У межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» гурт «Верасень» даў канцэрт у старажытным Навагрудку. Сваімі ўражаннямі ад канцэрту вакалістка гурта Вольга Акуліч падзялілася ў сваім livejournal.
“Сёння выступалі ў Навагрудку ў доме-музеі Міцкевіча. Не першы раз я ў Навагрудку (здымала там праграмы, у тым ліку з палётам на паветраным шары), не першы раз і выступаем акустычна гуртом (былі летам у краязнаўчым музеі і ў Любчанскім замку). Гэтым разам — самым мінімалістычным складам (я і наш гітарыст Арцём; для яго гэта быў першы візіт у Навагрудак). Зала музея Міцкевіча — невялікая і вельмі ўтульная.
Хатняя і прыемная атмасфера. Розыгрыш падарункаў ад “Будзьма беларусамі!” — прыемны момант на канцэрце. Вось жа, не чакалі — а раптам атрымалі торбачку або паштовачкі. Мне вельмі спадабалася публіка. Нездарма горад — старажытная сталіца, моладзь вылучаецца нейкай інтэлігентнасцю і шляхетнасцю. Ну і само месца вельмі атмасфернае.
Па заканчэнні канцэрту завіталі да Наваградскага замка. Нават “Дарагое Міразданіе” (тм) на час выключыла дожджык і дало нам прайсціся па наваколлі. Тут нядаўна рабіліся раскопкі, і, як нам расказаў супрацоўнік краязнаўчага музея, па іх выніках атрымліваецца, што замак выглядаў зусім не так, як раней меркавалі навукоўцы. А ўлетку тут будзе студэнцкі летнік і працяг раскопаў. А мо і ў Любчы атрымаецца зрабіць музычны фэст. Калі так, то было б здорава там выступіць яшчэ раз — ужо не ў “мінімальным”, а ў поўным складзе. Карацей, ёсць гарады, куды прыемна вяртацца яшчэ і яшчэ. І Навагрудак — менавіта такі”.