401 год таму, лістападаўскім днём 1623-га раз’юшаны натоўп віцебскіх мяшчан здзейсніў жорсткую расправу над грэка-каталіцкім епіскапам Язафатам Кунцэвічам, піша Барыс Палута ў «Новым Часе». Што падштурхнула натоўп да злачынства, за якое горад быў пазбаўлены Магдэбургскага права, а з цэркваў знятыя званы?
Язафат Кунцэвіч
Язафат Кунцэвіч стаў сімвалам. Прычым як пазітыўным, так і адмоўным. Пакутнік за веру, місіянер, нябесны апякун Віцебска, кананізаваны Рымскім Папам. З аднаго боку, а з іншага — увасабленне «зла», прымусу і насаджэння Царкоўнай Уніі... Яго будуць называць ««душехватом», который, кроме обычных в Речи Посполитой убийств и пыток противников унии, еще и запрещал хоронить православных на христианских кладбищах и приказывал разрывать могилы православных, выкапывать трупы». Так прынамсі кажуць адэпты «рускага свету». Асоба Кунцэвіча, канешне, выклікае дыскусіі, найперш у рэчышчы гісторыі Царкоўнай Уніі. Для прыхільнікаў Кунцэвіч будзе пакутнікам, для праціўнікаў — насаджальнікам новага. Так ужо склалася гістарычна, што вакол асоб такога ўзроўню вельмі шмат віецца спекуляцый.
У жыцці і дзейнасці ўладыкі Язафата сапраўды шмат невядомага, разумей — дыскусійнага, яго постаць яшчэ чакае грунтоўнага непрадузятага даследавання. Але ёсць і канкрэтныя факты: 12 лістапада 1623 года віцебляне забілі епіскапа Кунцэвіча, а яго цела кінулі ў Заходнюю Дзвіну. За гэтае забойства 19 удзельнікам выступлення адсеклі галовы, каля 100 з тых, што паспелі збегчы, былі завочна прыгавораны да пакарання смерцю, а іх маёмасць была канфіскавана. Быў пакараны і горад: Віцебск быў пазбаўлены ўсіх раней нададзеных правоў самакіравання, ратуша разбураная, з цэркваў знятыя званы.
Што на самой справе адбылося у лістападзе 1623-га ў горадзе на Дзвіне? Час разблытаць гэты дэтэктыўны сюжэт.
Пралог трагедыі
Забойства Кунцэвіча — вынік рэлігійнага супрацьстаяння, якое да таго часу абвастрылася ў Полацкай епархіі. А зерне гэтага канфлікту было кінутае яшчэ ў часы Інфлянцкай вайны пасля захопу Полацка маскоўскім войскам на чале з Іванам Жахлівым. Падчас акупацыі былі зроблены адміністрацыйная змены ў царкоўных структурах: з 1563-га па 1579-ты захопленая частка епархіі падпарадкоўвалася Маскоўскай мітраполіі. Кіравалі ёй епіскапы, прызначаныя Масквой з тытулам епіскап Полацкі і Вялікалукскі. Паралельна на не захопленых Масквой землях улада царкоўная належала епіскапу, высвечанаму Кіеўскім мітрапалітам, яго ж зацвярджаў і манарх.
Віцебск сярэдзіны XVII стагоддзя
На фоне гэтага раздваення была заключана Берасцейская Царкоўная Унія, якая ў шэрагу епархій выклікала супярэчнасці. У ліку праціўнікаў Уніі аказалася полацкая паства і частка духавенства. Але канфесійная палітыка праводзілася там досыць талерантная. Яшчэ ў 1601-м кафедру полацкага епіскапа заняў 73-гадовы Гедэон Бральніцкі, які адразу 1596 годзе перайшоў з праваслаўя ва ўніяцтва, падпісаўшы акт Берасцейскай уніі. Крыніцы сведчаць аб талерантных адносінах Бральніцкага да жыцця полацкай праваслаўнай паствы, якая не прыняла ўнію.
Але канфесійная сітуацыя нагняталася. З аднаго боку, царкоўныя структуры імкнуліся хутчэй распаўсюдзіць Унію, з іншага — праваслаўных падбухторвалі не схіляцца да Уніі, у тым ліку ўплывы былі і з памежнай Маскоўскай дзяржавы.
У гэты складаны час на полацкую кафедру накіроўваюць Язафата Кунцэвіча.
