– Як ні дзіўна, асэнсаванае разуменне, што я беларус, і менавіта беларус, а не рускі, ці ўкраінец, прыйшло да мяне ў Маскве, падчас навучання ва універсітэце. Тады я сустрэў прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, перш за ўсё каларытных каўказцаў, якія, нягледзячы на маю правінцыйную ксенафобію, выклікалі цікавасць сваёй натуральнай нацыянальнай адметнасцю і ўпэўненасцю, што іх мова і культура калі не найлепшыя, то, прынамсі, самыя прыгожыя і багатыя. Пасля было знаёмства з беларускамоўнай моладдзю Масквы. Многія з гэтых людзей потым сталі маімі сябрамі. У Маскве прыйшло асэнсаванне таго, што я дагэтуль атрымаў на радзіме .
Самыя першыя ўспаміны пра беларускасць звязаныя з бабуляй, якая з маленства даносіла да мяне ў словах, прымаўках тое, што сёння я называю Беларуссю. Потым быў прадмет “Мая Радзіма – Беларусь”, які я праходзіў у пачатковай школе і які, як і ўсе, вельмі не любіў, таму што вывучаць яго даводзілася на незразумелай беларускай мове; першы канцэрт канцэрт NRM, яшчэ ў школьныя гады, і першыя кнігі Мележа і Караткевіча.
Быць беларусам для мяне – гэта перш за ўсё быць у гармоніі са сваёй краінай; быць беларусам – гэта быць грамадзянінам сваёй краіны, паважаць культуру, мову, звычаі свайго народа, ведаць гісторыю, любіць сваю краіну, менавіта краіну, а не дзяржаву.
Ян Маркаў, інжынер