І ў гэтым годзе Белаазёрск гасцінна сустракаў усіх, хто 20 верасня прыехаў святкаваць “Бабіна лета з Нінай Мацяш”. На Мацяшынскіх чытаннях сярод шматлікай публікі была шырока прадстаўлена сябрына паэткі. Мінскую дэлегацыю ад Саюза беларускіх пісьменнікаў прадстаўлялі першы намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч і намеснік Старшыні арганізацыі Усевалад Сцебурака, паэты Анатоль Вярцінскі, Раіса Баравікова, Алесь Камоцкі і Віка Трэнас. З боку Берасцейскай філіі СБП на мерапрыемствах прысутнічалі Мікола Аляхновіч, Леанід Валасюк, Валянціна Осіпава, Васіль Бэбіш, Яўген Бяласін і Сяргей Амяльчук. Пісьменнікі ўсклалі кветкі да магілы Ніны Мацяш і ўзялі ўдзел у памінальным маленні, што прайшло ў Белаазёрскім храме. Перад пачаткам святочнага мерапрыемства, якое адбылося ў малай зале мясцовага Палаца культуры, берасцейскія літаратары ў рамках кампаніі “Будзьма беларусамі!” правялі творчую сустрэчу с навучэнцамі Белаазёрскай гімназіі. Пісьменнікі пазнаёмілі гімназістаў са сваімі вершамі, падзяліліся цікавымі ўспамінамі пра Ніну Мацяш, адзначылі яе ўклад у беларускую і міравую літаратуру. Валянціна Осіпава правяла сярод вучняў гімназіі віктарыну, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і найбольш актыўным удзельнікам творчай імпрэзы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” уручыла памятныя сувеніры, паштоўкі і часопісы на беларускай мове.
Ніна Мацяш
Недзе ўзважваецца наш унёсак
у Жыццё ў зямной гэтай юдолi.
Цi адхмарацца калi нябёсы?
Цi нап’ецца сэрца шчасця ўволю?
Будзем помнiць: ледавiк сыходзiць.
Будзем помнiць: i патоп мiнае.
Хоць, здаецца, сiлы на зыходзе,
Крык душы ў пустынi прападае…
Але сiл даецца роўна столькi,
Колькi трэба, каб стрываць пакуту.
Ветрам хiлiцца да голькi голька,
Кожны лiсцiк хоча быць пачутым…