Колькі слоў пра забітага
Язафат, а па-свецку — Іван нарадзіўся ў 1580-я ў збяднелай шляхецкай сям’і Кунцэвічаў. У падлеткавым узросце, неўзабаве пасля заключэння Царкоўнай Уніі, разам з бацькамі пераехаў у Вільню. Паводле сведчання біёграфаў, Іван Кунцэвіч з дзяцінства вылучаўся цягай да малітвы і містычным светапоглядам.
Малады Язафат Кунцэвіч
Кунцэвіч прыняў Унію і зрабіўся яе адданым прыхільнікам. У 1604 годзе Кіеўскі мітрапаліт Іпаці Пацей пастрыг яго ў манахі, надаў яму новае імя — Язафат, высвяціў на дыякана, пасля чаго накіраваў у Віленскі манастыр Святой Тройцы, дзе Кунцэвіч у вольны ад малітваў і набажэнства час чытаў святыя кнігі і пісаў свае, у якіх даводзіў неабходнасць аб’яднання Усходняй і Заходняй Царквы. Яго дзейнасць і талент місіянера, навука і палымяныя казанні прыцягвалі ў манастыр новых маладых паслушнікаў. Гэта заўважылі ў царкоўных колах.
У другой палове 1608 года Кунцэвіч быў высвечаны на святара і быў запрошаны ў Кіеў для дапамогі ў навяртанні праваслаўных кіеўлян да Уніі. Пасля смерці ў 1613 годзе мітрапаліта Пацея Кіеўскай мітраполіяй пачаў кіраваць Язэп Руцкі, а Язафат Кунцэвіч ад гэтага часу і да 1617-га быў архімандрытам Віленскага манастыра Святой Тройцы, які тады налічваў ужо 60 манахаў. Паводле рэкамендацыі Руцкага ў 1617 годзе Язафат быў прызначаны епіскапам віцебскім, а пасля смерці Бральніцкага ў канцы 1618-га Я. Кунцэвіч стаў полацкім архіепіскапам. У Полацкую епархію ён прыбыў з асаблівай місіяй ад мітрапаліта Руцкага — умацаваць Унію ў гэтым краі.
Язэп Руцкі
Якія адносіны былі з паствай?
Першымі крокамі Язафата Кунцэвіча на новай ніве сталася адраджэнне царкоўнага жыцця: аднаўленне храмаў, у тым ліку Полацкага Сафійскага сабору, заснаванне парафіяльных школ, упарадкаванне царкоўнага кліру.
Але ж актыўнасць новага полацкага ўладыкі выклікала неадназначную рэакцыю. 9 кастрычніка 1618-га Язафат Кунцэвіч накіраваўся ў Магілёў, аднак жыхары не дазволілі яму як пастыру нават уступіць у горад, зачынілі гарадскую браму, расставілі на вежах і на валу гарматы, скіраваныя на світу архіепіскапа. Гэты інцыдэнт стаўся прычынай судовай справы, у выніку якой завадатараў бунту як парушальнікаў спакою ў дзяржаве прысудзілі да смяротнай кары, а на Магілёў быў накладзены штраф.
Язафат Кунцэвіч у малітве
Адносіны ж з Віцебскам спачатку былі калі не прыязныя, то хіба нейтральныя. Кунцэвіч сапраўды кіраваўся патрэбамі і ўніятаў, і не прыняўшых еднасці. Нават хадайнічаў за іх перад каралём. Так, у 1619-м Жыгімонт ІІІ па просьбе Кунцэвіча дазваляе віцебскім мяшчанам абнавіць заняпалую праваслаўную Прэабражэнскую царкву, і таксама дазвалялася мець пры ёй брацтва. Далей па скарзе Кунцэвіча манарх запатрабаваў спыніць ад віцебскага ваяводы ўціск на некаторыя праваслаўныя цэрквы. Справа гэта датычылася факту непаступлення некаторым цэрквам належных ім падаткаў з каралеўскіх валасцей, перашкоды рыбаловам і ўведзенага падатку за права праходу вернікам праз замкавую браму. Кунцэвіч дамагаўся справядлівасці, нагоды да забойства пакуль не было. Але гэта пакуль...
Казанне Кунцэвіча (эскіз І. Рэпіна)
Хто сапраўдны Полацкі епіскап?
