8 траўня ў гарадзенскай галерэі “Крыга” ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшла сустрэча з пісьменнікам і перакладчыкам Антонам Францішкам Брылём. Сустрэчу вяла перакладчыца Ганна Янкута.
На пачатку вечарыны Антон Брыль расказаў пра гістарычную канву сваёй казачнай аповесці “Ян Ялмужна”, уступіўшы з гарадзенцамі ў дыскусію адносна правільнасці націску ў прозвішчы аднаго са сваіх герояў, Ольбрахта Гаштаўта. Потым пісьменнік зачытаў некалькі ўрыўкаў з аповесці, каб у слухачоў не склалася ўражанне, быццам аповесць уяўляе сабой даведнік па гісторыі Геранёнаў. Адразу пасля чытання слухачы мелі магчымасць задаць аўтару пытанні і скарысталіся гэтай магчымасцю напоўніцу. Антон Францішак Брыль расказаў і пра тое, як у яго гісторыі з’явіўся кухмістр Ян Ялмужна, і пра чароўны народ, што дзейнічае ў творы, і пра сувязь Гаштаўтаў з Радзівіламі і пра ролю перакладаў у сваёй творчасці. Далей Антон Францішак Брыль прачытаў асобныя вершы з кнігі “Не ўпаў жолуд”, прадставіўшы гарадзенцам таксама і сваю паэтычную творчасць.
Пасля пісьменнік прапанаваў прысутным паспрабаваць адгадаць, чаму ў словах аднаго з герояў кнігі, князя Паўла Гальшанскага, з’яўляецца Гародня: “У дзяцінстве я думаў, што ад Гальшанаў да Гародні далёка”. Прымаліся ўсе, нават самыя неверагодныя і фантастычныя версіі — за кожную версію яе аўтар атрымліваў паштоўку альбо закладку ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, — аднак правільнага адказу на пытанне (бацька Паўла Гальшанскага быў гарадзенскім намеснікам) ніхто не даў. Таму галоўны прыз конкурсу атрымала аўтарка найбольшай колькасці версіяў, спадарыня Ала Петрушкевіч.
Пасля конкурсу Ганна Янкута расказала пра выданні з бібліятэкі часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” і зачытала ўрывак з перакладу не па сезоне зімовай аповесці Чарлза Дыкенса “Калядны харал”.