28 кастрычнiка ў межах кампанii “Пяцiсотгоднасць” адбылася творчая сустрэча з Настай Кудасавай у музеi-сядзiбе “Пружанскi палацык”. Удзел у iмпрэзе ўзяў таксама вядомы беларускi лiтаратар Iлля Сiн, якi прадставiў наведвальнiкам рагачоўскую паэтку, а таксама прачытаў падчас сустрэчы некалькi ўрыўкаў са сваёй будучай кнiгi.
Нягледзячы на дажджлiвае неспрыяльнае надвор’е, гасцiнная заля палацыку была поўнай. На сустрэчу прыйшлi цiкаўныя слухачы самых розных пакаленняў – ад школьнiкаў да пенсiянераў.
Напачатку выступоўцы распавялi прысутным пра сэнс i мэты кампанii «Пяцiсотгоднасць», падарылi музею памятныя плакаты.
Далей адбывалася прэзентацыя новай кнiгi Насты Кудасавай «Маё невымаўля». Публiка з захапленнем слухала вершы ў аўтарскiм выкананнi, актыўна задавала паэтэсе пытаннi пра ейны асабiсты i творчы лёс.
Канец iмпрэзы адзначыўся цёплым экспромтам – слухачы самi вызвалiся паўдзельнiчаць у прэзентацыi i пачытаць для ўсiх вершы Насты.
Завершыўся вечар памятнымi падарункамi для пружанцаў ад кампанii “Будзьма беларусамі!” i раздачай аўтографаў.