Як гэта звычайна бывае, у палітычную справу, дзе ёсць якая хісткасць, умешваюцца староннія, прадстаўнікі іншых дзяржаў. У выпадку забойства Кунцэвіча трэба шукаць след Масквы і Турцыі.
У сакавіку 1620-га на зваротным шляху з Масквы ў Кіеў прыбыў Ерусалімскі патрыярх Феафан ІІІ, які актыўна праводзіў пратурэцкую і прамаскоўскую палітыку. У імкненні «адрадзіць» Праваслаўную Царкву ў Рэчы Паспалітай, якая нікуды не знікала, а, паводле уніі, знаходзілася ў стане еднасці з Рымскай Царквой, ён незаконна высвеціў новых праваслаўных епіскапаў і паставіў іх наўзамен раней прызначаных уніяцкіх, чым абвастрыў супярэчнасці ў асяродку хрысціян Вялікага Княства Літоўскага.
Патрыярх Феафан
У прыватнасці, у абыход Кунцэвіча епіскапам Полацка быў пастаўлены Мялеці Сматрыцкі. Яго дзеянні ў Рэчы Паспалітай расцанілі як падбухторванне да мяцяжу і царкоўнага расколу. Кароль і вялікі князь Жыгімонт пісаў:
«...нехта Сматрыцкі і Барэцкі змовіліся з падданымі цэсара турэцкага, непрыяцеля веры хрысціянскай і нашага, які на панствы нашыя вайной ідзе. З нейкім пастырам, нібы патрыярхам ерусалімскім, на шпегі да панстваў нашых ад цэсара турэцкага дасланым, наважыліся без дазволу і ведама нашага прысвячэнні браць — адзін на мітраполію Кіеўскую, а іншы — на архібіскупства Полацкае, ігнаруючы тых, хто прылажэнствы гэтыя духоўныя здаўна з пападання нашага спараднага на сябе носяць і добрае здароўе маюць».
Пра што тут гаворка? Варта на гэтую справу паглядзець з пазіцый законаў. Справа ў тым, што духоўная асоба, высвечаная ў сан мітрапаліта, епіскапа ці архіепіскапу, павінна была атрымаць прывілей вялікага князя. Сматрыцкі такога прывілея на Полацкую кафедру не меў, што не скажаш пра Кунцэвіча.
Мялеці Сматрыцкі
Сітуацыя абвастраецца...
Аднак прапаганда і дзеянні Сматрыцкага прынеслі свой плён, і вуголле ўпала на салому. Асабліва ў Віцебску. Пасланцы Сматрыцкага падбухторылі насельніцтва да непаслушэнства законнаму архіепіскапу, разыгрываючы канфесійную карту. Маўляў, Кунцэвіч — лацінянін, а Сматрыцкі свой жа, праваслаўны.
Старадаўні Віцебск
Кінутае зерне нянавісці дало плён. Калі Кунцэвіч уступіў у валоданне віцебскімі цэрквамі, то заняўся іх абсталяваннем: загадаў іх падмесці, пачысціць абразы, наладзіць хоры і адкідныя сядзенні. Але праваслаўныя ў адказ на гэта сказалі, што нельга з царквы нічога выкідаць, нават пыл. На падставе гэтага яны абвясцілі, што Я. Кунцэвіч прытрымліваецца лацінскай веры і перарабляе цэрквы на лацінскі ўзор.
Пагоршылася сітуацыя ў сакавіку 1621-га, калі ў Віцебск прыйшоў ліст Сматрыцкага. Тады жыхары горада цалкам перасталі падпарадкоўвацца Язафату Кунцэвічу.
У дзень Дабравешчання віцебскія праваслаўныя на чале з бурмістрам Сымонам Нешам не пусцілі працэсію ўніяцкіх святароў з Прачысценскага сабору ў царкву Дабравешчання. У Дабравешчанскай царкве ў дзень Спаса праваслаўныя зноў «тумульт учинили», званілі ў званы, проста ў царкве збілі святара, служку, а потым гналіся за самім архіепіскапам. У дзень Пяцідзясятніцы вялікі натоўп праваслаўных спыніў арганізаваную Кунцэвічам урачыстую працэсію, што накіроўвалася да царквы Св. Духа, і прымусіў яе вярнуцца. 20 лютага 1622 каля сотні жыхароў Віцебска абкружылі царкву Дабравешчання, перашкаджаючы адпраўленню архібіскупам набажэнства, «крик, волане великое учинили», «словы неучтивыми лаяли, соромотили» ўніяцкае духавенства, а пасля службы напалі на архідыякана і чэлядзь архіепіскапа.
