“Быць беларусам – што гэта значыць?” — у супольным праекце Budzma.org i TUT.by вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Сёння на пытанні анкеты адказвае Ян Бусел, арт-дырэктар клуба “Графіці”.
— Быць беларусам — што гэта значыць? Якое значэнне Вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?
— Быць беларусам — гэта значыць паважаць сваю краіну, гісторыю і людзей, з якімі ты жывеш. Быць беларусам — гэта значыць разумець, што мы — народ, які мае свае традыцыі, культуру і гісторыю, а не народнасць ці нечыя браты, сёстры, цешчы, палюбоўнікі.
— Якія ўнікальныя рысы характару і светапогляду ўласцівыя беларусам?
— Беларусам уласцівая такая рыса, як памяркоўнасць. Але часам яе зашмат. Гасціннасць — характэрная беларуская рыса. Колькі я ездзіў па Беларусі, ні разу не сутыкаўся з сітуацыяй, калі ў якой-небудзь вёсцы мне адмаўляліся дапамагчы, паказаць дарогу ці наліць вады. У цэлым жа беларусам уласцівыя добразычлівасць, адкрытасць, сціпласць.
— Назавіце тры-пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх беларус — не беларус.
— Паўстанне Каліноўскага, БНР, вызваленне ад фашысцкай акупацыі і, на жаль, Чарнобыль.
— Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?
— Я думаю, што асноўныя традыцыі беларусаў прывязаныя да рэлігійных святаў. Вялікдзень, Каляды і іншыя.
— Беларус без ведання мовы — беларус?
— Беларус павінен ведаць сваю мову. А вось ці абавязаны ён размаўляць на ёй — гэта ўжо выбар кожнага. На жаль, мы жывем у той час, калі на беларускай мове размаўляе невялікая частка грамадства. Але нашмат горш, калі чалавек, з’яўляючыся беларусам, не разумее беларускай мовы. За гэта мусіць быць сорамна. Магчыма, у хуткім часе ў нашай краіне надыдзе той дзень, калі беларусы будуць імкнуцца размаўляць на роднай мове. А яшчэ мяне радуе тое, што апошнім часам стала модна рабіць рэкламу на беларускай мове. Гэта добрая і правільная тэндэнцыя.
— Чым беларускім Вы ганарыцеся?
— Людзьмі, якія ў складаныя хвіліны гатовыя ісці на рызыку і змагацца за тое нешматлікае, што ў нас ёсць і што мы яшчэ не страцілі.
— Што робіць нас, беларусаў, адметнымі сярод суседзяў?
— Беларусы больш спакойныя, адкрытыя і працавітыя людзі. Можа, ад гэтага мы часам пакутуем. Часам трэба больш эмацыйна рэагаваць на жыццё.
— А ва ўсім свеце?
— Ва ўсім свеце мы маем рысы, уласцівыя славянскай групе народаў.
— Якой Вы бачыце будучыню Беларусі?
— Будучыня Беларусі залежыць толькі ад нас саміх. У якой краіне мы хочам жыць, у такой і будзем. Будучыня Беларусі за самімі беларусамі.