Што нам дзяліць са сваімі братамі
Мы і яны, тыя самыя мары
І шчасце ёсць адное на ўсіх
Але ў нас ланцугі, мы забылі на іх …
Арыгінальная формула Еўропа + /Беларусь – – гэта назва кампазіцыі смалявіцкага hardcore гурта «Акропаль». Яе гурт неаднаразова выкарыстоўваў у якасці сваёй візытоўкі падчас адбораў на фестывалі Басовішча, Be Free і інш. Прываблівае трэк не толькі тэматыкай, але і тым, што ён складаецца з двух самастойных частак, кантрастных па характару і па танальнасці выканання. Мы запрашаем паслухаць рок-паэму «Еўропа + /Беларусь –» РАЗАМ на сайце http://generation.by/mp3/akropal-europabelarus.mp3
Трэк «Еўропа + /Беларусь –» уваходзіць у праграму «Дзе вы згубілі мяне?». Гэтая праграма цалкам запісана па-беларуску. Па словах аднаго з удзельнікаў гурту – Анатоля, пераход на беларускамоўную творчасьць быў цалкам асэнсаваны: «Калі ты на самой справе жадаеш нешта данесьці да людзей, лічыш сябе грамадзянінам гэтай краіны, часткай гэтай культуры, гісторыі, ты павінен заставацца гэтай часткай. Гэта наша сумленьне. Калі ствараўся калектыў, ён наогул жадаў экспэрымэнтаў. Самае галоўнае для нас было не рабіць таго, што было раней. Кожная наша праграма ня мусіць паўтараць папярэднія. Першыя праграмы былі маштабнымі й камэрнымі, але ж гэтая музыка не разьлічаная на шырокае кола слухачоў. Зараз мы крыху зьмянілі свой накірунак і бачым, як нас успрымае публіка. На фэстывалі ў Расеі нас, да прыкладу, успрымалі вельмі добра. Народу было цікава ня толькі тое, што мы прыехалі зь Беларусі, але й тое, што мы сьпявалі па-беларуску. Такога я ня бачыў, каб расіяне сьпявалі разам з намі на беларускай мове. Гэта было вельмі прыемна»
Гурт «Акропаль» з’явіўся ў 2001 годзе у горадзе Смалявічы, удзельнічаў у канцэртах у Жодзіна, Барысаве, Горках, Крэве, Менску і ў Сягежы (Расія). На ліку ў музыкаў тры праграмы: «Фабрыка мяккіх цацак», «У двух кроках ад жыцця» і «Дзе вы згубілі мяне?». Паслухаць музыку гурта «Акропаль» можна тут – http://akropal.ucoz.net/load/