Набліжаўся крывавы лістапад 1623-га...
Што адбылося 12 лістапада 1623-га?
Канешне, улады бачылі, што адбываецца ў горадзе, і ведалі людзей, якія стаялі на чале падбухторшчыкаў. Віцебскі ваявода, жадаючы папярэдзіць сумяціцы і змовы, паслаў да найбольш актыўных праціўнікаў уніі падваяводу з папярэджаннем, каб наперад не ўсчынялі рокашаў супраць кіраўніцтва і айца ўладыкі, захоўвалі спакой у дачыненні з ім. Быў прызначаны і заручны штраф на кожнага вінаватага па 1000 грошаў. Не дапамагло...
Тагачасны Віцебск (рэканструкцыя П. Татарнікава)
Кульмінацыя канфлікту настала 12 лістапада 1623-га. Гарадскія саноўнікі разам з памагатымі — земскім пісарам Ільвом Гурком, гараднічым Міколам Васілевічам, Іванам Кісялём, братамі Нашкоўскімі, Іванам Катовічам у змове і пагадненні з магілёўскімі і віленскімі мяшчанамі, а таксама тысячным натоўпам віцяблян рынуліся ў дом епіскапа. Адразу пасля ютрані ратушны і ўсе царкоўныя званы далі ў набат. Гэта быў знак для раз’юшанага натоўпу...
Успенская гара і Успенскі сабор у Віцебску (месца падзей 12 лістапада)
Сваім забойцам Язафат Кунцэвіч выйшаў насустрач са словамі: «Дзеці мае, чаму вы напалі на мой дом?». Людзей было ўжо не спыніць. Разламаўшы браму і паркан, пагромшчыкі тую частку дома, дзе знаходзіўся епіскап, абклалі саломай і пачалі паліць. Урэшце, гвалтам уварваліся ў дом пастыра, двума ўдарамі бердыша рассеклі Кунцэвічу галаву, здзекаваліся з трупа, цягнулі яго за ногі па двары, паздзіралі шаты, білі нябожчыка нагамі па твары. Знявечыўшы цела, узялі яго за ногі і скінулі з крутой гары. Потым забойцы паклалі труп у човен і, прывязаўшы да шыі і ног камяні, павезлі ўверх па Дзвіне і там утапілі...
Забойства Кунцэвіча
Дом епіскапа быў разрабаваны, слугі моцна збітыя, маёмасць пакрадзеная.
Пакутніцкая смерць Кунцэвіча (мастак Зімлер)
Крыху пра наступствы
Потым былі следства і суд. Да моманту прыбыцця ў Віцебск следчай камісіі большая частка ўдзельнікаў расправы збегла з горада, да суда прыцягнулі 19 чалавек. Многія сведкі паказвалі на тое, што праваслаўныя ладзілі замахі на жыццё Кунцэвіча і забілі яго толькі праз нянавісць і «распалены запал» супраць каталіцкай веры, уніі грэцкай царквы з рымскім касцёлам і падпарадкавання апостальскай сталіцы і Рымскаму Папу. Каралеўскія камісары, што праводзілі расследаванне забойства Кунцэвіча, прызналі праўдзівымі паказанні сведкаў пра тое, што Язафат Кунцэвіч быў забіты бязвінна, і што забойцы не мелі аніякіх падстаў для такога жорсткага злачынства.
Вінаватых пакалі смерцю, Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права.
Язафат Кунцэвіч (абразок)
***
Міне час. Віцебск зноў атрымае свае прывілеі, але і Царкоўная Унія ў горадзе таксама замацуецца. У маі 1643 года Полацкі епіскап Язафат Кунцэвіч будзе залічаны Папам Урбанам VIII да спісу мясцовых у Вялікім Княстве Літоўскім святых, а ў чэрвені 1867-га Папа Пій IX абвесціць яго святым для ўсёй Каталіцкай Царквы. Папа Рымскі Ян Павел II назаве Язафата Кунцэвіча «Апосталам еднасці». Але для яго праціўнікаў ён застанецца ўвасабленнем зла. Напэўна, жорсткага забойства праціўнікам аказалася мала і праз 400 год...
Глядзіце яшчэ: