданімамі, у тым ліку і тымі, што адлюстроўвалі спецыфіку паходжання нацыянальнага паэта і яго тэрытарыяльную прыналежнасць. Нездарма ўзніклі К. Альбуцкі, К. Наднёманец, Мікалаевец ці Дзям’янаў гуз, якімі К. Міцкевіч падпісваў творы дакастрычніцкага перыяду. Эрвін Гой абраў псеўданім Ондра Лысагорскі, што паходзіць ад імя вядомага ў чэшскіх краях паўстанца супраць нямецкіх баронаў Ондраша, аднак другая частка псеўданіма таксама адлюстроўвае месца нараджэння аўтара — ваколіцы Лысай гары горнага масіва Бескідаў — і цесна звязана з ідэйным сэнсам значнай часткі твораў Э. Гоя.

Паралелі можна знайсці і ў творчасці двух нацыянальных пісьменнікаў. Цікавым супадзеннем з’яўляецца назва зборнікаў вершаў Я. Коласа ваеннага перыяду «Голас зямлі» (1942) і нізка вершаў О. Лысагорскага з ідэнтычнай назвай «Hłos hrudy» (Głos ziemi), што выйшла з пад пяра аўтара ў 1935 годзе.

Зборнік вершаў Якуба Коласа «Голас Зямлі», 1942 года. Крыніца: zviazda.by
 Зборнік вершаў Якуба Коласа «Голас Зямлі», 1942 года. Крыніца: zviazda.by

Прыведзеныя матэрыялы крыху паказалі феномен асобы Ондры Лысагорскага, чалавека, што стаў у 1970 годзе кандыдатам на Нобелеўскую прэмію, а фондавыя крыніцы дапамаглі высветліць стасункі паміж беларускім класікам і неардынарным дзеячам і творцам чэшскай Сілезіі.

Феномен Лысагорскага, што актуальны для Беларусі

Феномен О. Лысагорскага актуальны і для Беларусі, бо падобны моўны эксперымент адбыўся ў канцы 1980-х — сярэдзіне 1990-х гг. на Заходнім Палессі і быў арганізаваны маладым філолагам Міколам Шэляговічам. Адным з істотных чыннікаў у з’яўленні як ляшскай мовы, так і заходнепалескай, з’яўляецца вялікая дыстанцыя паміж мясцовымі гаворкамі і бліжэйшымі літаратурнымі мовамі (ляшскай з чэшскай і польскай, заходнепалескай адпаведна з беларускай і ўкраінскай мовамі).

Нельга выключаць і пэўны набор гістарычных прычынаў, што паспрыялі ўтварэнню двух моўных эксперыментаў у розных рэгіёнах Славіі. Утварэнне заходнепалескага (яцвяжскага) праекта М. Шэляговіча пачалося са з’яўлення культурнага згуртавання «Полісься» ў 1989 г., што прэзентавала інтарэсы Берасцейшчыны і Піншчыны. Наступным этапам у развіцці моўна-культурнага праекта стала заснаванне газеты «Збудзінне» (1990), дзе падымаліся пытанні аб аўтаноміі для заходніх палешукоў.

Сцяг заходнепалескага руху на Беларусі. Крыніца: wikipedia.org
Сцяг заходнепалескага руху на Беларусі. Крыніца: wikipedia.org

Протанацыянальная дзейнасць грамадска-культурнага згуртавання «Полісься» мела на ўвазе найперш кадыфікацыю літаратурнай мовы і пашырэнне тэкстаў на ёй, што мусіла закласці падмуркі нацыянальнай культуры.

Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org

Чытайце яшчэ:

Топ-3 смешных выпадкаў з Якубам Коласам